усё пры адзінай умове калі вядома я дажыву
жаданні спраўджваюцца калі табе ўжо на іх насраць
скарыся брат каля брамы ў рай адбіраюць ручную кладзь
у пекла ляцець бізнес-класам а нехта дагэтуль нюхае клей
сэнсу змагацца за лепшае месца ў адным і тым самым катле
тое з чым сёння мы маем справу спаборніцтва розных плыняў
і школ часам нагадвае надта яскрава гульню ў вечаровы
дваровы футбол: яму абарона табе напад кожнаму штосьці сваё па плячы
ты лупіш па шыбах бацькоўскіх хат
а я прапускаю мячы
2012
Команда молодости нашей
Як мы тады не вымерлі — да канца не цямім і самі.
Болей за ўсё мы нагадвалі зграю малпаў, толькі нядаўна з пальмы:
кампанія імбецылаў з сарвана-прапаленымі галасамі,
нашыя пысы і адрасы таксама былі прапаленыя.
Непрахадныя пад’езды і неправетраныя памяшканні —
над кожным было рэальна павесіць прынамсі дзве-тры сякеры:
раней ці пазней яны мелі сарвацца і трэснуць па нашых карках,
хоць, зноў жа, мы да апошняга адмаўляліся ў гэта верыць.
Мы краталіся па дварах, ратавалі план, начавалі ў РАУСах,
каталіся на аўтазаках, фатаграфаваліся там на памяць,
нас ведалі ўсе сабакі і хто-ніхто з іх нават вітаўся,
мы прыдумлялі сабе біяграфіі і пасміхаліся ў камеру.
Персанажы такіх мемуараў ніколі ў сапраўднасці не існавалі —
мы самі стваралі сябе адпаведна іх вобразу і падабенству,
пачынаючы ад ідэалаў і ўрэшце сканчаючы колерам шалікаў,
колерам нашага неба, нашых вачэй, нашага сэрца.
2012
Фотакарткі
Разглядаючы фоткі ў старых альбомах, абліччы людзей,
нібыта не вельмі
блізкіх і родных, а ўсё ж знаёмых, трапляеш на тых,
з кім сустрэнешся ў пекле:
хто быў партызанам ці гнаў самагонку, сядзеў у турме
і ва ўсіх у пячонках,
рабіў у школе ці самапомачы, словам — хто мазаў свой лоб
зялёнкай
кожнага ранку замест снядання чатыры гады без права маўчання,
штодзённа смерць пасылаючы на хрэн — чуеш,
як адкрываюцца чакры?
Калі б ты мог, то спытаўся б у гэтых — якія, уласна,
вы мелі мэты?
Такога адказу не маем мы самі — але яны б табе адказалі:
у кожным часе і ў кожным месцы адзінае, што не губляе сэнсу, —
рабіць памылкі без перапынку, каб з гонарам потым глядзець
са здымкаў.
Мінулае збольшага непрадказальна, таму развітайцеся
з тармазамі,
што будзе заўтра — не так і важна: вайна прайшла,
а далей не страшна.
Маўчаць непрызнаныя ветэраны, і ты, нібыта зачараваны,
шукаеш сябе на пажоўклых фотках, гукаеш у цемру
імёны мёртвых.
2012
Прадвесне
Промні ляжалі ў чырвоных галінах зарасцяў,
цені цягнуліся ледзь не да далягляду. Усе
дзеці сядзелі ўдома і рыхтаваліся
да заўтрашніх першых дыктовак. Маўчала радыё.
Вясна падступала да кальцавой, прымервалася
да вокнаў новабудоўляў і шэрых сталінак,
капала з дахаў, каты раўлі як здурнелыя,
усцяж па дварах цеплатрасы паўзлі праталінамі,
і ўсё намякала на тое, што здарыцца некалі,
лунала ў паветры, блукала трамвайнымі рэйкамі,
і снілася, і вымалёўвалася наперадзе —
няхай вы ўсе спачуваеце ёй і верыце,
аднак, не губляючы ўвагі сярод агаломшанасці,
яна так упарта адсочвала і замарочвалася,
змагалася, не пераймаючыся аналізам,
здаўна забывала ўсё тое, чаго вы баяліся.
2012
каляндарнае
пакуль вы крычалі і плакалі мяккімі знакамі,
брыльянт майго таленту паступова рабіўся шматграннікам.
пачуццё маёй значнасці кармілі такімі прысмакамі,
якія нават не сніліся майму страўніку,
я клаў дамкрат на ўсякія вашыя правілы,
лаяўся, бацаў на аргане лявоніху,
а вы даравалі мне і дадараваліся —
я ўявіў, нібыта я надта адораны,
я не змагаўся з злаякаснымі метастазамі
катэгарычнае рацыі, максімалізму
і непрыязі да цэлых групаў і класаў —
напрыклад, крытыкаў: гэтым — ніякае літасці.
і з чаго вы ўзялі што мне самому прыемна,