выводзячы стуль гарнізоны і танкі.
еўропа глядзела на нас скрозь чарнобыль
і запрашала завітваць назаўтра
мы карысталіся з пажадання.
калі б не гуманітарная дапамога з германіі,
мы б тут даўно загнуліся на хрэн —
прычым і ў тэхнічным, і ў гуманітарным плане.
нам забывалі тлумачыць, хто нашыя ворагі,
мы патаналі ў палітыцы, каляфутболе ды алкаголі.
мы не жадаем нікому роляў, якія нам давялося выконваць.
нашы бацькі — ветэраны перабудовы, мы самі — апошнія,
хто шчэ хоць штосьці помніць.
як птушкі вандроўныя на раздарожжы,
мы колеры неба спрабуем на дотык,
клеім мадэлі з паперы жоўтых абгортак —
планеры і гелікоптэры
і глядзім падазрона на кожнага,
хто нарадзіўся потым.
2011
сон у апошнюю летнюю ноч
сядзіш за сталом ашчаперыўшы галаву
пальцамі скроняў крануся патыліцы вуснамі
шэптам вушэй я кудысьці цябе заву
штосьці плявузгаю абы ісці насустрач
па цёмнай вуліцы
калі незнарок выпадае адзіная ноч
неяк ужо шчыра кажучы робіцца цяжка
пляшка ідзе за пляшкай адна за адной
і праз акно за зацяжкай ляціць зацяжка
а тады завітае сябар і так мне піша:
давай мы з табою цяпер абыдземся без лішняга:
дзеля здароўя твайго і майго фізічнага і псіхічнага
кіньма ўжываць алкаголь.
як лічыш?
я пішу:
ты хіба што зусім здурнеў,
гэта ж восень ужо на парозе.
ты сівець пачаў за мяне раней,
пра сябе вось і непакойся.
а што асабіста датычыць мяне,
я й забыўся, хто гэтыя двое:
фізічнае з псіхічным здароўі.
даўно, разумееш, не бачыліся,
а я й не плачу.
усё.
2011
аўтапілот
скочыўшы без парашута праз адчыненыя дзверы
я лячу скрозь стратасферу пералічваючы страты
я ў нішто даўно не веру не люблю не спадзяюся
я ўсяго зрабіў багата акрамя таго што мусіў
толькі сам і вінаваты
хто не хоча скочыць долу са сваіх шматпавярховак
я лаўлю ўсіх вас на слове не паліце і не спіце
не вучыце новых моваў не пішыце на санскрыце
на іўрыце і трансліце пагатоў адначасова
укантакце і ў твітэр
ўніз наперад галавою я збягаю па спіралі
балансуючы на краі танчу вычварныя танцы
дзе б мяне вы ні шукалі я знаходжуся на зломе
лепей нават не шукайце гэты свет мяне не зловіць
зрэшты ён і не збіраўся
пад крылом палае горад бомбы крыюць наваколле
гаснуць словы застаюцца толькі шкло бетон і камень
гэта ўсё роўнабакова мне пляваць што будзе потым
і дрыготкімі рукамі я запісваю размову
са сваім аўтапілотам
2011
прадчуванне
гэта можа здарыцца ў кожны момант
рана ці позна а ўсё адно
у кожнай барбары свая бона
якая напоіць яе віном
сядзім у бары і сонны горад
паволі сплывае на дно
вуліцы вымерлі сёння цёмныя
ў шчыліны вільня вылазіць вонкі
зорка палын залівае двары
водарам тонкім
прэч ад ракі дзе вядзьмаркі-дальтонікі
у фіялетавы неба колер
скокаюць з берагу
але яно і само патоне
імёны мастоў безнадзейна забытыя
і заблукалыя сны з залюстроўя
ціха і стомлена перапытваюць
дзе з іх каторы
раней ці пазней усё так і адбудзецца
дарма што тэрмін пакуль невядомы
мы з табою яшчэ паваюем
за кожную вуліцу
гаморы й садома
2011
перадкалядная
касцёл
гатычны аловак званіцы ў альковічах
цуд між палёў падарунак дасланы з космасу
ловіць сігналы з нізкага неба над вёскай
сувязь з нябёсамі лепшая тут за сотавую
меншыя кошты
мяжа
паміж светамі прывідная і даўняя
зямля абяцаная скарбы і кантрабанда
бетонныя доты слупы драты і шлагбаўмы
крыжы прыдарожныя з выцвілымі абразамі
як паказальнікі
бель
накрывае адчаем чорныя коміны
нават сабакі памоўклі ўсё спакойна
найбольшы узровень маўчання прыпаў на могілкі