— Ах, сыно-очак, ах, зо-олатца, і да каго ж цябе лёс накіраваў, да каго ж ты прыстае-еш!.. Ці такі табе дапаможа?! У такого і снегу зімой не выпрасіш!.. Ён роднаго сына калісь на верную смерць паслаў і хоць бы што!.. Ад яго абедзве ўласныя дочкі паадракаліса нават!..
— Я ж не ведаў, мамаша, даруй, ей-богу!.. Бачу, з барадой чалавек...
— О! ізверг гэты!.. І-ірад!.. Ідзі ў той будынак, сынок, з новай страхой каторы, я зара туды вады прывалаку і бінту якога!.. Накармлю, ты ж, мусі, галодны?— адразу цётка зразумела, чаго хлапцу трэба.— Перавяжам цябе, ліст падарожніка прыкладзём ці ёду якого знойдзем!.. Пасілкуешса, сынок, ды адправішса вечарам да сваіх!..
Макарыха абрынулася на старога:
— А ты, дурань, прэч адгэтуль!.. Шчэ і Тэклі пра ўсё раскажу, то яна грабліско гэта на табе паламае, бо я і рук паганіць не стану, цьфу!.. Начмуціў у сваёй Грыбоўшчыне і да нас прыпёр?.. Тут не дамо табе развярнуцца, запамятай, не на такіх напаў!.. У-у, жыў, жыў на белым свеце столькі і нічому не навучыўсо, дурным і здохнеш ужэ!
Макарыха павяла байца ў гумно.
К абеду ў Празнікі заглянулі немцы.
На чале з афіцэрам у вёсачку завіталі салдаты другой лініі шукаць трафеяў. Убачыўшы немцаў, мужчыны ўсе як адзін пахаваліся, у апусцелых хатах засталіся толькі старыя і дзеці.
На агародах і падворках немцы падабралі парваныя плашчпалаткі. Падабралі снарадныя гільзы. Сярод выгана стаяла паламаная павозка. Нямецкія салдаты казённае барахло ляніва паскідвалі ў павозку, і афіцэр загадаў гаспадыні з бліжэйшага дома:
— Як вернецпа твой муж, каб вёз эта фура нах Свіслач, фэрштэен?
— Скажу яму, скажу-у, павязе-е!..— паабяцала перапалоханая цётка.
Афіцэр паклікаў бабак.
— Кто знает камуністэн унд юдэн? — спытаўся ў іх, блытаючы нямецкія, польскія і рускія словы.— Альзо, аўфпасэн: ко-му-ніс-тэн унд ю-дэн кто ве?
Бабкі доўга маўчалі, прыкідваліся дурнымі.
— Э-э, паночку, адкуль яны ў нас могуць быць? — нарэш-це адважылася Макарыха.— Усенькія камуністы, мабыць, пахаваліса ў сваю Маскву, там іх і шукайце, а не тут! I юдаў у нас з роду не было — па гарадах яны ўсё больш круцяцца!..
Немец са шкадаваннем паківаў галавой.
— Малеко, яйкі, маслё?..— каб хоць якую выцягнуць карысць ад іх, паказаў афіцэр пустыя сумкі.
— Гэто мо-ожно!..— ажывіліся бабы.
Каб чужынец адвязаўся ад вёскі, каб злыдні сабе пайшлі хутчэй, цёткі салдатам сунулі яек, далі і масла. Нават удоваль напаілі ўсіх малаком.
Ужо афіцэр сабраўся весці ўзвод у суседняе сяло, ды сярод жанчын з'явіўся зморшчаны, бы сушаная груша, карычневы твар бабкі Піліпіхі. Яна ўзняла на немца свае шэрыя вочы, якія ўжо, як вочы птушак, абвалаквала мутная пялёнка, і бяззубым ротам раптам прапішчала:
— Па-ане, вы пыталіша пра камуніштаў!.. Але вы пашлухайце, што я вам рашкажу!.. Затое ў нас антыхрышт е!.. Дальбо, праўда!.. Чачаліст, фэрштэй?..
Людзі ў недаўменні паўзіраліся на бабку.
— I праўда! — падхапіла ўжо другая.— Той, каторы здрадзіў сваёй веры! У гэнай хаце жыве!..
— Хаваецца там ужэ цэлы мешач! — удакладніла Піліпіха.— Як выпусцілі яго шаветы, так і хаваецца ўсё!..
— А што яму рабіць застаецца, калі гэтак усенькі народ ашукаў?!
— Ды маўчыце ж вы, цётко, што гэто мелеце языком дурным, што вы ўздумалі? — цыкнула на абаіх Макарыха.— Не слухайце вы гэтых дурных баб, пане, яны нічого не фэрштэюць!.. От, жыве тут адзін сабе цмут!
Але жанчына толькі гэтым паддала старой жару. Зморшчаная і бяззубая Піліпіха, якая некалі рабіла стаўку на «Вершалінскі рай» ды гэтак ужо была блізка да вечнага збавення, цяпер разлютавала:
— Цацалішт ён!.. Хрыштапрадавец!.. Каб ён у тым пекле, каторым нас усіх палохаў, на шамым дне шмажыўшо!.. Чэрці даўно па ім шумуюць там, пане!.. Мне вы ве-ерце, я шамая штарая ж бабаў тутэйшых, ілгаць вам не штала б!
— То колькі маўчаць?! — азвалася ўжо трэцяя бабка, што гэтаксама засталася ля разбітага карыта.— Мала і я слёз выплакала, молячы ўсё, каб дачка выздаравела ад чахоткі?.. I аж тры авечкі самыя лепшыя заперла яму, бы дурная, кужалю і грошай столькі ўбухала, а для чаго?.. Каб прапілі яго апосталы на чале з тым Рогусем!
— Ох, і папілі-і яны, а людке мае, папілі-і, пабаля-ва-алі!..
— Тыднямі, бывало, не цверазелі, з дзеўкамі пазакрываў-шыса ў тым Вершаліне, а мы папрыходзімо і валяемса пад цэрквай, як быдло тое!.. I лебедзеў сабе развялі, і карпаў, карасікаў розных, цьфу!..
— Аднімалі ад дзяцей, ад сябе, зносілі ім, звалакалі, а яны — збыткі знайшлі!.. Я апошні кужаль заперла, каб ён дачцэ старосты на імяніны мазалі мае падараваў і майстрам на анучы!..