сохнуць засталіся па запыленых архівах.
Гэта шчэ не смерць — мы трымаем абарону,
доўгая дарога аж пад самы небасхіл.
І не пытай мяне пра нашыя імёны —
у мяне няма нічога, акрамя магіл.
2011
Марскія фігуры
Мора хвалюецца моўчкі, не заўважаючы нас, —
можа, прызнацца не хоча, тоячы долу адказ.
Ворагаў лютыя вочы цемраю зеўраюць. Праз
іхныя цені мы крочым.
Мора хвалюецца — раз.
Мы разглядаем абліччы, стоеныя паміж хваль.
Мора спявае і кліча, усмоктвае, нібы дрыгва.
Выраз змяняе прывычна зморшчаны, змораны твар.
Гаснуць хвіліны, як знічкі.
Мора хвалюецца — два.
Нас абдымаюць за плечы злыя марскія вятры.
Казкі няма, каб аспрэчыць тое, што лёс нам адкрыў.
Час не цячэ і не лечыць, раны нібыта віры.
Чуеш — наперадзе вечнасць.
Мора хвалюецца — тры.
Гэта нічога не значыць: проста ты мроіш і сам
ведаеш, што не заплачаш — некалі, стоячы там.
І ты даеш безразважна ў чорныя хвалі нырца:
проста, няспешна, не страшна —
ліку не будзе канца.
2010
Semper fidelis
a.
Такое вясны не прыпомніш ты болей, дальбог.
Якраз набліжалася свята працоўных мас,
«Дынама» гуляла на выездзе з «Нёмнам». Утрох
вы ехалі ў горад, дзе антыфашызм перамог,
але не ўяўлялі, што ён пераможа і вас.
b.
Але немагчыма было не ўсвядоміць зусім,
бо genius loci вас доўга і ўпарта лавіў —
нязломны, няскораны горада дух, за якім
па могілках долу спускаліся вы да ракі,
дзе ўнукі ўставалі на бой між дзядоўскіх магіл.
c.
Па вуліцах цесных хто б маршавым крокам ні йшоў,
ні браў у аблогу ці танкамі ні прыязджаў,
чыіх бы сцягоў над мурамі ні віўся шоўк —
ён добра адрозніваў родзічаў ад прыбышоў,
і ўсё ж, непарушна між імі ляжала мяжа.
d.
А потым, за горадам, рушылі вы на фарты,
і ўжо незваротна адчуўшы сябе ў гасцях —
прынамсі, не ўдома — вы ўсё зразумелі, і ты,
нарэшце скарыўшыся чарам яго пекнаты,
прызнаў сябе хворым і вывесіў белы сцяг.
e.
Вы трапілі ў пастку, ваш бронецягнік у агні —
мы ў полымі гэтым усе так ці йначай згарым.
Адное надзеі — ён болей не ўспомніць ані
рубінавых зорак на пыльнай зялёнай брані,
ні шнараў ад танкавых тракаў на бруку сваім.
f.
Вось травень у верасні. Смерць уступае ў правы
і ноч наплывае на горад, як страшны сон.
Змаганне без сэнсу: усе, хто застаўся жывы,
брыдуць па лясах паасобку ў кірунку Літвы,
і коціцца сонца за Нёмнам, жыццю наўздагон.
2011
Падпольніцкі раманс
Вясновым днём ля абвернэбэнштэле
я крочыў на спатканне з сувязным
гаркама. Але раптам па ўсім целе атрутаю расцёкся сіні дым,
і сонца засвяціла проста ў вочы, як лямпачка на допыце ў СД —
ласкава і прынадна заахвочваў мяне спыніцца водару Эдэм.
У Менску, завашыўленым і брудным,
прапахлым потам, тытунём, крывёй,
ён падаваўся надзвычайным цудам
і сэрца мне напоўніў цеплынёй.
На ганку тым, ля абвернэбэнштэле, стаяла ты —
у кіцелі фельдграў,
і тонкі пах чароўнае «Шанэлі» прывабліваў малодшы камсастаў
варожае вайсковае выведкі. Яны жадалі ўсе цябе адну —
я быў адзіным і бяздзейным сведкам —
яны цябе хацелі праглынуць!
Панове афіцэры дапалілі і зніклі за дзвярыма ў пэўны міг,
а ты стаяла так самотна-міла — хоць зараз падыдзі ды абдымі.
У пальцах ты трымала цыгарэту, і віўся нікацінавы дымок —
але й тваім дыханнем абагрэты, «Шанэлі» паху знішчыць ён не мог.
Нарэшце я адважыўся і крокам рашучым скіраваўся да цябе,
і пачуваўся так, нібыта зорка чырвоная зіхцела на ілбе.
«Ці ведаеце, мілая паненка, не сёння-заўтра гэта ўсё міне…
Дзяўчо з такімі чорцікамі ў зрэнках, што ты згубіла
на маёй вайне?
Табе, майн лібэн мэдхэн, тут не месца — тут кроў, галеча,
пошасць і прыгнёт.
Валі ў свой Гамбург, Брэмен, Дрэздэн, Брэслаў — няхай і там
жыццё цяпер не мёд.
Жыві спакойна, дарагая фройляйн — чорт з тою уніформай,