Выбрать главу

Вілі нагнуўся, пацалаваў сябра ў вусны і пайшоў да брамкі, дзе яго чакала шайка.

2.

Яшчэ ў той самы дзень Аўхімюкоў забралі на ўчастак у Крынкі, а ўсю акругу апанавала радасць.

Не помнячы сябе ад шчасця, багамолкі бегалі ад хаты да хаты і цвярдзілі:

— Ага, чулі? Усявышні паслухаўсо просьбы Альяша, выбавіў нас ад бяды!

— Звёў са свету гэтаго смока!

— То — знак божы!..

— Е-такі гасподзь на свеце, е-е, што б хто ні казаў!

— Дараваў нам грахі, ласку праявіў!

— Расчыніў гасподзь дарогу свайму чалавеку!

— Калі ўсявышні хоча, то яўляе цуд і зло пераўтвараецца ў дабро!

— Якое шчасце, што сярод нас божы выбраннік жыве!..

— Пабачыце, як цяпер нам добро пад яго апекай будзе. Так адно калісь бывало, калі святыя вадзіліса, жылі разам з простым народам!

— Гарадскія брахалі, бытто ўсё гэто — мана! Ткнуць бы іх цяпер носам!

— Ой, каб цяпер людзі хоць добро спаткалі Альяша з таго Кранштату!

— Мы ўсе на станцыю хльшем!

Піліпіха, Руселіха, Майсак пабралі ў Востраве царкоўныя харугвы, склікалі баб, мужыкоў, і натоўп адправіўся ў Гродна спатыкаць святога чалавека, што ўратаваў вёску ад пачвары. Людзі чакалі Альяша на вакзале трое сутак, а тады з песнямі ды малітвамі павялі яго ў Грыбоўшчыну.

3.

Вестка пра тое, што Іаан Кранштацкі прызнаў гры-боўшчынскага прарока, абляцела неўзабаве вёскі. Багамолы здалёк прыходзілі і прыязджалі да Альяша, каб паўзірацца ўласнымі вачыма на «святую паперу» са знакамі самога цудатворца.

Людзі ў момант стварылі легенду.

— Пагаварыў Іаан цудатворац з нашым Альяшом, распытаў пра ўсё, пакланіўсо яму нізко, блаславіў на будаўніцтво храма дый аб'яўляе:

— Покуль мы тут з табой так файно гаварылі, Паўтарак у Грыбоўшчыне ўжэ і дух спуеціў, супакойса, Ілья!.. I не гневайса, але грошай ад цябе не прыму. Бо жыву я на вадзе і хлебе, многа не патрабую, нашто мне гэты завал? Як выйдзеш за Кранштат, так і аддай іх першаму чалавеку, каго напаткаеш!

Альяш гэтак і зрабіў. Трапіў яму салдат рыхтык. Хлапец надта ўзрадаваўся:

— Прыдаліса твае рублі, ойча, шчэ як прыдаліса!.. Гэто ж я растрату ў казне ўчыніў і тапіцца ў Фінскі заліў ішоў ужэ!..

Неўзабаве Іаан памёр. Багатыя на выдумку сяляне і гэтую падзею звязалі з Альяшом. Паліцэйскія чыны прыступілі якраз складваць пералік Іаанавай спадчыны, перапісвалі ўсе яго параходы, карэты, шубы, залатыя крыжы, сярэбраныя рэчы і тоўстыя пачкі асігнацый, а па вёсках пайшла гуляць казка.

Цудатворац на бяседзе ў Кранштаце Альяшу прызнаўся:

— Ілья, хутка, чую, усявышні мяне забярэ да сябе. На грэшнай зямлі месцо зоймеш ты, дарогу табе я аслабаніў. Ідзі і ўластвуй, дапамагай бедным людзям, змагайся з чортам, а на мае хаўтуры бог пакліча цябе з Гродна!

— I рыхтанькі так было! Памёр ён. Людзі так файно нясуць цудатворца на могілкі, і на труне ляжыць ад царскага двара крыж з белых кветак. Урачысто так сабе яны ідуць па тым Пецярбургу праз Красную плошчадзь, а за імі ўвесь народ валіць. I цар дэўсае за труной ды слёзы хусцінкай выцірае, і сама царыца з сынам, і генералы з архірэямі, а па баках войско выстраілісо і драгуны! Уздумаласо камусь задраць на небо галаву, аж там — зорка рухаецца за імі ў белы дзень!.. Нават сам імператар з імператрыцай адразу здагадаліса, хто гэто, і пакланіліса ёй!..

4.

Ішоў год за годам.

Альяшова жонка падарвалася на рабоце і памерла. Сын пасварыўся з ім, пайшоў добраахвотнікам на фронт,

Дочкі павыходзілі замуж і адракліся ад бацькі...

А дзядзька рабіў сваё. Нават у часы сусветнай бойні раз'язджаў па імперыі са скарбонкай.

Грамадзянская вайна сабраныя Альяшом рублі абясцэніла.

Між Грыбоўшчынай і Савецкай Расіяй пралягла граніца.

Аднекуль прыплёўся састарэлы Голуб. Ён, перабіваючыся жабрацтвам, нікога не пазнаючы, хадзіў па палях і ставіў крыжы на безымянных магілах, а нястомны Альяш пачаў зноў з нічога. Яго сябры — Майсакоў Пятрук і Давідзюкоў Аляксандар — адправіліся ў Канаду на лясныя работы і праз два гады прывезлі на царкву крыху долараў...

I вось за сабраныя такім чынам сродкі ў 1926 годзе Альяш Клімовіч, хоць застаўся без зямлі і сям'і, але «храм» такі пабудаваў. Выйшла звычайная, пабеленая вапнай цэркаўка, што белым яечкам цяпер прыгажэла на ўзгорку і здалёк кідалася ўсім у вочы, калі хто ехаў у Крынкі.

Будавалі самавукі-дойліды — людзі з бліжэйшых вёсак, без ніякіх, вядома, чарцяжоў, таму, калі глядзець на яе зблізку аб сіметрыі і лёгкасці прапорцый гаварыць не прыходзілася, затое ў вастраверхіх і тонкіх купалах нават і прафану кідаліся ў вочы элементы касцёльнай готыкі. Альяш гаварыў, што ў сне часта з'яўлялася маці і наказвала будаваць так, а не іначай.