пара ўжо навесці парадак паміж стасункамі
вечнасць малюе зорачкі на крыле
пра вас дваіх не напіша газета з рысункамі
але
ён не настойвае праўда насамрэч яму лістападава
ў сне падавалася ўсё патанала ў журбе
толькі аблокі над даляглядам нешта нагадвалі
ён пазней зразумеў што трэба сказаць табе
2013
дробязі
вось ты: знайшла падарункі маме і тату,
купіла пакунак цукерак малодшай сястры,
бабулі, дзядулю і нават стрыечнаму брату.
прыбраная хата і ёлка агнямі гарыць.
вось ён: закупаецца ў краме разам з сябрамі,
грунтоўна, з запасам, каб два разы не ўставаць.
хаця, натуральна, нечага ўсё-ткі не стане —
на гэты выпадак у іх прыхавана трава.
у мяне да вас тэрміновае паведамленне:
уначы, як толькі праб’е дванаццаць гадзін,
у абедзве хаты ўляціць па статку аленяў
і спытае: чаму ты адна? чаму ты адзін?
і перш чым вы паспрабуеце апраўдацца,
яны даядуць цукеркі, дапаляць траву
і перададуць умову свайго працадаўцы,
каб вы не дурылі болей яму галаву,
што налета да вас абаіх яны зноў прыходзяць,
знаходзяць — няважна з кім і няважна дзе —
і пытаюць: што вы рабілі ў мінулым годзе?
крый вас божа, калі да дробязяў не супадзе.
2013
лёгкія еўропы
забіваючы жыгулі, вагоны, ікарусы,
мы правозілі праз мяжу кантрабанду блокамі,
і калі ў нас часам пыталіся: «што вы паліце?»
мы заўсёды спакойна адказвалі: «толькі лёгкія».
мы вучыліся на каліноўцы ні з плошчы ні з пушчы, мы
на нулёўцы ў лодзі за год павывучвалі польскую,
мы жыўцом сузіралі зянона — цяпер мы відушчыя,
а каменны лог і кузніца — нашыя полюсы.
сумуючы па радзіме, як гэта ні пафасна,
бадзяліся па вакзалах і спалі на вуліцы.
мы самі не ў курсе, як так усё ўдала склалася —
яна нас не звала, але мы ўсё роўна вярнуліся.
і вось мы стаім цяпер перад вашымі вокнамі,
блукаючыя мазгі, гарадскія даўншыфтэры,
і палім чырвоныя мальбара проста блокамі,
і аблокі плывуць па-над намі фінальнымі цітрамі.
а потым — пачатак другога сезона, і трэйлеры
падказваюць, што нікому не будзе сорамна.
паснула пад спойлерам заўтра, дзьме вецер між вербамі,
а сёння пабелены стомаю месяц між зорамі
песціць халоднымі промнямі поле навокал, і
дрэмле ў бярлозе мядзведзіца на небакраі.
дзесьці глыбока ўсярэдзіне, паміж лёгкімі,
сэрца еўропы. б’ецца — значыць кахае.
2013