Адрэналінам
ты лінула ў кроў,
клінам жураўліным пракурлыкала.
Краіна журавінаў,
балотаў, імхоў,
чыстых азярынаў і імклівых ручаёў.
Ад пупавіны
да дамавіны —
далёкая і блізкая,
малая і вялікая.
2011
жнівень
гэты дом існуе пакуль я яго бачу наяве
а калі засынаю насамрэч знікае ў цемры
за акном расплываецца горад і ўжо іначай
у пакоі становіцца мэбля
дываны абляцелі са сценаў
пасля шпалеры
апошняй тынкоўка
вушакі а за імі дзверы
катастрофа
цяпер я не помню які я быў ростам
год скажам у восем
забыццё
нязведанасць
смерць
верасень
восень
але ненадоўга
пакрысе і я супакоюся змоўкну
пад дажджамі халоднымі змокну
чуеш голас з маленства
мамін ці толькі здаецца
казка пра белага зайчыка
без капусты і пэўнага месца
дзе б прыстаць на зімоўку
а ў лесе цяпер небяспечна
раней ці пазней сустрэнешся з воўкам
цьху ты глупства
выкінь дурное
на гэтай пустцы
год дзесяць таму збудавалі дом
зайчыку цёпла
бо ён даўно ўжо мёртвы
а мы жывём
было толькі тое
што ў выніку снамі зрабілася
пасткамі па завуголлях заўчаснай памяці
глянь у акно
мы з табою зусім не выраслі
дрэвы ўсё тыя ж
не помню як называюцца
2011
зорачка
самалётамі неба распоратае
як іголкамі
дзіркі свецяцца
людзі іх называюць зоркамі
латку — месяцам
там мядзведзіцы белыя
умкі
лапкай нос прыкрываюць употай
вецер сыпле згары падарункі
аэрапортам
і лятуць угару феерверкі
і грукочуць салюты
ўночы
зорка долу без парашута
раптам скочыць
а калі я яе пабачу
і жаданае ўрэшце спраўдзіцца
падзялюся з табой
дзіцячай
лепшай радасцю
2011
Травень, Чэрвенка
Помніцца, азнаёміўшыся з маёй творчасцю,
твой тата спытаўся, ці праўда, што я алкаголік.
Магчыма, я часам быў схільны да перабольшання,
адно што няшчырасцю не злоўжываў ніколі.
Тым вечарам мы ўладкаваліся ў шматпавярховіку,
знайшоўшы адкрыты балкон на апошнім паверсе,
палілі, пілі і штосьці наўкола фоткалі —
словам, лячыліся ад вясновай дэпрэсіі.
Адтуль адкрываўся цудоўны выгляд на ўскраіну,
дзе я нарадзіўся і ездзіў у школу тралейбусам,
пакуль не парваў з мінулым. Мой выбар быў правільны —
хаця б і таму, што ў выніку мы сустрэліся.
Мінала залева, і ў небе, надвое падзеленым,
плавалі на даляглядзе пунсовыя ветразі,
стаяла вада на пляскатых дахах панэльнікаў
і галубы сядзелі вакол на беразе.
І побач былі ўсе тыя, каго мы помнілі,
каго мы знаходзілі і незваротна страчвалі,
а ўсе, хто былі не з намі, цяпер настойвалі на адваротным —
і мы іх ласкава лічылі таксама нашымі.
Шэрагі ценяў мігцелі між нашымі душамі,
і мы іх лавілі з балкона ў полі над прорваю,
а ўнізе паблісквалі вокнамі цёмныя лужыны
і адлюстроўвалі шэрае неба над горадам.
2012
аэрадромная
у дзяцінстве я быў камуністам —
але, праўда, толькі часова.
зрэшты, кім я яшчэ мог вырасці
ў ваколіцах аэрапорта.
не ўяўляю, як не зарабіў сабе
падваення асобы:
баба казала, што ленін добры,
бацька даводзіў, што той — казёл.
абое нічым не падмацоўвалі.
я іх паслаў да чорта.
наш дом будавалі, вядома ж, палонныя немцы
(а можа, не немцы. і нават зусім не палонныя)
але на франтоне пакінулі
серп ды молат, і год пабудовы.
адсюль у мяне любоў да рэтра-эстэтыкі
і таталітарнай сімволікі ўвогуле.
дзяцінства запомнілася херова:
адсутнасцю голаду і хваробаў,
парай даўно забытых сяброў,
першымі спробамі складзеных словаў
і парадаксальнай любоўю адначасова
да зорак і трактароў.
мы патроху сыходзілі вонкі з еўропы,