Выбрать главу

— I то праўда! Няўжэ мы такія слабакі, не можам катораго прыціснуць, каб другім было непавадно?

Учарашняга куміра людзі гатовы былі задушыць.

Якраз у гэты момант канчаткова праваліўся і Мурашка. Калі яго «сіяністы», не дачакаўшыся канца свету, таксама ўзнялі бунт, прайдзісвет Мурашка прыхапіў абшчынныя грошы, Вольгу Кавальчук і даў драла ў Аргенціну. Вольга мела ад першага мужа шасцёра дзяцей! Практычная маці адразу кожнаму з іх купіла за акіянам па мураванцы...

Дзядзька Альяш не быў здольны на тое, каб з Сакольскай ашчаднай касы забраць свае скарбы ды з Тэкляй уцячы таксама за акіян і жыць прыпяваючы. Упарты мужык па-за Грыбоўшчынай жыцця сабе не ўяўляў. Не могучы і мінуты пасядзець без работы, ён асцярожна пачаў выязджаць на поле з плугам ці бараной, а на дзень адпраўляўся спаць да суседзяў, куды Тэкля прыносіла яму кожны раз гаршчочак з кашай.

Прайшоў дзень, прайшоў другі.

Мінуў цэлы тыдзень...

Альяш ужо падумаў, што небяспека мінула. А ў гэты час пад Бельскам самыя заядлыя ў мінулым Альяшовы паклокнікі свайму былому ідалу рыхтавалі пакутніцкую смерць.

На скрыжаванні дарог Бельск — Гайнаўка — Заблудаў з адпаведнымі малітвамі і заклёнамі бяльчане спілавалі ноччу стогадовы дуб. Цеслі змайстравалі са свежага камля здаровы крыж з адной перакладзінай, а бабы павязалі пад перакладзіну льняны фартушок. Тады мужыкі ўзвалілі крыж сабе на плечы і, ні мінуты не спыняючыся, пакрочылі на поўнач — у бок Крынак.

Бяльчане ішлі праз Заблудаў, Міхалова, Гарадок, станцыю Валілы, Случанку...

Па вёсках мужчын пыталіся, куды яны валакуць такую ношу, але бяльчане маўчалі. Прызналіся аднаму Салвесю, і то ледзьве ён ад іх прызнанне такое выцягнуў.

Страшавец якраз вазіў свінню да пародзістага кныра ў Пілатоўшчыну і на случанскай грэблі дзіўную працэсію спаткаў.

— Што здарыласо, мужчынкі?! — пацікавіўся дзядзька.

Яму не адказалі.

— Бо так трэбо! — кінуў нарэшце Салвесю згорблены ад цяжару знаёмы мужык, калі страшавец пытанне паўтарыў.

Салвесь тут пазнаў яшчэ пару сялян з Масева, з якімі да першай сусветнай вайны, па царскаму ўказу, вазіў раскідваць па пушчанскім дзялянкам зубрам бульбу і бручку. Заінтрыгаваны дзядзька звярнуўся ўжо да іх:

— Масеўцы, куды вы, пад халеру, з такім грузам прэце, цяжко вам адказаць? Коней у вас не стало ці якой халеры?.. Скажэце ўрэшце, ну?!.

Але і знаёмыя адварочвалі галовы. Толькі адзін з іх буркнуў:

— Пачакай, хутко пачуеш!..

Тады меншы хлапец не вытрываў, пахваліўся:

— У Грыбаво ідзём, дзядзьку!..

— А чаму такім вяселлем?..

— Альяша будзем правяраць!..

Сусед маладога нядобра бліснуў вачыма ды паспяшыў Салвеся запэўніць:

— Мы ж яго і праве-ерым, дзядзьку, не сумнява-айцеса!.. Больш абдурваць не захо-оча!

— Шчэ іншым закажа! — дадаў трэці.

— Няўжэ валачэце гэто на грыбоўшчынскаго чмутара?! — вельмі здзівіўся страшавец.

— Не такі ён ужэ і чмутар, як некаторыя думаюць!..— азваўся малады зноў.

— Разумны занадто!..

— Для сябе адно!..

Больш Салвесю даведацца нічога не ўдалося.

Хімка з усім сваім прыданым была ўжо вярнулася ў Страшава, але покуль што не знаходзіла сабе месца. Дзядзька Салвесь у нашай хаце падрабязна размаляваў пра сустрэчу на случанскай грэблі, і бацькава сястра ўсхапілася з лавы:

— Ой, а я ўсё гадаю цэлую раніцу тут, чаму мне гэто сырое мясо прысніласо!.. Праўду, Манька, вы казалі, што — на кепскае! — пахваліла яна маму за здагадлівасць.

— Пра гэто табе нават кожны дурань скажа! — па-скромнічала мама.— Калі только з'явіцца яно ноччу ва сне — чакай бяды!..

— Так жа яно і выйшло!.. Трэ бегчы зноў у Грыбоўшчыну! Шчэ зробяць што нядобрае з ім!..

— А яго Тэкля — навошта там?!

— Не спра-авіцца!.. Не спра-авіцца ёй, беднуй, калі гэтак уз'еліса на яго багамолы!.. Я іх ведаю — такія заядлыя, усенько могуць!..

— Хімка, якая цябе нагла туды папрэ: мала табе было той гульні? — адгаворвала мама.

— Бяжы, бяжы, шчэ і ты падлезеш куды-небудзь пад кулясу! — падпалохваў сястру брат.

Аднак Хімка як бы ў доказ даўняй ісціны, што мы часамі не так даражым чалавекам за дабро, якое зрабіў нам ён, як за тое, што зрабілі яму мы, вядома, не паслухалася.

2.

Бяльчане з крыжам прыбылі ў Вершалін на світанні. Дзядзька пры месяцы цэлую ноч за гумнамі абганяў сошкай бульбу, толькі што распрог змакрэлага буланчыка ды збіраўся ісці на сняданне. У гэты момант старога і зацапалі.

Адны бяльчане адразу пад ліпай пачалі капаць ямку, другія расселіся вартаваць крыж, трэція — вывалаклі дзядзьку з падворка, паставілі ў круг.