Выбрать главу

Што ж датычыць кахання, то ў нашым дзесятым класе па-сапраўднаму закаханы быў толькі Слава Загароўскі. Пра гэта ведалі не толькі вучні, але, мабыць, і настаўнікі. Толькі сам Слава ніколі не раскрываў свой сакрэт. Ён быў горды і зацяты, гэты Слава, і хлопцы ніколі да яго не прыставалі з роспытамі.

Яшчэ калі мы вучыліся ў дзевятым класе, да нас прышла новая вучаніца — Вераніка Хмялеўская. Бацьку яе, палкоўніка, паранілі на фінскай вайне, і ён прыехаў жыць у нашу ціхую Малінаўку. Вераніка была вельмі прыгожая. Такая прыгожая дзяўчына яшчэ не вучылася ў нашай школе. На яе можна было глядзець, не адрываючы вачэй, усе шэсць урокаў. Вераніка прыгожа хадзіла, прыгожа сядзела за партай, прыгожа размаўляла. У яе ўсё было прыгожым: чарнявы твар, пастава, сінія вочы, доўгая каса, смех — усё тое, што дадзена чалавеку ад нараджэння і чаго не купіш ні за якія грошы.

Калі гэта можна назваць закаханасцю, то ўсе нашы хлопцы не былі роўнадушныя да Веранікі. На перапынках мы дурэлі, бораліся, мераліся сілай. I ўсё гэта рабілі, мабыць, толькі для таго, каб звярнуць на сябе ўвагу Веранікі. Нават Валерый Самасад аднойчы цэлы дзень нешта даводзіў Вераніцы пра райскую птушку, якая жыве ў далёкай Інданэзіі. Але дзяўчына не выказвала ні да каго асаблівай прыхільнасці, Яна размаўляла з усімі аднолькава: ветліва, прыязна, і болей нічога.

Зусім іншае хутка адчуў клас у адносінах Веранікі да Славы Загароўскага. Гэтых адносін мы доўга не маглі разгадаць. Слава ні ў чым не ўступаў Вераніцы. Яму прырода таксама не пашкадавала ні прыгажосці, ні розуму, ні сілы. Ён законна лічыўся адным з першым у класе.

Нашы хлопцы не сумняваліся: любая дзяўчына з дзесятага класа дазволіла б сябе праводзіць дадому, каб з ёй пайшоў Слава. Да прыходу Веранікі самай прыгожай у класе лічылася Ліда Шашолка. Калі яшчэ ў дзевятым класе быў новагодні баль-маскарад, яна, адзеўшы маску цыганкі, цэлы вечар хадзіла ўслед за Славай і набівалася яму паваражыць. Ліда ў той вечар танцавала толькі з ім. Пасля хлопцы цішком перадавалі адзін аднаму атрыманыя ад дзяўчат звесткі, што Ліда нібыта прызначала Славе спатканне і што ён ад гэтага спаткання адмовіўся. Ліда нам не вельмі падабалася. Залішне ўжо яна задзірала нос. Таму на яе прыгажосць ніхто не звяртаў увагі. Мы былі задаволены Славай, што ён не захацеў сябраваць з гэтай ганарыстай Лідай.

I вось прышла к нам Вераніка. Была ўжо апошняя чвэрць навучальнага года. Вераніка паявілася ў класе ў той дзень, калі мы павінны былі рашыць кантрольную па геаметрыі з прымяненнем трыганаметрыі. Задачы абяцалі нам цяжкія. На іх рашэнне адвялі цэлых два ўрокі. Нам было не да Веранікі ў гэты дзень.

Але іменна тады клас і зразумеў, што за дзяўчына прышла да нас. Калі настаўнік раздаваў нам праштампаваную паперу на чарнавікі і чыставікі, ён у нерашучасці спыніўся перад задняй партай, за якую села новенькая дзевяцікласніца.

— Вы ж прапусцілі цэлых два тыдні, — сказаў настаўнік. — Можаце цяпер не пісаць. У нас будзе яшчэ адна кантрольная ў самым канцы чвэрці.

Вераніка ўзяла лісткі, нічога не адказаўшы.

У той дзень мы не звярталі ўвагі на новенькую. Хапала нам клопатаў і без яе. Вераніка напомніла дзевятаму класу аб сваім існаванні сама. Празвінеў званок з першага ўрока, але ніхто не падымаў галавы ад сваіх лісткоў. Задачы настаўнік сапраўды даў цяжкія. I вось у гэты момант з-за сваёй задняй парты паднялася Вераніка і падышла да стала. Яна паклала перад настаўнікам рашэнне, перапісанае начыста. Клас застыў у нямым чаканні. Настаўнік таксама не ведаў, што рабіць.

— Вы пасядзіце, — сказаў ён. — Я зараз праверу.

Вераніка пайшла на сваю заднюю парту. Клас нічога не рабіў. Усе пазіралі на настаўніка і чакалі, што ён скажа.

— Правільна, — узрадавана прамовіў нарэшце настаўнік. — Усё правільна. Цяпер я за вас не баюся.

Слава Загароўскі, які сядзеў на першай парце, моцна пачырванеў. Яшчэ не было выпадку, каб ён першы не рашыў задачы ці не напісаў укладання. Цяпер жа яго абагналі. I абагналі не тыя, з кім ён усё-такі мераўся сілай, а нейкая дзяўчынка, якую дагэтуль ніхто не ведаў.

У класе ў той дзень гаварылі толькі пра Вераніку. На ўроках хлопцы непрыкметна кідалі позіркі на заднюю парту, дзе сядзела новенькая. Выказваліся розныя здагадкі і меркаванні, якія, аднак, яшчэ болей заблытвалі справу. Нехта сказаў, што Вераніка другагодніца і таму так хутка рашыла задачу. Гэтая здагадка была абвергнута самімі дзяўчатамі. Яны ўжо ведалі пэўна, што Вераніка ніякая не другагодніца. Было выказана меркаванне, што Вераніка так добра ведае матэматыку таму, што вучылася ў ленінградскай школе. Ленінград — гэта ж не Малінаўка. Там і настаўнікі лепшыя, і патрабаванні большыя. Але і гэтая думка пераважнай большасцю галасоў была адхілена. Мы ведалі, што наша школа не благая, бо ўсе, хто ездзіў паступаць у ленінградскія і маскоўскія інстытуты ці вучылішчы, яшчэ не правальваліся на экзаменах.