У дзесятым класе працягвалася тое ж самае. Вераніка не прызнавала за Славай ніякіх выдатных якасцей. Яна яго падкалвала яшчэ больш, чым раней. Хлапец плаціў дзяўчыне тым самым. Але дзесяцікласнікі паразумнелі. Хітрыя ад прыроды дзяўчаты хутка скемілі, што гэта ідзе вайна не так сабе. Здагадка паміж тым пакрысе пацвярджалася. Калі Славе намякалі, што ён няроўнадушны да Веранікі, то хлопец адразу мяняўся з твару. Ён чырванеў, гарачыўся, бянтэжыўся і гэтым самым выдаваў сябе з галавой. Ліда Шашолка проста не пераносіла Веранікі. Яна заўсёды станавілася на бок Славы ў яго паядынках з Веранікай, але гэтай падмогі Слава быццам не заўважаў.
Пасля аднаго выпадку мы пераканаліся, што і Вераніка нападае на Славу не проста так. На кастрычніцкія святы ў школе быў наладжаны вечар. На яго прышлі не толькі вучні, але і выпускнікі школы, якія вучыліся цяпер у інстытутах. На вечары быў і свой школьны лейтэнант. Ён закончыў дзесяцігодку два гады назад і прыехаў у Малінаўку на пабыўку. Вераніка прышла на вечар у новым плацці, і з яе не спускалі вачэй ні студэнты, ні лейтэнант. Усе запрашалі Вераніку танцаваць. Але яна адмаўлялася. Яна сядзела ціхая і задуменная. Такой яе не бачылі ніколі.
Быў на вечары і Слава. Ён сеў побач з Лідай Шашолкай, і яны аб нечым доўга размаўлялі. Пасля пайшлі танцаваць. Ліда танцавала ўвесь час са Славай. Ім здавалася, што абаім было вельмі весела.
Вераніка не дасядзела да канца вечара. Яна знікла неяк ціха і непрыкметна. Ніхто не бачыў, калі яна пайшла...
Пасля гэтага Вераніка перамянілася. Яна стала нейкай строгай, задуменнай. На Славу яна болей не нападала. Яна проста старалася яго не заўважаць.
Пра тое, што паміж Славай і Веранікай нешта ёсць, цяпер ужо ведаў увесь наш клас. Толькі гэта былі нейкія дзіўныя, незразумелыя адносіны.
I Слава і Вераніка пазбягалі адзін аднаго, ніколі паміж сабой не размаўлялі і не сустракаліся. 3 нашага дзесятага класа болей ніхто не быў закаханы, і мы з трывогай глядзелі на гэтых дваіх, якія так упарта таіліся адно ад другога.
Так прайшоў той апошні год нашага навучання ў школе. За гэты год мы ўсе пасур’ёзнелі і сталі трошачкі болей шанаваць адзін аднаго. Нам усім трэба было рабіць нейкі крок у невядомае жыццё, і гэта прыкметна зблізіла, з’еднала клас. Толькі Слава і Вераніка па-ранейшаму пазбягалі паміж сабой сустрэч і размоў,
Надыходзіў май, наш апошні школьны май. Усім класам мы згаварыліся пайсці ў лес па дзеразу. Гэты паход у лес мы прыдумалі не толькі для таго, каб нарваць лапак і ўпрыгожыць сваю школу, мы хацелі як-небудзь звясці Славу з Веранікай і пакінуць іх дзе-небудзь адных. Няхай бы яны нарэшце памірыліся. Хопіць ім гуляць у хованкі...
Свой план мы здзейснілі. Мы зрабілі так, што Слава з Веранікай асталіся ўдваіх на адной дзялянцы. Яны проста не маглі не пагаварыць адно з другім. Мы радаваліся, што яны нарэшце паміж сабой аб усім дамовяцца.
Але ніякай добрай гаворкі паміж Славай і Веранікай, відаць, не адбылося. Слава выйшаў з лесу маўклівы і змрочны. Веранікі мы наогул не маглі дачакацца. Яе ў лесе не было...
Мы неслі ў школу дзеразу і размаўлялі аб усім пабочным. Адчувалі сябе ўсе няёмка. Каля рэчкі нас дагнала Вераніка. Яна была вясёлая, узбуджаная. Слава на дзяўчыну не глядзеў. Вераніка весялілася, а ён станавіўся ўсе больш змрочным...
3 гэтага часу ўсё зноў пайшло па-ранейшаму. Вераніка пры ўсякім выпадку падкалвала Славу, высмейвала і пацяшалася над ім. Толькі Слава цяпер маўчаў. Нешта нібы звязала яму язык. Мы думалі, што гэтым незразумелым адносінам не будзе канца.
Але канец наступіў. Ён наступіў нават раней, чым яго чакалі. Наш дзесяты клас вытрымаў свае апошнія экзамены, і цяпер ішла падрыхтоўка да развітальнай урачыстасці. Вераніка, Слава і Валерый Самасад заслужылі атэстаты выдатнікаў, а ўсе астатнія самыя звычайныя атэстаты. Гэтыя атэстаты нам павінны былі выдаць на школьным вечары. Мы, чатырнаццаць хлопцаў, свайго намеру не змянілі. Мы збіраліся паступаць у ваенныя вучылішчы.
Але вечара ў той год не было. Атэстаты нам аддалі без ніякай урачыстасці. Пачалася вайна, напаў Гітлер.
Усіх хлопцаў на трэці дзень вайны выклікалі ў ваенкамат. Нам знялі машынкай прычоскі і ўсім шаснаццаці загадалі быць вечарам на станцыі. На станцыю прышлі праводзіць нас усе дзяўчаты дзесятага класа. Прышла і Вераніка. Яна стаяла ў купцы дзяўчат маўклівая і, здавалася, нават спалоханая. Дзяўчаты гаварылі, жадалі нам хуткай перамогі і звароту дамоў, а яна маўчала. У яе не было для нас ніякіх слоў.
Мы і на гэты раз здагадаліся, што трэба зрабіць. Мы трошкі адыйшліся ўбок з такім разлікам, каб Вераніка асталася адна са Славай Загароўскім. I яна асталася. Вераніка нешта гаварыла Славе, яна была ўсхваляваная і ад гэтага яшчэ болей прыгожая. Але нам было няёмка падслухоўваць чужую размову. Пагэтаму ніхто не ведаў, што сказала тады Вераніка Славе. Мы толькі бачылі, як яна паправіла на штрыфелі славінага пінжака значок «Юны варашылаўскі стралок».
Такой Вераніку мы запомнілі назаўсёды. Болей яе нам не прышлося пабачыць. Нас вярнулася з вайны жывых толькі шасцёра, і ўсё-ж мы не змаглі абараніць Веранжі. Яе расстралялі фашысты ў нашай Малінаўцы яшчэ ў сорак другім годзе за тое, што яна друкавала на машынцы лістоўкі. Расстралялі Вераніку каля самай рэчкі, у бярозавым гайку, там яна і пахавана. Мы, шасцера, хто прайшоў вайну і астаўся жывым, помнім Вераніку. Але двое нашых, мабыць, не толькі помняць яе. У Малінаўку сяды-тады прыязджае Слава Загароўскі. Ён цяпер падпалкоўнік і ў яго на скронях лёгкая сівізна. Слава жанаты, у яго двое дзяцей. Але на бераг нашай невялікай рэчкі, дзе пахавана Вераніка, ён прыходзіць заўседы адзін. Ён падоўгу ходзіць там і пра нешта думае.
Прыходзіць на гэты бераг, калі прыязджае ў Малінаўку, і другі чалавек — Валерый Самасад. Ён цяпер дацэнт. Тады ў дзесятым класе ніхто з нас не здагадваўся, што Валерый таксама кахаў Вераніку.