Іван НАВУМЕНКА
ВЕРАНІКА
Наш дзесяты клас быў гераічны. Нас у класе было шаснаццаць хлопцаў, і амаль усе мы марылі пра подзвігі. Чатырнаццаць з шаснаццаці збіраліся паступаць толькі ў ваенныя вучылішчы. Астатніх дваіх — Федзю Пячкура і Валерыя Самасада, якія разлічвалі трапіць у «цывільныя» інстытуты, мы за вочы называлі дэзерцірамі. Адносна Федзі думкі, праўда, крыху разыходзіліся. Федзяў бацька, стрэлачнік, сагітаваў сына прабівацца ў чыгуначны інстытут. Ён даказваў што інжынер-чыгуначнік — самая лепшая прафесія на свеце. Федзя, які жыў ля самай чыгункі і іншы раз дапамагаў бацьку чысціць стрэлкі, пагаджаўся з гэтым, за што мы і лічылі яго адступнікам, бо яшчэ год назад Федзя таксама стаяў за ваеннае вучылішча. Усё ж Федзі рабілася сякая-такая скідка. У ваенны час чыгуначнікам таксама прыходзіцца нялёгка, гэта мы добра ведалі.
Валерыю Самасаду скідкі не рабілася ніякай. Ён збіраўся паступаць на біялагічны факультэт, лавіў матылькоў, засушваў усялякую траву, і таму ў нашых вачах ён быў страчаны для арміі чалавек. Валерый і сам не таіў сваіх чыста цывільных намераў. Ён ніколі не купляў часопіса «Огонёк», дзе штотыдзень друкаваліся агляды з еўрапейскага, афрыканскага і азіяцкага тэатраў ваенных дзеянняў, не цікавіўся ваеннай справай і нават не здаў нормы на значок «Юны варашылаўскі стралок». Валерый мог цэлую гадзіну расказваць пра якога-небудзь жука-вадзяніка, якога ён злавіў сачком у сажалцы, і мы на Валерыя хутка махнулі рукой: «Сачок!».
Усе ж астатнія цвёрда наважылі прысвяціць сябе вайсковай справе. Былі ў нас свае авіятары, артылерысты, маракі, агульнавайсковыя камандзіры, нават ваенны ўрач і інтэндант. Падрыхтоўка да паступлення ў ваенныя вучылішчы ішла адпаведна намі ж распрацаванай сістэме. Кожны з нас раніцай абліваўся халоднай вадой і ўсялякім спосабам развіваў сваю мускулатуру. Найбольшых поспехаў у гэтым дамогся Слава Загароўскі. Калі ён у локці згінаў руку, яго мускулы станавіліся цвёрдымі, як камень. На турніку Слава падцягваўся чатырнаццаць разоў і на адной праван руцэ — пяць разоў. Ён далей за усіх кідаў гранату, хутчэй за усіх бегаў. Пад вадой Слава мог трымацца цэлых сто сем секунд.
Аднойчы, яшчэ ў час канікулаў, мы рашылі праверыць сваю вытрымку на голад. Слава нічога не еў чатыры дні. Ён піў толькі ваду. Усе астатнія вытрымалі без яды па два дні. Толькі Грыша Селязень пражыў без харчу ўсяго адзін дзень. Пад вечар ён не выцерпеў і наеўся. Расказвалі, што Грыша ўвабраў усё тое, чаго не з’еў за дзень галадоўкі.
Калі гаварыць пра Грышу, то мы не былі ўпэўнены, што яго прымуць у ваеннае вучылішча. Ростам ён быў ніжэй за ўсіх, на турніку падцягваўся ўсяго два разы, ды і то яго туды падсаджвалі. Любая дзяўчына магла кінуць гранату далей за Грышу. I ўсё-такі Грыша Селязень не адступаў ад свайго намеру трапіць у ваеннае вучылішча. Ён шэсць разоў узапар праглядзеў кінокарціну «Если завтра война», лепш за другіх ведаў воінскія знакі на пятліцах і рукавах, вывучыў напамяць біяграфію Аляксандра Суворава.
Тады мы параілі Грышу паступаць у інтэнданцкае вучылішча. Нельга было ўсё ж адмаўляць яго вайсковых заслуг. А што датычыць фізічнай загартоўкі, то для інтэндантаў яна не так ужо і патрэбна. Сядзі сабе на складзе і лічы патроны. Грыша згадзіўся стаць інтэндантам. Ён ірваўся ў войска і таму не адмаўляўся ні ад якой службы.
Адным словам, наш дзесяты клас, калі гаварыць аб яго мужчынскай частцы, быў амаль цалкам гераічны. Усе мы, хто рыхтаваўся ў ваенныя вучылішчы, здалі нормы на чатыры абаронныя значкі: ГПА, ГАС, ППХА, ЮВС, не прапускалі ніводнага ваеннага фільма і прагна чыталі ўсё, што паведамлялася пра баі на еўрапейскім кантыненце, у Лівійскай пустыні і на прасторах вялікага Кітая.
Наша захапленне вайсковай справай было невыпадковае. Мы цвёрда ведалі, што калі-небудзь капіталісты нападуць на нас, бо яны ж не хочуць перамогі сусветнай рэволюцыі. I нашы хлопцы рыхтаваліся да абароны.
Вядома, была і другая прычына, чаму мы проста не маглі жыць без подзвігаў. Амаль кожны з нас падаў заяву на атрыманне пашпарта, і нас вось-вось павінны былі занесці ў спіскі для галасавання. Усе нашы хлопцы без выключэння завялі сабе прычоскі. Мы адпрасоўвалі сабе штаны і пільна сачылі за тым, каб была роўная складка. Мы іншы раз парушалі рэжым школьніка і пасля кіносеанса аставаліся на танцы. Нас пачыналі хваляваць зорныя майскія вечары, прыцішаны шэпт на лавачках у скверыку і задуменныя пералівы гармоніка дзе-небудзь на ціхай вуліцы. Вось чаму нам больш за якую-небудзь другую падабалася песня «Любімы горад». У ёй спявалася пра вялікія подзвігі, аб якіх мы марылі, і пра вялікае каханне, якога мы чакалі, як узнагароды за гэтыя подзвігі.