Выбрать главу
2.

За апошнія стагоддзі сотні тысяч сялян Заходняй Беларусі, уцякаючы ад свайго ненавіснага пана, ці ўхіляючыся ад войска і арышту, выязджалі шукаць лепшае долі ў ЗША, Канаду, Бразілію ці Аргенціну. Каму ўдалося зачапіцца на новым месцы, ён даваў наказ сваім нашчадкам не парываць сувязі з радзімай. I тыя, як напамінанне аб сабе, час ад часу на радзіму што-небудзь прысылалі.

Найбольш прыбывала з-за акіянаў біблій. Гэтай кніжкай — у папяровых, скураных, пластмасавых, палатняных ды дзеравяных вокладачках — эмігранты так наваднілі нашы сёлы, што ў некаторых вёсках яе можна было знайсці ледзь не ў кожнай халупе.

Найчасцей Біблія была адзінай кніжкай у сям'і, і шмат пакаленняў сялян на ёй вучыліся чытаць ды пазнаваць свет. Іншы дасціпны дзядзька вывучаў за святы і ў доўгія зімовыя вечары гэтую самую Біблію, у якой далёкія прашчуры звалілі ўсё ў адну кучу — мудрасць і глупства, заганнасць і дабрачыннасць, праўду і хлусню, трызненне, легенды і хроніку, карыснае і шкоднае,— вывучаў ледзь не на памяць. Іншы такі чалавек біблійнай трасянцы паверыў па-мужыцку — раз і назаўсёды, і ніякая ўжо сіла потым не магла яго ўжо пахіснуць!

Пра канец свету чорным па беламу было надрукавана ў Бібліі з любой вокладкай. Нарэшце вуснамі свайго прарока Ільі гасподзь бог вызначаў і запаветны дзень. Напэўна, Альяш і сам не спадзяваўся, што выкліча названы ім тэрмін.

Напярэдадні вызначанай прарокам даты сотні мужыкоў з-пад Вілейкі, Гродна ды Баранавіч пачалі прадаваць свае дамы, гаспадаркі, крамы, млыны ды жывёлу — усё, што не возьмеш з сабой на той свет! I самае дзіўнае, рабілі гэта не якія-небудзь псіхічна хворыя. Пераважна то былі «...людзі, што цешыліся выдатным здароўем, цвяроза ўмелі разважаць, мелі прыгожых жонак, здаровых дзяцей, нядрэнна вялі гаспадарку ды карысталіся пашанай і аўтарытэтам сваіх суседзяў»,— як слушна гаворыцца аб той падзеі ў адным навуковым артыкуле Уладзіміра Паўлючыка.

Справіўшыся з праданнем маёмасці, гэтыя легкаверныя, ашуканыя сяляне і сялянкі запіхвалі грошы за пазуху, хапалі дзяцей, харчы на дарогу, колькі можна панесці, і, не развітаўшыся нават з суседзямі, у паніцы несліся ў Грыбоўшчыну — шукаць ратунку ў святым Вершаліне.

Мабыць, дзівакоў такіх было шмат, бо спецыяльная легкавая машына адно паспявала вазіць мяшкі грошай у Сакольскую ашчадную касу, куды Давідзюк угаварыў нарэшце Альяша іх пакласці. Цяпер ужо не Хайкелевы дзеці, а ўзброеныя наганамі чыноўнікі з Міністэрства скарбаў лічылі і пакавалі грошы асобна — папяровыя, сярэбраныя пяці, дзесяцізалатоўкі, асобна драбязу медную, лавілі старога ледзь не за полы і давалі яму падпісваць накладныя.

Крынкаўскія гарбары заслалі ў Грыбоўшчыну хлопцаў. Яны ўладкаваліся бытта капаць торф у асадніка.

Пасланцоў узначальваў старшыпя культурнай камісіі гарбароў — блізарукі Муля Нішт. З дапамогай мясцовай моладзі Муля меўся ў кароткі час разагнаць гняздо цемрашальства і забабонаў. На той перыяд, покуль будуць выконваць сваю місію, прастадушны Нішт даў сябрам адмысловы пароль — «кумэкус эго». Ен вычытаў у кніжцы, як рэвалюцыянеры карысталіся гэтай фразай бы паролем, і хлапцу яна нечым спадабалася.

Толькі як ні намагаўся Нішт пабачыцца з Альяшом, але да прарока, абкружанага намеснікамі, памагатарамі і дарадцамі, бабкі яго покуль што пе падпускалі.

3.

Вызначаная дата выпала якраз на канец чэрвеня. Усе былі ўпэўненыя — якім ты прыйдзеш у рай, такім застанешся назаўсёды. Туды ўвогуле збіраліся без нічога! На якое ліха браць вопратку, цягнуць посуд — на небе ж нават не трэба мыцца, бо каб і хацеў запэцкацца, то няма дзе!

У гэты дзень на выган перад вёсачкай сцякаліся і сцякаліся сотні ўсхваляваных людзей. Яны сядалі на мурог, развязвалі клумкі і з ліхаманкавай узбуджанасцю апраналі чыстыя кашулі. У рэчачцы і Вершалінскім ставе мылі ногі. Нацягвалі самае лепшае адзенне сваім дзецям. Мужчыны вастрылі на рамянях брытвы і скаблілі шчокі.

Наголены, памаладзелы і падцягнуты, у вышыванай ды свежа зыпрасаванай «святымі дзявіцамі» касаваротцы, у начышчаных да люстранага бляску ботах, сярод гэтага тлуму, з Бібліяй пад пахай, вокладкі якой былі густа закапаны воскам, насіўся Давідзюк. Яго нават лысіна блішчала неяк па-іншаму — светла, урачыста, высакародна.

Хоць вяскоўцы мусілі збірацца на сена, капаць торф, аднак большасць не маглі стрымаць цікавасці, і на выган падзівіцца цуду сышлася і збеглася ледзь не ўся вёска.