У жахлівым чаканні сярод багамолаў шаптаў малітву і сам прарок. У яго «пасланні к Народу» быў вызначаны толькі ракавы дзень, а цяпер людзям не цярпелася ведаць — калі ж наступіць той самы момант — раніцой, у абед?! Многія жадалі ўдакладніць, крадком прабіраліся да прарока і спрабавалі спытацца. Альяш злаваў, нервозна ўсхопліваўся ды некуды бег.
Піліпіха падказала:
— Ходзіць далей ад народу і там з усявышнім гаворыць!
— Вядомо, клопату цяпер у яго — бы ў генерала! — з гонарам вызначыў Давідзюк.
— Галава задурана, такое дзе-ело!..
— Дзяды і прадзеды дарэмно чакалі!..
— Нічого! Анёлы затрубяць, і яны таксамо ўваскрэснуць!..
— Цяпер уваскрэснуць усе-е!..
Тым часам дзядзьку Клімовічу сапраўды было не да іх. Ён ужо не мог не бачыць, што перабраў. Практычнага мужыка, які ў ім цяпер прабудзіўся, разбірала вінаватая ўзбуджанасць ды неспакой — што ж з гэтага такі выйдзе, як яму быць?! Альяш чакаў бяды і ліхаманкава шукаў выйсця.
Штосьці падобнае здарылася і з Іванам Мурашкам. Калі «сіяністы» над Мухаўцам прымалі крашчэнне, Іван, не падумаўшы, пахваліўся, што можа пайсці па вадзе, як Ісус Хрыстос. Багамолы адразу прысталі да яго — пакажы цуд! Іван вымушаны быў лезці ў рэчку.
Мурашка не ўмеў плаваць, а вада дасягала яму ўжо да каленяў, пояса, пачала заліваць грудзі... Бы не сваімі нагамі галоўны «сіяніст» сунуўся на стрыміну і ліхаманкава чакаў аднекуль ратунку, а прагныя да незвычайнага яго багамолы абмерлі — вось-вось іхні прарок выберацца наверх і пакрочыць па вадзе, бы па асфальце...
З моста за камедыяй назіраў вясковы хлапец. З Івана ён смяяўся, абзываў старым чудзікам, а тады ўсадзіў пальцы ў рот і абсвістаў. Калі ж прароку вада пачала даставаць плячэй, а галоўны «сіяніст» усё сунуў на стрыміну, хлапец авантурыста аблаяў матам.
Прарок павярнуў назад.
— Во, з-за яго паганых вачэй і плюгавага языка не магу паўтарыць цуда! — абурыўся ён, выбіраючыся з Мухаўца.— Трэба, каб ніхто не сумняваўся!..
I багамолы Мурашку паверылі.
Да дзядзькі ж Альяша ратунак покуль што не прыходзіў, і ў яго было такое адчуванне, бытта нясецца стрымгалоў у гібельную адхлань.
А ў гэты час Грыбоўшчына спакойна сабе ўкладвалася да сну. Толькі ля плота на каменнях сышлося крыху моладзі. Юнакі і дзяўчаты пазіралі ў бок царквы на мігатлівае зарыва, слухалі званы ды з маладой легкадумнасцю абгаворвалі падзею.
— Ну, дзісь свінні мелі чым пажывіцца на выгане! Столькі хлеба, сыроў, яек ды крупы рознай і недаедкаў багамолы пакідалі на траву там!
— Цэлы тыдзень надворныя будуць падбіраць!
— I шмацця рознага колькі валяецца!
— А наша цялушка ледзь не падавіласа! Хустку засмактала! Добро, што канец выставаў і тато выцягнулі!.. Ладная шаляновачка!..
— Будзеш мець да пасагу! Вымый толькі, а то так — замуж не вазьму!
— Шчэ ўсенькую агіду стану браць!.. Завалакла ў роў ды кінула жабам на гнёзды — хай сабе апалонікаў у тых анучах выводзяць!
— Наш малы навалок лахманоў з дванаццаць! Крынкаўскі Пінкус, каб убачыў, цэлую кішэню грошай даў бы!.. Але тато прымусілі малого назад усё перці!
— Пакідалі, бытта ім нічого ўжэ не трэ! Цікаво, як заўтра падбіраць стануць!.. I выдумалі ж — канецсвету!..
— Ахвота, скажы, людзям глупствам займацца!.. На каменнях ля плота былі і госці. Мелі рацыю ў Крынках тыя мужчыны, хто сумняваўся ў поспех іхняй місіі!.. Усё для хлопцаў цяпер здавалася куды складаней. Таму сядзелі яны моўчкі, прысаромленыя, ды нават зайздросцілі бадзёраму аптымізму і легкадумнасці вяскоўцаў.
Для Нішта Мулі Альяш напомніў цадзіка, да якога ён з бацькам ездзіў у Столін. Там ён убачыў звычайнага старога, які з-за стала манатонна іх павучаў:
«Калі вы раніцой мыеце рукі, то далоні трэба трымаць апушчанымі над тазам. Як будзеце трымаць іх паднятымі ўверх, то за рукавы пацячэ вада!..»
I ўсе сабраныя яўрэі, разам з імі і яго бацька, прыйшлі ў захапленне ад мудрасці святога.
За абедам пажылыя і самавітыя людзі ледзь не біліся, вырываючы адзін у аднаго абгрызеныя цадзікам курыныя косткі. Са звар'яцелымі ад шчасця вачыма смактаў такую костку і яго бацька, здаецца, і не дурны чалавек...
— Ці толькі яны з'ехалі з глузду? — уздыхнуў заклапочаны Нішт.— А як нашыя багамолы перад свой новы год сябе паводзяць? I таксама мітусяцца, і пеўняў белых над галавой рэжуць, і нічога не ядуць, адно мо-оляцца — бытта больш і свету не ўбачаць! Перад пасху новы посуд мыюць у рэчцы, у печы агню не развядуць самі!..
— Іншы ў суботу нават ключа ў кішэні не носіць!— падха-піў сябар Мулі.— Ідзе-такі праз мястэчка ды кідае іх перад сабой!..