Хімка пасмялела:
— А царква прыгожая, кажуць, бы лялька!.. I правіць у ёй прарок Альяш!
— Бабы, дальбо, той самы чалавек, што з нашымі мужыкамі сосны пускаў у Студзянцы! Цяпер там такое адкрыў, такое велькае, і даў людзям!..
— А я-то гляджу, куды гэто гайнаўскія бабы ўчора выбраліса, бы на фэст, наадзяваныя, па грыбаўской дарозе, якая нагла іх прэ ў будзень так!
— А пазаўчора — свіслачанскія!.. Ужэ каторы дзень валіць туды народ!
Мужыкоў забрала ў іх імперыялістычная вайна. Не адно пакаленне такіх цётак знаходзіла суцяшэнне ў царкве. За тысячагадовую гісторыю сваю рэлігія стварыла захапляючыя міфы, легенды і абрады, якія глыбока ўвайшлі ў свядомасць людзей. Бабы лёгка давяралі сваё гора асобе аўтарытэтнай, але пабочнай — бацюшку. Свяшчэннік цярпліва слухаў, з прафе-сіянальным уменнем супакойваў, гаіў боль, знімаў грахі і даваў парады.
Так вялося, так было трыста і сто гадоў таму назад. Але алошняму пакаленню суджана было абуджацца.
Бабкі спахапіліся, што бацюшка з нашага прыходу вельмі ж далёкі ад іх. Свяшчэннік да цётак не хаваў і гідлівасці. Каб вымыцца ў нейкай там лазні, поп кожную суботу ездзіў у далёкі горад, а покуль сесці за стол да снядання, спецыяльнай шчотачкай чысціў нават сабе зубы...
Аднойчы цётка Хімка прадала дзве курыцы, панесла яму грошы.
— Айцец Уладзімір,— папрасіла яна, — даю за здраве маго Яшкі, каб ён там не лётаў надто высоко, не выхіляўсо са сваго вераплана над той Казаню!.. Я ведаю яго — шчэ малым у мяне наравіў усюды ўзабрацца толькі і клопату мела — сцерагчы яго!.. Памаліса за Яшку, айцец Уладзімір! А заадно — і за Маню, каб яе хворыя любілі і галава ад лякарстваў не балела — гэто ж як яна іх адно церпіць?
Бацюшка пачастунак узяў, але Хімкі слухаць не стаў. Яшчэ зазлаваў нават:
— У камсомоліі ці ў саўдэпіі, нябось?! Крыжы з цэркваў здымаюць твае дзеці там, а ты — «памаліса»! Усе яны пячаткай антыхрыста будуць мечаныя для страшнага суда, усё ім адрыгнецца потым!
Кірыліха і Сахарыха аб сваіх сынах, бязбожніках, перад ім і рота не смелі адкрыць. Як тыя дрэвы, што стаяць у вадзе, а засыхаюць ад смагі, яны аж задыхаліся ад адзіноты і суму, хоць жылі заўсёды сярод людзей.
Затузаныя бабкі, бытта за саломінку, схапіліся цяпер за вестку з Грыбоўшчыны. Яны ўраз паверылі ва ўсё тое, што выдумалі самі, а іхнія збядованыя і ўстрывожаныя душы пацягнула да Альяша з яго незвычайнай царквой.
— Во, цяпер уздыхне-ем!— радавалася на нашым падвор-ку цётка Кірыліха.
— Вядомо!— загаварыла Сахарыха. — Бо прарок — свой мужык. Такі табе і дапаможа, і выслухае, і зразумее!.. Нават вылечыць, сцаліць твае раны, а беднаму шчэ і грошык дасць які на дарогу!
— Свой свайго зразумее, чаму не-е,— падсумавала Кірыліха. — Такія апекуны бедных і няшчасных толькі калісь былі. Затое тады і людзі добро мелі!
— О-о, мае тато з мамай, памятаю, як пачнуць расказ-ваць, як файно калісь бывало, як пачну-уць, то я аж не веру! — успомніла Хімка.
— Усе мы былі крыху недавяркамі. Шкада, не вернеш ужэ таго часу!
— Жонаў-міраносіцаў склікае Альяш да сябе! — аб'явіла Сахарыха.— Мая пляменніна Ліза з Меляшкоў — тая, што мужык за блуд з хаты прагнаў, ужэ адправіласа з гайнаўскімі бабамі да яго! Учора заходзіла з клумкамі адпачыць...
— Каму можно — грэх не пайсці да такого дзела!
Хімка задумалася.
— То і мне мо падацца ў тыя міраносіцы?.. Усё роўно я тут адная, як той пень...
Бабкі падхапілі:
— Маеш рэхт, Хімачко!
— Дальбо, сам Ісус Хрыстос падае табе руку, каб з гора выбавіць!..
— Але ці спраўлюсо я, ці прыме бог маю ахвяру?!
— Правер! Не прыме — толькі бяды той! Вернешса, і годзе, нічого ж не прападзе твайго!
— Па табе тут хто плакаць, думаеш, стане або ты надто брату ці брацісе патрэбная? Адзінокая, бы тая зязюля, кукуеш з дня ў дзень!
— Ой, куку-ую, ой, мне тру-удно часам, бо-ожа ты мой!— заплакала яна.
— То і слёз дарэмно не лі!
— Ідзі, ідзі, не раздумвай, шчэ і святой станеш!
Хімка ўздыхнула ды пачала выцірацца.
Памалу ашаламляючая вестка пра грыбоўшчынскі цуд агарнула вёкі, як лясны пажар. I не мела значэння, што навокал знаходзіліся людзі, якія ведалі падрабязна, як узнікла царква і што ў ёй за прарок: абяздоленым хочацца ўспрымаць толькі тое, што прагнуць іхнія нешчаслівыя душы.
Наша Хімка пачала рыхтавацца ў паход пасля таго, як прысніўся ёй прарочы сон.
— Ах, сніцца мне, бабы,— апавядала яна раніцой,— бытта я сяджу за сталом у мамы і трымаю пяро, а перада мною во так — сшытак ляжыць. I хтось мне гаворыць з-за спіны: