Выбрать главу

Сон нарэшце змарыў.

Частка 4

— Сыну, уставай!

Віцька ўжо не спаў, чакаў гэтага голасу маці. Яны спрабавалі былі дамовіцца, што ў час канікулаў Віцька будзе спаць столькі, колькі захоча, але маці не ўступіла:

– І не сорамна табе будзе валяцца ў ложку да абеду, калі лета на двары? І потым, сыну, ёсць жа і ў цябе справы.

— Няхай Жэнька дапамагае!

Жэнька, сястра-аднагодка, умомант узвілася:

— Лайдак, у мяне і так спраў па горла! Будзеш сам сабе і абед гатаваць, і ў хаце прыбіраць, і…

– І валасы табе круціць. Разам з вушамі.

— Пакруціш, глядзі, каб табе нос не накруцілі, каб не соваў яго не ў свае справы.

— Дзеці, дзеці! — прыкрыкнула маці, умомант з вясковай жанчыны стаўшы школьным завучам Аленай Адамаўнай. — Не сорамна? Жэнька, ты ж разумнейшая, уступі… А ты, рыцар, мог бы не заядацца з дзяўчынай.

— Якая яна дзяўчына? — хмыкнуў Віцька. — Сукенку ні разу не апранула.

— Мая справа, — агрызнулася Жэнька.

— А Божа, — пляснула маці далонямі. — І трэба было вам разам нарадзіцца…

Віцька і Жэнька — двайняты. Разам іх маці вынасіла і нарадзіла. Як смяецца бацька, прырода нешта наблытала: Жэньцы трэба было быць хлопцам. Год да дванаццаці яна ні на крок ад Віцькі не адыходзіла: і апраналася, як хлапчук, і валасы загадвала коратка падстрыгаць. Як і Віцька, яна заўсёды была ў драпінах, мурзатая і з лялькамі ніколі не гуляла. З трох год яе нельга было прымусіць апрануць сукенку, апраналі сілай — у садку сама здымала ці запіхвала падол у калготы. І ўвогуле, палец ёй у рот не кладзі, вострая на язык.

Праз месяц Віцьку і Жэньцы будзе па чатырнаццаць, і неяк яны менш сталі сябраваць, менш былі разам. У Жэнькі свае сакрэты з’явіліся, ды і знешне яе ўжо за хлапчука не прымеш — вунь як прыкметна невялікія грудзі тапыраць тканіну майкі…

Маці сядзела за сталом, піла чай, Жэнька расстаўляла талеркі — сабе і Віцьку. Падпяразаная невялікім стракатым фартушком, у жоўтай майцы з кароткімі рукавамі і вялікімі выразамі на спіне і грудзях, з каротка падстрыжанымі валасамі, невялічкімі залатымі кропкамі завушніц у вушах. Такая яна была ўся дзелавая, сур’ёзная, што Віцька не стрываў, плюхнуўся за стол на канапу, працягнуў гулліва:

— Афіцыянт! Шампанскаго!

Жэнька зрэагавала нечакана — схапіла яго за вуха і пацягнула ўверх без усялякіх жартачкаў.

— Рукі памыйце, ваша вялікасць.

— Ах ты! — Віцька падскочыў, але Жэнька была ўжо ў некалькіх кроках.

— Я табе пакажу «афіцыянта»! У абед сам сабе наліваць будзеш.

— Дзеці! Жэнька! Віцька! — маці пляснула па стале. — Ну хоць кропля сумлення ў вас ёсць? Не псуйце мне настрой перад працай.

— А чаго яна… — вінавата буркнуў Віцька, вылез з-за стала, пайшоў мыцца.

Хутчэй бы ў маці водпуск пачаўся. Месяц яшчэ ёй трэба ў школе сядзець. Экзамены, тое-сёе…

Маці пайшла, Жэнька паспела паесці і была ўжо ў палісадніку — корпалася ў сваіх руках. Віцька даядаў макароны з яешняй, калі Жэнька зайшла з трыма зрэзанымі ружамі.

— Вось жа чорт! Не здагадалася адразу зрэзаць, — пашкадавала яна, зняла крыштальную вазу з тэлевізара. Наліла ў яе вады і паставіла на сярэдзіну стала ўжо з вадой і ружамі. — Уяўляеш, як бы прыемна было маме: пі сабе чай і глядзі на такую прыгажосць…

— З вечара трэба было, — незласліва упікнуў Віцька сястру, сам залюбаваўся кветкамі: густы, насычаны барвовы колер, кропелькі вады на паўраскрытых бутонах, пяшчотныя пялёсткі.

— Нічога, затое я ім сёння рамантычную вячэру зраблю, — падміргнула ружам Жэнька.

Ім — значыць маці і бацьку. Бацькі ўжо з пяці гадзін раніцы няма — працуе. Ён таксама настаўнік, вядзе ўрокі малявання, чарчэння, працы, але ўжо трэці год запар, як толькі пачынаецца яго летні водпуск, ён садзіцца за руль трактара, а потым — камбайна. Механізатараў на вёсцы не хапае.

— Так, пойдзеш у магазін па хлеб, то купіш пячэння… не, лепш маргарын, — стала пералічваць Жэнька. — Сама напяку пячэння. Яшчэ смятаны возьмеш, цукру, а то мала засталося і… а, бяры каву! Яны ж пашкадуюць грошай… Потым табе — бацвіння парсюкам наламаць і пасекчы.

— А што сёння за свята?

— Свята! Я вось захацела, каб было свята! І будзе! — Жэнька прытопнула нагой. — Дарэчы, учора, пакуль ты на выгане ў футбол ганяў, прыехаў Зойчын Сяргей.

— Той, інтэрнацкі?

— Ага, той. Зноў ён табе ўсю рыбалку сапсуе, — падкалупнула брата Жэнька.

— Я яму на гэты раз не сцярплю! Дзякуй, — гэта ён сказаў Жэньцы за снеданне, выйшаў з-за стала, выцер рот ручніком. — Калі яму ў мінулым годзе ўдавалася, то ў гэтым не атрымаецца.