тваёю камандаю, чорнай гвардыяй, вартаю,
чым меней заслужанаю, тым больш ганароваю.
2012
уцёкі ў егіпет
Колькі тае зімы — насамрэч невядома нікому з прысутных тут,
празрысты сум недарэчных зім яшчэ не паспеў нам усім
надакучыць:
аблокі раскрыюцца над галавою раптоўна,
нібы запасны парашут,
і будуць хіліць цябе ў сон хоць да скону дзён — ці, прынамсі,
да кучак.
У сне, бы ў заснежаным лесе, ты зможаш найлепей угледзець
усе сляды,
нябачныя воку дагэтуль, няхай бы яны і цягнуліся за кіламетр,
і вымерлы горад ізноў адзавецца спалоханым рэхам
тваёй хады —
спустошаны назаўжды, як ён жыў далей, калі б ты не прыехаў.
А ў нашай гісторыі будзе ўсё тое самае, што і належыць спакон,
класіка жанру: пячоры, анёлы і пастухі, чараўнікі, немаўляты,
вежы царквы і касцёла, каханы горад, стомлены гарнізон,
сонная варта, зорны абшар, Каляды.
Не азіраючыся на вокны, ты будзеш спакойны і ўсё шпарчэй
пакрочыш замеценай вуліцай з крыжам, што ўрэшце зваліўся
табе на плечы,
і толькі абменены на самагонку люгер адцягне тваю кішэнь,
толькі завея і золкая вечнасць адцягнуць вашу сустрэчу.
2012
Сябрам
Вы ўсе маладыя, хаця й падаецеся даўнімі —
ляціце па свеце бязгучнымі шэрымі зданямі.
Сяброўкі даўно сустракаюцца з нейкімі даўнамі,
вы самі — адно з надакучлівымі пытаннямі:
«Калі ж вы ўсе нарэшце ўжо перабесіцеся,
прычэшацеся як след, да лепшага зменіцеся?
Усім суседзям цікава, калі вы ажэніцеся,
дзе вашы нявесты і цешчы, і цесці, і дзеці ўсе —
толькі й размоваў на лесвічнай клетцы ў пад’ездзе.
З чым звязваеце, дзе бачыце ўласную будучыню:
у гэтым балоце альбо на суседнім забалацці?
Чаму здаяцеся вы, нават яшчэ не спрабуючы?
Чым жывяце і чым на жыццё зарабляеце?
Калі вы нам вернеце шанцы, намі ж і страчаныя,
пазбегнеце нашых памылак, што ўжо дапушчаныя?
Калі са шчытом, а не на шчыце, з удачаю,
вернецеся — удзячныя ды відушчыя?»
Вы ўсё гэта слухайце і не бярыце да розуму —
ідзіце сабе наперад сваёй дарогаю,
глядзіце наўкол сябе вачыма цвярозымі,
бо вы і дагэтуль пабачылі ўжо многае,
а рана ці позна, калі дзесьці кімсьці станеце
і прыйдуць да вас за парадамі ды адказамі —
вы чулі аб розным — спытайцеся ў вашай памяці.
Яна вам заўжды падказвала і падказвае.
2012
29.10.1937
старая гісторыя, хіліць у сон ад стомы.
я з тых, што ніколі болей не прыйдуць дадому:
арыштаваны паўторна, артыкул вядомы,
асуджаны тройкай увосені ў трыццаць сёмым.
выводзілі па адным, звычайна пад вечар,
ілбом да сцяны, без рэчаў — якія там рэчы.
далонь да плячэй, і бразнулі дзверы, як вечка —
ніхто з нас не ведаў яшчэ: наперадзе — вечнасць.
што вам яшчэ распавесці?
маці памерла за немцамі ў менску, у сорак трэцім,
пахавалі яе на кальварыі — найлепшае месца для смерці.
брата застрэлілі проста на вуліцы недзе праз месяц.
мяне рэабілітавалі, хоць я й меркаваў, што не свеціць.
колькі было нас? сотні, ці, можа, тысячы,
знішчылі голас, з памяці сцерлі абліччы,
творы, імёны — а засталіся лічаныя:
купала, колас і паўтара ананімшчыка.
згадвайце часам нас на дзяды і на радаўніцу —
усіх, хто замоўк назаўжды маладым літаратарам,
паэтаў, празаікаў, крытыкаў, перакладчыкаў —
прывет вам у вашае гета з нашае вязніцы.
працягвайце нас раманамі, п’есамі, вершамі,
пішыце замест, усім дакажыце — вы лепшыя,
усё, што на допытах з нас не вырвалі следчыя —
аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сведчанні.
аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сведчанні.
2012
маленькае
малое ад болю ў скроні прачнецца наробіць енку
і колькі яго ні гушкай паставіш усё на карту
на шэра-блакітным фоне па чорных халодных зрэнках
жыццё пранясецца стужкай ад фінішу і да старту
адзіны нявінны дотык і ўсё што цябе трымала
злятае як лісце ўвосень губляецца за туманам