верхні горад
вер — мы сустрэнемся ў горадзе
дзе ліхтары адбіваюцца ў хмарах
мы сядзем на воблаку і пагаворым
бязлюдныя вуліцы ўкрые туманам
мы будзем прыпальваць проста ад зорак
а нашыя словы падхопіць вецер
і панясе іх urbi et orbi
распавядзе ўнукам і дзецямзваротны адлік
тры, два, адзін
дзесьці ўгары
ўдарыць гадзіннік
забомкае
валяцца знічкі ўніз
вярніся ў дзяцінства
мяне з сабою
вазьмі
і мы застанемся ўдвох
змоўкні, я сам усё добра помню
кожнае слова: аціхлы двор
музычнае школы на плошчы свабоды
старыя сябры маладыя зноўку
і зажылі пухіры на далонях
мамін крык далятае з вокнаў
чуеш: воўка, пара дадому!
вецер паўторыць urbi et orbi
чэрці, анёлы ці простыя людзі
спі спакойна, мой верхні горад
веру — усе там будзем
2011
Пра дзеда, бабулю і танцы
Гэта была першая ў горадзе акцыя «музыка замест бомбаў»:
гэтаксама, як некалі хрысціяне збіраліся ў катакомбах —
варта было праставіць флян вартаўніку Пятровічу,
і вас ужо чакала зямля з ключамі ад бамбасховішча.
Дзверы жалезныя адмыкаліся: унізе расшпільвалі гузікі,
пілі віно і гулялі ў карты — а ўгары грала музыка.
Раён тады толькі яшчэ будаваўся, але людзі здалёк прыходзілі,
а першым героем на гэтым дансе быў мой дзядуля Валодзя.
Вова быў ва ўсім піянер і, вядома ж, касіў пад Элвіса,
год ён меў столькі, як я цяпер, — тады яны і сустрэліся.
Дзед быў як я — цыбаты й худы, бабуля была прыгожая.
(Тут можна было б напісаць «як ты», але гэта занадта пошла.)
Словам, разлік быў марны, без шанцаў на вынік —
але, на шчасце,
дзед быў нумар адзін па танцах —
не ў прыклад няўдзячным нашчадкам.
Гэтым, між іншага, ён і скарыў сэрца красуні-камвольшчыцы.
Мараль тут простая будзе, сябры: без усякага перабольшання,
можна з адказнасцю заявіць, сыходзячы з вышэйапісанага —
калі б не рок-н-рол ды твіст, фіг нарадзілася б мама.
А значыць, і я таксама.
2011
Бабуля слухае музыку
Схавай бабулін пашпарт —
няхай яна забудзе
пра ўласныя гады.
Зрабі яе бязважкай,
пераканай у цудзе,
вярні яе туды,
дзе школа-праца-танцы,
дзве змены на заводзе
і дурасць-з-галавы,
дзе дзеці падшыванцы,
дзе муж яе, Валодзя,
вясёлы і жывы.
У светлы край юнацтва
ёй дзверы прыадчыняць
скрыпічныя ключы —
ты зможаш адшукаць іх
з закрытымі вачыма,
і песня загучыць
пра восеньскае лісце,
што ападае долу…
Хвалюешся дарма:
яна і не пазнае,
што гэта іншы голас —
бо розніцы няма.
Бабуля праўду кажа,
што новага пад сонцам
не знойдзеш на зямлі,
і ёй з табою ў вашай
агульнай маладосці
няма чаго дзяліць.
Яна ўжо не такая,
як іншыя старыя,
суседкі са двара,
і болей не ўзгадае,
і зноўку не заные,
што паміраць пара…
Кінь чытаць гэты чортаў верш.
Помні: аднойчы і ты памрэш:
у рэшце рэшт, паміраць не страшна.
Схавай
бабулін
пашпарт.
2011
Рэквіем
Дзесьці на мяжы Камароўкі з Пярэспай,
дзе блукаюць хмары між бетонных вершалінаў,
непрыкметна скончылася нашае маленства,
сказала доўга жыць і адляцела проста ў вырай.
Мокрыя паснулі ўспаміны па сумётах,
першымі пралескамі ўзышлі фотаальбомы —
мы клікалі вясну, а дачакаліся балота,
потым плюнулі на ўсё і не вярнуліся дадому.
Гэта не канец, калі табе не ўсё знаёма,
простае і яснае — усё як ты любіў.
І не пытай мяне, з якога я раёна, —
у мяне няма нічога, акрамя магіл.
Месяц у акне. Зноў кагосьці павезлі —
дымна за дваром і ўсё наогул як заўсёды.
Сонца пасміхнецца — вызваляецца месца.
Сёння — не цябе, і гэта добрая нагода.
Ведаеш, на небе з нас даўно ўжо смяюцца,
восень у дарозе пазяхае нецярпліва,
а дзесьці нашы першыя, няспраўджаныя глупствы