Студэнты забралі хлопчыка з сабой і падарылі яму прыгожую скрыначку з рознымі фарбамі. Яны абяцалі яго вучыць і ў горад забраць, кажучы пры гэтым, што з яго выйдзе вялікі чалавек.
Бясконца радасны вярнуўся Сцяпанка дахаты. Увесь час думаў, якая можа быць карысць ад «вялікага чалавека». І ўспомніў ён, што ў вёсцы ў іх быў калісьці вельмі вялікі чалавек, вышэй ростам ад усіх у вёсцы, рыбалоў Міхась. Але той быў яшчэ большы п'яніца і задзёра, і ніхто яго не любіў.
Не спадабалася Сцяпанку быць «вялікім чалавекам» — доля Міхася-рыбалова яго не вабіла.
— Лепей буду маленькім, — думаў ён, — але каб паехаць у горад вучыцца.
Вярнуўся хлопчык дахаты, і маці ў яго спыталася, што панічы яму гаварылі.
Сцяпанка спачатку саромеўся, а потым сказаў:
— Я буду некалі вялікім чалавекам!
— Эх, эх! — засмяялася Мікіціха. — Навіну казалі разумнікі канапляныя! А я табе кажу, што калі будзеш займацца цацкамі, дык не дарасцеш да вялікага чалавека і не будзеш гаспадаром, бо з голаду памрэш! А пакуль што ідзі есці, мой «вялікі чалавек», бо ўжо другі дзень, як не бачыла — ці еў ты што-колечы…
А ці будзе некалі Сцяпанка вялікім чалавекам, ці заззяе над ім зорка светлая — не ведаем. Гэта залежыць ад таго, як далейшы лёс яго жыцця пакіруецца.