Выбрать главу

Грыбоўшчынскім хлопцам надта ж хацелася даведацца ў крынкаўскіх сяброў — ці праўда, што яўрэі і цяпер на хрысціянскай крыві пякуць мацу?.. Калі гэта хлусня, шчэ пакрыўдзяцца!.. Яны перайшлі да абгавораў католікаў, набожных татар з Крушынян, сакольскіх караімаў і лютэран-немцаў...

Нагаварыўшыся ўволю ды парагатаўшы, старэйшая дзяўчына прыслухалася да злавеснага гулу набата. Званы ўпарта ўсё калолі начную ціш, і царства гукаў падпарадкавала неба — аж трымцелі далёкія зоркі.

— А дзядзькі ўсё мало-оцяць, а яны ўсё гуду-уць! — з недаўменнем прамовіў хлапец.

— Не заткнеш ім і глоткі! — дадаў сябар.

— Пайшла б і я ў манастыр, ды халасцякоў много! — паспрабавала пажартаваць Банадыкова ўнучка ды пазяхну-ла.— Э-эх, трэ спаць ісці, ліха на яго!.. На жаль, гэтаго канца свету не будзе, давядзецца заўтра зноў брысці да халернаго торфу! А вада хало-одная, аж ногі ломіць!..

— А мне — выбіраць дурныя каменюкі з канюшыны тато прымусілі!.. Выбіраеш, выбіраеш кожны год, крушні цэлыя назвальвалі ўжэ на межах, а яны вырастаюць з-пад зямлі ўсё зноў, каб на іх ліхо!..— ажывілася тая дзеўка, што гаварыла пра цялушку.

Хлапец, які з яе жартаваў, разважыў:

— Эх, каб гэтых багамолаў з вёдрамі запёр на поле — хутко вычысцілі б палетак, нават — ад валуноў!

— Пойдуць яны табе, рыхтачкі! — са шкадаваннем уздыхнула дзеўка.— Ну, да заўтра!..

Устаючы, рысуючыся перад гасцямі, хлапец нібы ў адчаі ад сваёй долі праспяваў:

Жонка міне ні ўзлюбіла I за дзверы выкінула! I за дзверы выкінула, Рукі-ногі вывіхнула! Ы-эх, раздайзя, ні-іва!..

I з жартамі ды прымаўкамі хлопцы з дзяўчатамі разышліся па хатах ды хутарах.

Адправіліся на начлег да гаспадароў у Ляшчыную і крынкаўцы, а вуліцы апусцелі. Над вёскай цяпер толькі рэгулярна адмяралі рытм нястомныя бронзавыя волаты. Магутныя гукі з такой сілай патрасалі цемру, што, здавалася, дрыжаць ужо і вось-вось пасыплюцца з неба зоркі.

7.

А ля царквы малебства было ў разгары. Яго накал не спадаў цэлую ноч. З баязлівай надзеяй людзі, хто на каленях, хто лежачы крыжам, маліліся ля храма.

— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..

— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..

Паспелі нават перагарэць сасновыя плошкі, і з вялізнага, пяцівазовага кастрага дроў засталася толькі невялічкая кучка белага попелу, якая дыхала жарам, ды сучкі пускалі струменьчыкі белага дыму. Нарэшце стала світаць. Развіднела.

Траву на цвінтары бытта хто абсыпаў вадзяным пылам, ад густой расы яна ацяжэла і зрабілася матава-шэрай. Было халаднавата, сыра, але ніхто і не думаў падбягаць да астаткаў вогнішча і грэцца: вось-вось мелася адбыцца запаветнае — і надта важнае, і надта жаданае, і вельмі страшнае.

Калі ўзышло і сонца, людзі згрудзіліся яшчэ цясней. У нейкім першабытным і дзікім жаху, велічна-прыгожыя ад сваёй рашучасці ды веры яны паспешліва маліліся, украдкай зыркалі на неба ды калаціліся, як у ліхаманцы.

Кожныя дзесяць мінут на званіцы мяняліся званары. Успатнелыя мужыкі нацягвалі на далоні рукавы шэрых зрэбных кашуль, выціралі імі змакрэлыя лбы і да крыві мазолілі сабе рукі — так заядла цягалі за вяроўкі.

Усё гэтак жа дружна і прызыўна малаціў першы звон у інтанацыі ніжняга «до» :

— Прыйдзі-і!.. Прыйдзі-і!..

Усё гэтак жа меншыя хоць і таропка, але зладжаным акордам і на актаву вышэй дабаўлялі, бытта цвярдзілі:

— Мы цябе чакаем!.. Мы ж цябе чакаем!..

Усё гэтак жа шапталі людзі:

— Госпадзі, памілуй!.. Госпадзі, памілуй!.. Госпадзі, памілуй!..

Паступова паміж званамі ды народам устанавілася зла-джанасць — музыкальны рытм. Як толькі наверсе прагучала, ашалелы Давідзюк к небу ўскідваў рукі ды грамавым голасам крычаў:

— Госпадзі, сыдзі!

Агорнутыя такой жа раз'юшанасцю і адчайна, нібы жадаючы прымусіць не вельмі скорага да дзеяння, надта ж занятога ўсяленскімі клопатамі бога на хвіліну адлучыцца ад сваіх нябесных спраў ды зрабіць тое, што рабіць абавязаны, поўныя страху людзі паўтаралі:

— Госпадзі, сыдзі!

— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..— бронзавыя волаты пацвер-дзілі, прыпячаталі катэгарычнае патрабаванне людзей і панеслі, панеслі яго ў бяздонную высь.

— Сыдзі да нас, госпадзі! — яшчэ мацней выгукнуў азвярэлы апостал.

— Сыдзі да нас, госпадзі! — ужо, як рыданне, вырваўся лямант з соцень грудзей.

— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..

— Хадзі да нас, госпадзі!..

— Хадзі да нас, госпадзі!..