Выбрать главу

Найбольш верагоднае меркаванне выказаў Грыша Селязень. Ён заўсёды аб усім самым важным даведваўся першы. Пасля грышавага паведамлення справа нібыта стала яснай, мы пранікліся яшчэ большай павагай да Веранікі.

— Бацька Веранікі палкоўнік, артылерыст,— дакладваў Грыша.— А ў артылерыі без матэматыкі ні кроку, гэта ж ясна. Вось ён і займаецца з дачкою матэматыкай.

Сапраўды, з Грышай можна было згадзіцца. Але мінуў тыдзень і прышлося адкінуць гэтую апошнюю здагадку. Вераніка рабіла трыумфальнае шэсце па ўсіх навуках, якія выкладаліся ў дзевятым класе. Яе ўкладанне па рускай літаратуры зачытвалі перад усім класам. Яна першай зрабіла кантрольны пераклад з англійскай мовы. Ёй паставілі выдатныя адзнакі па фізіцы, хіміі, геаграфіі, чарчэнню.

— Зубрылка, — сказала аднойчы ў адрас Веранікі Ліда Шашолка. — Сядзіць дома і зубрыць дзень і ноч. Ведаю я такіх...

Лідзе хлопцы не далі дагаварыць. Болей за яе самую не зубрыў ніхто. Але ж гэта не дапамагала ёй стаць выдатніцай.

Пазней выявіліся і другія таленты Веранікі. Яна ўмела іграць на піяніна і добра спявала. Здала яна таксама нормы на ўсе абаронныя значкі. Кніг Вераніка перачытала столькі, што ёй можна было толькі зайздросціць.

— У прыродзе сустракаюцца выключныя экземпляры, — выказаўся аднойчы Валерый Самасад. — Ім дадзена болей, чым астатнім. Гэта можна наглядаць у царстве раслін, жывёл і таксама на людзях. Вераніка — багата адароны чалавечы тып...

— Сам ты тып, — абрэзалі Валерыя. — Раўняе жывёлу з чалавекам...

3 таго часу і пачалося прытоенае, глыбока схаванае спаборніцтва паміж Славай Загароўскім і Веранікай. Слава, вядома, уступаў дзяўчыне. Ён не прачытаў столькі кніг, ён нават баяўся падыходзіць да школьнага піяніна, якое стаяла ў піонерскім пакоі. Калі Вераніка адказвала ўрок, можна было заслухацца. Мала таго, што гаварыла яна выразна, правільна будуючы кожны сказ, у яе яшчэ быў надзвычай прыемны голас і сама яна ў гэты час ззяла нябачаным хараством...

Слава таксама меў тысячу выдатных якасцей, якія маглі падабацца любой дзяўчыне. Ён быў самым смелым, самым разумным, самым моцным. Рэдка ж спалучаюцца ў адным чалавеку ўсе гэтыя адменныя якасці. Але Вераніка нібы не заўважала Славы. Яна глядзела на яго, як і на ўсіх астатніх, і не аддавала яму ніякай перавагі перад другімі.

А далей пайшло яшчэ горш.

Аднойчы перад самымі экзаменамі Слава зрабіў выдатную стойку, якая назаўсёды запомнілася ўсім, хто тады вучыўся ў дзевятым класе.

Ён стаў на рукі на першай парце і так прайшоў увесь рад, да самай апошняй парты. Хлопцы былі ў захапленні. Слава высока трымаў гонар тых, хто наважыў прысвяціць сваё жыццё высокароднай вайсковай справе.

Але Веранка не толькі не ўхваліла гэтага ўчынку, а нават зняважыла Славу.

— Не вялікі гонар падняць ногі вышэй галавы, — сказала яна. — Збіраешся паступаць у цырк, то навошта скакаць па партах...

Горш абразіць было нельга. 3 гэтага часу пайшла ўжо адкрытая вайна Веранікі са Славай. Не праходзіла дня, каб яны не абмяняліся якімі-небудзь ўзаемнымі колкасцямі. Вераніка зневажала Славу, як магла. Яна высмейвала кожны яго крок, кожнае яго слова. Слава не заставаўся даўжніком. Ён таксама не шкадаваў з’едлівых кепікаў у адрас Веранікі. Так яны закончылі дзевяты клас.

У дзесятым класе працягвалася тое ж самае. Вераніка не прызнавала за Славай ніякіх выдатных якасцей. Яна яго падкалвала яшчэ больш, чым раней. Хлапец плаціў дзяўчыне тым самым. Але дзесяцікласнікі паразумнелі. Хітрыя ад прыроды дзяўчаты хутка скемілі, што гэта ідзе вайна не так сабе. Здагадка паміж тым пакрысе пацвярджалася. Калі Славе намякалі, што ён няроўнадушны да Веранікі, то хлопец адразу мяняўся з твару. Ён чырванеў, гарачыўся, бянтэжыўся і гэтым самым выдаваў сябе з галавой. Ліда Шашолка проста не пераносіла Веранікі. Яна заўсёды станавілася на бок Славы ў яго паядынках з Веранікай, але гэтай падмогі Слава быццам не заўважаў.

Пасля аднаго выпадку мы пераканаліся, што і Вераніка нападае на Славу не проста так. На кастрычніцкія святы ў школе быў наладжаны вечар. На яго прышлі не толькі вучні, але і выпускнікі школы, якія вучыліся цяпер у інстытутах. На вечары быў і свой школьны лейтэнант. Ён закончыў дзесяцігодку два гады назад і прыехаў у Малінаўку на пабыўку. Вераніка прышла на вечар у новым плацці, і з яе не спускалі вачэй ні студэнты, ні лейтэнант. Усе запрашалі Вераніку танцаваць. Але яна адмаўлялася. Яна сядзела ціхая і задуменная. Такой яе не бачылі ніколі.