Аднак многія, здавалася, зусім нармальныя дзядзькі і цёткі, павыразалі з газет тыя самыя контурныя малюнкі ды пахавалі ў патаемныя месцы.
Некаторыя з іх потым выразкі клалі сабе пад галовы перад смерцю ды з якімсьці радасным і ўпэўненым спакоем чакалі сваёй апошняй часіны, бытта не паміраць збіраліся, а — акунуцца ў вечны блажэнны сон.
(Зрэшты, яшчэ і цяпер жыве адзін дзядуля — галоўны спецыяліст мой і кансультант па «новаму вучэнню» прарока Альяша, які зацалованую, замусоленую тую выразку з газеты захоўвае як святыню!)
То была частка маіх землякоў амаль страчанага для чалавецтва пакалення — бы наша цётка Хімка, бы тыя ўсе вёскі, цэлыя пакаленні, якія гэтаксама марылі і спадзяваліся.
Ох, як асцярожна трэба ступаць нагамі!
Зямелька наша складаецца не з пясчынак, а з высушаных на пыл трагічных памылак прашчураў нашых, і высяцца на ёй не горы і пагоркі, а — застылыя сталактыты, якія ўзніклі ад няздзейсненых мараў, слёз ды цярпення цэлых пакаленняў; нараслі ад неажыццяўлёных надзей і летуценняў збядованых душ — яны заклікаюць да роздуму.
Канец месіі
Неўзабаве на СССР напала Германія.
Цераз Празнікі і бліжэйшыя белавежскія вёскі важных дарог не было. Калі праз глухі, незаезджы куток у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны праходзіла лінія фронту, людзі і не заўважылі нават.
У канцы чэрвеня адступала апошняя рота з дзвюма гарматкамі. Байцы роты запэўнілі сялян, што савецкія часці ўжо набліжаюцца да Берліна, а сталіцу Германіі наша авіяцыя зраўняла з зямлёй, і толькі адны яны вымушаны адысці на перафарміроўку, бо ва ўзводах мала камандзіраў.
Чырвонаармейцы ў Празніках паабедалі, перавязалі адны адным раны, памыліся ў рэчачцы, а іхнія гарматы пару разоў стрэльнулі ў бок Бельска. К вечару рота яшчэ раз апаражніла кацёл паходнай кухні, зрабіла пераклічку, а тады ўзнялася сабе і спакойна накіравалася палявой дарогай на Усход.
То была апошняя наша часць. Толькі на вёсцы пра тое і не падазравалі — бадзёры настрой маладых байцоў перадаўся і празнікаўцам.
У наступны дзень Тэкля з бацькам яшчэ з раніцы пагнала ў гушчары Белавежскай пушчы хаваць на ўсялякі выпадак быдла, а старога Альяша яны пакінулі вартаваць хату. Дзядзька ў сітцавай кашулі і ў апорках на босую нагу выйшаў на падворак, пагаспадарыў крыху, тады ўладкаваўся выгодна на сонейку ля парога ды пачаў сабе майстраваць граблі.
Раптам старога паклікалі з агарода:
— Эй, папаша!..
Альяш узняў галаву — са сланечніка выставала пілотка са звяздой.
— Старык, слухай, немцаў у вас няма?
З юнацкай даверлівасцю, як бы з пахвальбой баец ужо ўстаў на ўвесь рост. Падтрымліваючы, нібы грудное дзіця, правай рукой левую, хлапец смела пакрочыў да старога.
— Я ўцёк з калоны палонных!.. Нас гналі па шашы ў Ваўкавыск! Ды во, адзін фрыц стрэліў уздагон, і куля дагнала мяне ўжо ў кустах!.. Глупства, не надта баліць нават... I косць, здаецца, не пашкоджаная...
У сваім новенькім вайсковым адзенні зліваўся з зелянінай агародчыка Васька Лужын з Кастрамы, які зрабіў свой першы гераічны ўчынак на вайне — покуль што вырваўся з няволі. Ён патрабаваў не так той перавязкі, бо аўтаматная куля прашыла адно мяккія ткані, рану зацягнула струпам,— як патрабаваў прызнання свайго ўчынка і чалавечай спагады. Яшчэ яму надта хацелася пад'есці якой-небудзь стравы ды неабходна было спытацпа пра дарогу. I хлапец быў упэўнены, што ўсё гэта тут атрымае.
— Бабы твае дома?.. Перавязацца бы!..
Насустрач байцу нёсся раззлаваны Альяш.
— А-а, папашу сабе знайшоў? — віскнуў ён ды з завіднай лёгкасцю сперазаў салдата грабліскам па маладых плячах у тонкай хлапчатабумажнай гімнасцёрцы.
— Воўк табе папаша, а не я, цацаліст ты!.. Во, во, маеш яшчэ, атрымлівай!..
Прыкрываючы параненую руку, перапалоханы хлапец адступаў у сланечнік.
— Пач... Пастой!.. Дзядуля, я ж ру-ускі, асле-еп?! Чалаве-екам будзь!..
— А ты — чалавек, думаеш?! Ты — бальшавік!.. Агітатар!.. Цацалісты паршывыя!.. Папрыходзілі сюды, бо думалі, вам тут Амерыка з даларамі будзе, пажывіцеса!.. Цара скінулі і ўжэ палічылі, што так вам гэто пройдзе? О-го, немец вас хутко паставіць на пуць ісціны!.. Іхні Гітлер — самім богам пасланы на вас!
— Но, но-о, дзед, ты што...
— Звязду пачапіў?! У немцаў на пражцы выбіто «бог з намі»! Яны вам пакажуць — усіх падмятуць, пачакайце!..
Да іх падляцела Тэкліна суседка, тоўстая цётка Макарыха, і сваёй магутнай фігурай засланіла хлапца, запрычытала: