Выбрать главу

Апынуліся тут і крынкаўскія гарбары.

Багамолы — аж квітнелі. Ап'янелая ад шчасця, як нявес-та, бабка Піліпіха перад крынкаўскімі хлопцамі выхвалялася:

— I во, людке вы мае, настае, настае ўрэшце той залаты час, калі гасподзь бог, дзякуй яму за гэто, кліча да сябе ўжо нас! Ён прыгалубіць, сагрэе, прыгорне кожную душачку, ажывіць усіх умерлых, і будзем цяпер мы ўсе там жыці, бы тыя птушачкі польныя, што не гаруць, не паліваюць, не сеюць, ні табе жнуць, а ўсяго ім хапае ўдосталь, бо клапоціцца пра іх сам цар нябесны з багародзіцай дзевай Марыяй!

Фантазёр ды выдумшчык Муля, унук Бэні Нішта, якога казакі калісьці застрэлілі за «Крынкаўскую рэспубліку», аж кіпеў ад жадання дзейнічаць. Ен праштудзіраваў шмат антырэлігійнай марксісцкай літаратуры, прачытаў нават цікавую кніжку Фрэйда аб рэлігіі. У дзяцінстве бачыў столінскага цадзіка. На крынкаўскім кірмашы спатыкаў ненармальнага грыбоўшчынскага прарока. У Альяша і цадзіка Муля знаходзіў многа агульнага і сабе выразна маляваў, як у публічных дыспутах высмяе ўшчэнт, асарамаціць і Альяша, і галавароў секты — у Крынках разбіваў удрузг і не такіх!

Муля з бабкі пакпіў:

— Цётко, так вы — уваскрасаць на неба ідзяце?

— Пасмейса, пасмейса!.. Усенько збудзецца, дай адно час!..

— Калі ўваскрэснуць і ўмерлыя, то куды людзі падзенуццо тады на зямлі? Іх жа столькі жыло да нас!.. На выцяжку будуць стаяць хіба, упрытык!

— Гасподзь бог адкрые ім новыя міры! — ні хвіліны не задумваючыся, растлумачыў Давідзюк, падляцеўшы.

— Бог адкры-ые нам, Ляксандар, адкры-ые! — пацвер-дзіла цётка.— Як зрабіў гэты свет, то наробіць шчэ!

Муля толькі цяпер адчуў — уся яго эрудыцыя тут абсалютна бяссільная.

Для людзей, якія ўжо спалілі за сабой масты, спозненыя разважанні хлопцаў — будзь яны найкрыштальнейшай праўдай! — цяпер былі непажаданымі. На крынкаўцаў пайшоў здаровы Антанюк з Масева Другога, які з мужыкамі ўзвалакаў званы.

— А ты чаго тут палітыкуеш? — гледзячы спадылба, абрынуўся мужык на Мулю.— I цябе, нехрыста, прынесла ўжэ сюды ваду муціць?

— Трэ Альяшу сказаць! — дапамаглі масеўцу бабы.

— Такім смаркачам шчэ і сам дам рады! Бач, па-прыпіраліса ўжэ!.. Скончыласо ваша панаванне, згінеце зара!..

Крынчане моўчкі адступілі за плечы разявак.

Магутны ў сваёй масе, расфанатызаваны, суровы ды ўпэўнены ў слушнасці свайго ўчынку натоўп, гэтыя сотні рашучых і дужых мужыкоў ды баб, не толькі разарвалі б на шматкі, сцерлі б на порах таго, хто адважыўся б перашкодзіць падрыхтоўцы да таінства,— яны гатовы былі ісці супроць цэлага свету!

Другія багамолы былі занятыя і зусім не звярталі ўвагі на разявак. Толькі потым нехта з фанатыкаў спытаўся ў грыбоўшчынцаў са шкадаваннем:

— А хіба вы з намі не пойдзеце? Уражаныя вяскоўцы ўсё маўчалі.

Тады іншы дзядзька ў кужэльнай, першы раз надзяванай кашулі паківаў галавой:

— Няўжо і застанецеса?

— Нічого, Іване, пакінь іх у спакоі! — параіў сябар.— Яшчэ ўспомняць на тым свеце, а позно будзе!

— Усе-е яны ўспомняць, брацця і сёстры, усе-е!..— уставіў сваю заўвагу Давідзюк.— Гэтаксамо калісь людзі елі, пілі, весяліліса, выходзілі замуж, перад усямірным патопам, зусім не думалі пра бога і высмейвалі старога Ноя! Абзывалі яго нават вар'ятам, калі той свой каўчэг збіраў!

Фанатыкі з пераможнай упэўненасцю кпілі з вяскоўцаў:

— Чакайце, чакайце і вы!..

— Бо і тады грэшнікі думалі, што жыццё сваё чалавек праводзіць адно на зямлі! — прапаведваў Давідзюк далей.— Глупства, брацця і сёстры!.. Прабыванне нашае тут было надта кароткае, адно імгненне, а там нас чакае вечнасць! Хутко, надто хутко нашае зямное існаванне, наш тлен абарвецца, развеецца і мы перад усявышнім будзем трымаць адказ за пражытыя хвілі!!.

— От табе і «кумэкус эго!» — з сумнай усмешкай пакпіў са свайго галавара малады крынкавец з культурнай камісіі прафсаюза гарбароў.— Гэта табе не выступленне хору арганізаваць!..

— Яшчэ які комікус! — самакрытычна згадзіўся з ім Нішт, павярнуўшы да сябра акуляры з тоўстымі, як дно дзвюх бутэлек, лінзамі.— Жывыя персанажы з біблійнага патопу! Раскажы каму ў горадзе — не павераць!

4.

Вялізная гурба па-святочнаму разадзетых багамолаў урачыста накіравалася да Альяшовай святыні са спевам:

Ужэ к нам прыблі-ізілась міра канчына, Й ты снова, прароча, на землю прыйшо-оў!..

Самыя адпетыя фанатыкі, прыбыўшы на святы ўзгорак, адразу распласталіся на цвінтары і ракавой гадзіны чакалі ў здранцвенні, не павярнуўшы нават і галавы. Іншыя ж рыхтаваліся да яе дзелавіта, спакойна і цярпліва — бы гаспадары, якія рыхтуюцца да вяселля ці хаўтур.