бестурботна штурхаючы ў прорву чарговага швейка.
Мы вітаем усход — ад Камарына да Камароўкі
карагод пад фантомныя гукі чароўнай жалейкі.
Цэлы свет — гэта вечны тэатр, дзе людзі — ахвяры,
застаецца кахаць, спадзявацца, стаяць і баяцца,
і глядзець на руіны з акна, і лічыць свае шнары,
як зачыненых трунаў ланцуг — чатырнаццаць, пятнаццаць…
Весяліцеся — выратаванне прыйшло нечакана,
падымайце прыцэл да вачэй, пашыхтуйцеся ў шэраг:
гэта мы — тыя самыя стомленыя партызаны,
што стралялі з засады па вашых драўляных жаўнерах.
Не губляйцеся ў гэтым пакоі — ні смеху, ні страху,
не змяняйце канал і паролі — і ў шчасці, і ў горы
заставайцеся з намі. Цягнік адпаўзае на захад,
і казармы пусцеюць, і чорным гараць семафоры.
Вось і ўсё. Працінае завея яры і пагоркі,
замятае акопы, драты, капаніры і доты,
толькі ў небе начным чырванеюць і падаюць зоркі
і зямля пад нагамі палае апалай лістотай.
2012
r.a.p.
Знаёмства з Падляшшам, я помню, як гэта было:
дзве тысячы пяты год, Гарадок, «Басовішча»,
болей за ўсё мы думалі пра бухло,
меней за ўсё — пра мову ці пра Яновіча.
Старыя сельпо, перакошаныя платы,
заводы ля трасаў, аднолькава раздзяўбаныя,
аўто з Беластока, дарожны аперытыў,
кампанія даўнаў з далёкасяжнымі планамі.
Дзеці абодвух народаў, агульны турзлёт,
разам адзіная радасць з супольнаю стомаю,
ранішні лес і пахілены мокры намёт,
дзе мы з табою марылі пра аўтаномію.
Правозячы джынджэрс і палены джын з д’юці фры,
хаця на мяжы ўсе мытні давалі дабро яму,
мы рознілі добра свае і чужыя віры,
бо пчолы й вужы howoryli z nami po swojomu.
2013
наадварот
а яшчэ я хацеў бы сустрэцца з вамі на вуліцы
і прычым не вачыма а проста так лоб у лоб
і калі б раптам з гэтай прычыны ўсе адвярнуліся
на той момант магчыма яно нават лепей было б
і няхай параўнанне не самае мілагучнае
пакаранне сваё я б адбыў ад званка да званка
бо свабода часам усё ж такі надакучвае
нават горш за сумёты напрыканцы сакавіка
2013
вальс «марыся»
я з магілёва. так склалася —
у трыццаць дзявятым, у верасні,
паслалі мяне настаўніцай
у вёску паблізу берасця.
раз напрыканцы чэрвеня
бачу: суседзі на вуліцы
грэюцца ля цяпельца
з працаў маркса і энгельса,
а гаспадыня мне кажа:
«я вашы рэчы склала.
тут пяць хвілін да вакзала —
едзьце, яшчэ паспееце,
пакуль ёсць такая магчымасць —
танчы адсюль, дзяўчынка,
танчы хутчэй, бо зараз
яшчэ не тое пачнецца».
вы ж гуляеце ў танчыкі?
вось, на нас іх і тэсцілі.
ліпень, карта «айчына»,
рубіліся амаль месяц.
потым — фізічная праца,
усе тры гады акупацыі.
словам, калі б не немцы…
самі ўсё разумееце.
пасля вайны — у менску.
муж працаваў на трактарным,
я працавала з дзецьмі.
ну і, вядома — танцы.
іначай не ўратавацца —
проста кахайце і танчыце.
у любой сітуацыі.
запамінайце, прыдасца.
2013
Тучынка
Восень. Неба дапальвае дрэвы і подыхам
ветру попел лістоты страсае ў лужыны.
Людзі дапальваюць лісце за дрэвамі ўпотай,
кашляюць. Небу потым хлусяць: прастуджаныя.
Кальварыя прачынаецца зноў адна.
Навокал імчаць у траліках тыя, што выжылі,
і калі яны кажуць: «Вайна? Якая вайна?» —
у яе на грудзях дрыжаць жалезныя крыжыкі.
На Тучынку не прыходзяць з нябачных франтоў
няпрошаныя падпальшчыкі і падпольшчыкі.
На гэтых магілах ніхто не накрые стол,
горад амаль без жыдоў — яшчэ тое відовішча.
Туман над лагчынай, самотны лакаматыў
па рэйках пхаецца, трэнькае нешта кволае.
Час не спяшаецца. Можна сказаць, застыў.
Можна сказаць, што часу не стала ўвогуле.
2013
ліст