Выбрать главу

Стары ашалеў!

— Каго ты мне сунеш, бальшавіка-а?! Каміса-ара?! Бязбо-ожніка?!

I тую Хімку, якая звяла яго з Тэкляй, хавала ад разлютаванага натоўпу, карміла, даглядала ды верна яму праслужыла пяць гадоў, прапёр Альяш з вёскі.

— Паліцыі падам, калі швэндаць сюды будзеш, запомні! — паабяцаў яшчэ.

5.

Тэкля папаўнела і пахарашэла яшчэ больш, але варта было каму-небудзь пажартаваць з яе, і адвакаты адразу браліся і за гумарыста — пасылалі павестку ў суд.

(Адно да былых «святых дзявіц», якія з маленькімі «апасталятамі» пазаставаліся цяпер у апусцелай Грыбоўшчыне саламянымі ўдовамі і ледзьве не жабравалі, Тэкля адносілася сардэчна і дапамагала ўсім, што толькі магла вырваць у старога).

Часамі сыходзіліся пасля работы грыбоўшчынскія мужчыны ды пачыналі гаворку:

— Чысты Паўтарак стаў наш Клімовіч ужэ — і дыхнуць нікому не дасць!

— Той хоць улады такой не меў! Базыль Аўхімюк зваліў яго, паліцыя яго крыху пацягала, пават і ў Гродна звазіла, але ж за тое потым яшчэ і іконку Георгія Пабеданосца ўручыла! Чапі гэтага!..

— Яго Судэцкі са сваімі гаўрыкамі такі страх панаганяў, што бабы і на двор баяцца выйсці!.. Апошніх сабак дастрэльваюць, абібокі!..

— I плоціць лайдакам гэтым!.. Такую банду меў калісьці толькі граф Браніцкі. Тады на іх хоць можно было паскардзіцца графу ці графіні, а каму заяўляць пойдзеш цяпер?..

— Не дай бог, калі з хама зробіцца пан, шчэ пра гэто даўней казалі!

6.

Зусім мажліва, што дзядзька зноў выкінуў бы які-небудзь фінт, уразіў бы небагатую фантазію наіўных і былыя паклоннікі паступова даравалі б яму прамашкі і прарока ўзнялі б на п'едэстал з яшчэ большым уздымам («Ён нічого сам кепскага не рабіў! — прыдумалі б багамолы тлумачэнне.— Усё гасподзь бог учыніў яго рукамі!..»). Бо, покуль жывуць тыя прынцыпы, за якія змагаюцца людзі, да той пары і герой, што ўжо раз звязаў сваё імя з гэтымі прынцыпамі.

Але прыйшло зызваленне 1939 года. Прынёманшчына ўступіла ў новую эпоху.

Раздзел шосты

1.

Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь, і ў перанаселеных вёсках забурліла.

Энергія шматпакутнага народа, які дагэтуль траціў яе гэтак неразумна, нарэшце атрымала накіраванне. Узрадаваныя людзі шуганулі: хто — у школы, хто — на будаўніцтва, хто — завербаваўся ў Данбас ці на Урал.

Іншыя цёткі цяпер лёталі па магазінах і ледзь не ашалелыя ад радасці куплялі на пуды соль, цукеркі-падушачкі, па сотні скрыначак запалак, па вядру нафты, цэлыя сувоі сітцу за сябе, за памершую маці, бабу — за ўсе пакаленні, што жылі ў бядзе і галечы!

А хварэй сабе ты і лячыся — колькі хочаш! Даходзіла да камізму.

На вёсках памеры хваробы вымяралі коштам лекаў і перашкодамі, з якімі дабіраліся да доктара ці знахаркі. Іншая цётка хвалілася перад суседкай, якая ў яе рэдкая хвароба:

— Два дні патраціла ў Беластоку і на адно лякарства мусела прадаць аж тры курыцы!

Цяпер лячэнне стала бясплатным. Цётка Кірыліха з абурэннем скардзілася ў нас на доктара Цукермана з Гарадка:

— Заходжу да яго, а ён ткнуў мне ў грудзі тую халодную трубачку, патрымаў крыху вухо і выпісаў пілюляў на дваццаць капеек — я на іх адно яйко патраціла!.. Ну, думаю, хоць ты і ў гальштуку, а не на тую напаў — у нас цяпер не панская ўласць, а — народная, ніц мне не зробіш!.. Вярнулася з аптэкі, кінула тыя гузічкі ад кашулі на бліскучы стол яго ды кажу: «Я да цябе гуляць прыходзіла, што ты мне гэтак танных лекаў выпісаў?!.» А Цукерман рагоча!.. Ой, людкове, от дахтары пайшлі!..

Альяшом народ амаль перастаў цікавіцца. Патрэба ў «Вершалінскім раі» адпала, і прамень «псіхалагічнага рэха», накіраваны на Грыбава, патух.

У самой Грыбоўшчыне Альяшовы будынкі сяляне разабралі і перавезлі ў суседнія вёскі на школы ды сельсаветы.

Паступова растала незакончаная вялізная, як калізей, аграмадзіна сабора — мужыкі яе разабралі на цэглу.

Засталіся толькі адзін вялізны дом і даўзёрная, пабудаваная «прускім мурам», стайня на сотню галоў коней. У доме тым збедненымі шэрымі галкамі дажывалі старыя, якім не было куды дзявацца, бо ў свой час хаціны свае яны легкадумна папрадавалі; а ў стайні — змяшчалі мужыкі на ноч коней, калі зімой прыязджалі на лесанарыхтоўкі.

Ад бельскіх сектантаў застаўся ў Грыбоўшчыне яшчэ дубовы крыж (прыземісты і здаровы стаіць ён там па сённяпші дзень як сведка той энохі!).

У адзін час органы НКУС дзядзьку Клімовіча арыштавалі, бо надта ж многа на яго пасыпалася адусюль скаргаў — пісьмы ішлі нават з Валыні.