— Шчэ і дручкі пабралі ў рукі!..
— Пазашываліса ў сваю пушчу, жывеце адно з зубрамі ды аленямі і думаеце не тым месцам, якое чалавеку на гэто вызначано!.. Во, паглядзі, ты ж нават і не ўмываўсо ўжэ ад вялікадня ці — новаго року: на табе вошай, як на паршывай сучцы блох!..
— Гаспадарлівы надто, эканоміць на мыле!..
Покуль грыбоўшчынцы так спрачаліся з гасцямі, Альяшоў зяць са старым Аўхімюком праніклі ў хату. Блакіраваны дзядзька Клімовіч усхапіўся з падлогі.
— Халера на цябе, ці я не гаварыў табе, што дажывеш, калі яны табе галаву скруцяць за твае выдумкі?— з месца аблаяў яго сябар.— Ці не казаў — не палітыкуй, не дражні людзей, бо гэтым не жартуюць, прызнавайса?!
— Казаў ты, Базыль, было гэто...
— А-а, прызнаешса?! А дзе твае апосталы?! Дзе тыя жулікі — Рогусь твой, Давідзюк, Бельскі?! Дзе святыя дзевы?! Дзе той балагол міхайлоўскі, Ломнік?! Пацалуй у с... ім! Пакінулі цябе аднаго з ашалелымі сектантамі і паўцякалі!.. Во колькі храпе іх там — цэлае войско!.. Ты іх спарадзіў, а яны цябе і вырашаць, от смеху будзе — на цэлую Польшчу!.. I не ўратуе цябе нават твая матка боска Чанстахоўска!..
— Дальбо, праўда, Базыль, дальбо!.. Гэтым людзям, гэтым лю-удзям, ты падумай, я ўсю душу, усяго сябе, а яны... Я ім!.. Я для іх найлепшыя званы раздабыў, толькі ў Кракаве такія ў касцёлах, браты Кавальскія мне потым прызналіса па сакрэту!.. Адваліў па пяць тысяч з палавінай за кожны!.. Хай, думаю, маюць сабе — дарагія, файныя, з малінавым зво-онам!..
— Што мелеш?! — спыніў яго сябар.
Альяш не слухаў.
— Не-е, самі яны ніколі на тое не пайшлі б! То папы іх падаслалі, я ведаю!.. Гэтыя ненаедныя кудлы ўсё могуць!.. Іаан Кранштанкі папярэджваў!.. I цацалісты вады намуцілі, бо я ім папярок горла стаў. Брата майго спляжылі, потым Распуціна забілі і пад мяне даўно падкопваюццо і падкопваюццо!.. Але чаму, скажы, народ паддаўсо на чужую дудку, чаму паверыў?!
I сямідзесяцігадовы дзед з крыўды раптам расплакаўся.
— Ы-ы, то ты зноў за сваё?! — паківаў галавой Аўхімюк.— Эх, сівая барада, сівая барада, а — ёлуп ёлупам, і нічого, мабыць, цябе не пераменіць ужэ, капут!
— Ёлуп, Базыльку, шчэ й які!.. Падумай сам: я для іх Вершалін будаваў, так стараўсо, на тваіх жа вачах усё было, скажы?! I на высокім падмурку зрубы клаў, і на вапне, як у пана Гурскага, двары — з ганачкамі і горкамі!.. I майстроў самых лепшых ім раздабыў, нават шкло каляровае прывёз аж з самой Бярозаўскай гуты, і карпаў у ставы напускаў!.. Нават лебедзеў з Гродзенскаго заапарка ім прывёз, пусціў на ваду, а яны — ненаеднаму архірэю і цацалістам прадаліса, на іхнюю руку пайшлі...
Увесь гэты час Волесь вымаў з рамы акно, якое дагэтуль ніколі ніхто не адчыняў. Нарэшце яно адчынілася, і зяць выглянуў на падворак. Там стаяла Тэкля і давала знакі.
— Дзядзьку Альяш,— перабіў іх Волесь шэптам.— Вартаўнікам Чарнецкі зубы загаворыць, ён на гэто спраўны! Банадык пачне байку ў Грыбоўшчыне то не скончыць у Крынках, а вы покуль што ўцякайце!.. Унь і цётка Тэкля вас чакае!
— Ха!..— жвава схапіўся прарок.
— Ну, давай, давай, паўзі праз акно з уласнай хаты, бы які злодзей! — не пераставаў здзекавацца стары Базыль.— Ото ж нарагочуццо заўтра людзі, калі днём бабы разнясуць па вёсцы, як ты ратаваўсо ад сваіх жа багамолаў!.. Сам нават раскажу!.. Не бойса, выпаўзай, выпаўзай, арціст з пагарэлага ціятра, дапамагу!
Клімовіча падсадзілі на падаконнік з засушанымі мухамі і адтуль асцярожна спусцілі ў агародчык. На двары яго падхапіла Тэкля і павяла за гумно.
Калі небяспека мінула, Тэкля за гумнамі расплакалася ды пачала хвастаць старога па твары:
— Ці табе я не казала — не начуй у сваёй хаце, не начуй, чаго табе заглядваць туды было?! Чаму да Вольгі сваёй не пайшоў, чаму?! Во, во, маеш!..
— Я толькі заехаў на падворак, шчэ й не выпраг нават каня зусім — ухіляўся стары.— Я ж не спадзяваўсо, што яны на папоўскую дудку... Гэто іх гродзенскі архірэй новы, айцец Савва, падбухторыў!.. Пачакай, Тэкля!.. Я ж да яго, кудлатаго, шчэ дабяру-усо!..
Раззлаваная маладзіца не прымала ніякіх аргументаў і тлумачэнняў.
— Ці не прасіла цябе шчэ нават учора — вы-ыедзем адгэтуль, усё роўно павар'яцелыя сектанты жыці не дадуць нам аніяк!.. Ці дваццаць, сто, тысячу разоў — не маліла цябе?!
— Казала, Тэк...
— А-а, прызнаешса?! То чаму не слухаўсо, стары ты пень трухлявы?! Ледзьве не памерла ад страху!.. На, на, атрымлівай у мяне, каб ведаў другі раз!..
— Хто гэто думаў, каб прыбіваць мяне ўхналямі...
— Варто было, каб павісеў крыху на крыжы тым, каб ведаў іншы раз, на, на!..
Жанчына да крыві разбіла старому твар. Мужчынам давялося яшчэ раз заступацпа за Альяша.