— Бом!.. Цілім-цілім-цілім!..
То былі рытмічныя і магутныя, як гром, выбухі калектыўнага шаленства і адчаю даведзеных да самай высокай экзальтацыі людзей — агорнутых адзіным парывам веры і жаданняў.
У такім напружанні надышоў час снядання.
Папрачыналіся галодныя дзеці і пачалі шукаць сваіх бацькоў. Усе былі вельмі занятыя, малых білі, адганялі, але нічога не дапамагала — дзеці ўзнялі лямант.
Нехта запрапанаваў сабраць іх разам ды пад назіраннем мацярок з груднымі малымі і з цяжарнымі маладзіцамі ды з торбамі ежы «выправадзіць дзіцячы сад» на балота збіраць кветкі.
Чакаць запаветнага часу яшчэ трэба было, мажліва, і некалькі гадзін, таму ўсе згадзіліся, і бабы пачалі даваць сваім малым апошнія наказы.
— Манечка, калі загрыміць і забліскае, адразу бя-жы сюды, мілая! А калі згубішса — не плач! Падыдзі да анёла і скажы яму — хачу да свае мамкі!.. Ён цябе і давядзе! Толькі ветлівенько прасі, дачушка!..
— I ты, Міколка, глядзі, будзь ветлівым!.. А мо вас сам гасподзь бог будзе пра што пытацца, то скажы яму, чый ты сынок, пакланіса ў ногі ды руку пацалуй яму!.. Ён будзе такі стары, барадаты, бы наш дзед Мікодым!.. Толькі не бойса, ён — добры!.. Адно з чортам не гавары ні пра што!.. Чорта таксамо адразу пазнаеш, ён з рагамі, з хвастом, на нагах будзе мець конскія капыты!.. Не бойса яго, твой архангел у крыўду цябе не дасць!
— А як захочуць вас, дзеткі, у ангелы браць, то вы адно не супраціўляйцеса! — умяшалася ў сямейную гутарку цётка Піліпіха.— Будзе вам тады надто добро, яшчэ і свайму татку з мамкай файно дапаможаце!
— Гэ, і крыльцы нам дадуць, цёцю? — дапытваліся дасціпныя малыя.
— А !.. Святы Пятрук падрыхтаваў вам і белыя, і жоўтыя, і рабенькія!..
— Назусім?
— Назусім.
— I з пёркамі?
— Вядомо.
— I можно будзе лётаць імі і зоркі збіраць?
— Вядомо!
— Эх, як добро!..
Падскакваючы ад радасці, шчаслівыя дзеці панесліся за праважатымі.
Мінуў час абеду. Званы ўсё галасілі на ўсю моц, а людзі пад камандай ужо іншых крыкуноў-апосталаў прасілі, патрабавалі ў бога сысці да іх на зямлю. Змораны да смерці Давідзюк зваліўся на хорах спаць.
Гэтак жа званы і людзі галасілі праз пару гадзін, і калі пачало заходзіць сонца...
З вяночкамі на галовах, з уюкамі ды конікамі ў кошычках і скрыначках ад запалак вярнуліся з балота перамурзаныя ў ціну, з кропінкамі зялёнай раскі дзеді. Малыя пачалі прасіць есці, хваліцца трафеямі і вопытам дня.
— Мам, а чаму на неба не паляцелі?! — дзівіліся некаторыя.
Бацькам якраз было не да іх. Адно цяпер багамолы пачалі прыходзіць да свядомасці.
Людзі са здзіўленнем і з насцярожанай трывогай сталі кумекаць, што нічога не здарылася. Пастылы, ненавісны свет не толькі не развальваўся — не ўздрыгануў нават!
I дрэвы, і платы, і халупкі стаялі сабе, як заўсёды. Ні разу і не грымнула!.. Унь — грыбоўшчынцы вяртаюцца з поля. Вясковыя пастушкі гналі ў хлявы кароў. Красулі важна неслі перапоўненыя вымя, вызваньвалі прысохлымі да круглых бакоў бразгулямі памёту. За статкам ляніва цягнулася воблака пылу. На крайнім гумне бусліная сямейка збіралася начаваць, бусліха адставіла пруцік нагі, нахіліла галаву і пачухала дзюбай тоненькае календа. А там мужчыны з разакамі на плячах вярталіся з торфу. Гасцінцам плялася з Крынак нейкая фурманка. З выгану імчаў вярхом хлопчык. Ён наўскапыт гнаў каня, нібы збіраўся проста з ім узляцець на неба...
Ашаломленыя людзі з недаўменнем азіраліся, памалу даходзілі да розуму — дзе яны, і што з імі адбываецца.
— Дарагія браты і сёстры, гасподзь бог спусціў нам вялікую міласць! — аб'явіў хрыплым голасам, адпачыўшы, Давідзюк.— У сваёй бязмернай дабраце ён павёў падлік існавання зямлі не з дня нараджэння Хрыста, а з дня яго Галгофы і дазволіў яшчэ трыццаць тры гады насіць нам крыж галгофскі на грэшнай зямлі, каб шчэ раз мы змаглі паказаць нашу любоў да яго і вернасць! Дак вазрадуймосо, вазлікуймо!.. За тое, што ўсявышні явіў нам новае знаменне, пашкадаваў нас, грэшных, пастаньмо ўсе на калені ды скажамо...
Людзей прамова яго раззлавала.
Адчуваючы, як натоўп пачынае варожа гаманіць, Альяш з апосталамі вышмыгнулі з тлуму ў поле. Грыбоўшчынскія мужчыны потым бачылі, як у кустах разлютаваная Тэкля напала на нявенчанага мужа:
— А-а, то ўсё гэто ты вы-ыдумаў?! Нахлусі-іў?! Што ты, чорт стары, натварыў, уяўляаеш сабе?!
I яна накінулася з кіпцюрамі.
— Я не вінаваты, што яны... Перастань...— слаба бараніўся прарок.
— Ах, Тэклечка, ах, золатцо, не трэ-эбо, не трэ-эбо, айцу Ілье і самому цяжко, бачыш — перажывае гэтак чалавек! — разбараняла іх Хімка.— Ратуймо яго хутчэй, покуль не позно!.. Потым сабе яго аблаеш, дома, а цяпер адвядзём адгэтуль, а то грэх будзе, калі людзі зробяць з ім што-небудзь, ой, велькі грэх!..