— А маю пляменніцу дак лейцамі вылечыў! — пахвалілася цётка Сахарыха.
— То тваю Лізу ён біў, а да калекі з Дзернякова Ілья толькі дакрануўся, а нага — раз-два і адрасла! Калека адкінуў кульбы і сабе пайшоў! Толькі шрам у яго застаўсо, як бардовая нітачка, каб людзі памяталі, што бог стварыў такі цуд! Чалавек цяпер усім дае той шрам памацаць!.. А з-пад Картуз-Бярозы мужык вёз жонку. У яго бабу штось улезло... «Куды ты мяне валачэш, я туды і галавы не магу павярнуць!»— гаварыла штось у ёй, а сама ўсё заходзіласа ад плачу. Альяш прачытаў над ёй «Іжэ херувімы», «Верую»... Учора мужык вёз яе зноў праз Страшаво дахаты. «Есці хочацца надто! Ой, і так мне до-обро, лё-огко, бы гаючай вады напіласа!»
— Гэто ўжэ яна цяпер так гаворыць!— дапамагла Сахарыха цётцы Кірылісе.
— Ну! «Бач, а ты ўсё ўпірааласа, бы маленькая, не хацела ўсё!..»
— Так мужык кажа!
— «Дальбух, Серафім, нічога не памятаю!»
— Зноў — яна!
— Ну! Я накарміла яе. Пасядалі абое на воз і так харашэ сабе паехалі — бы два галубкі! — Кірыліха абвяла ўсіх пераможнымі вачыма: — От што значыць боская сіла!
Цётчын старэйшы сын быў цяжка хворы. Каб лячыць яго, не хапіла б і ўсяе Кірылавай гаспадаркі. Якая маці не ўзрадавалася б гэткай аказии?
Бачачы, што мама яшчэ сумняваецца, цётка горача пераконвала:
— Манька, паглядзела б, што там робіцца, дальбух! Бы тых дроў, усялякіх кульбаў валяецца ля царквы! Нават возікі на калёсах ад равэраў пакіданыя!.. А сляпыя, што сталі бачыць, з сініх акуляраў цэлую горку ўтварылі!.. I яшчэ дзіво: хто туды ідзе, ногі — бы там волавам наліваюццо ад стомы, а назад — як на крыллях цябе прэ боская сіла! Якісь Сямён з-пад Вілейкі, босы, без ніякаго абутку, па снезе зімой прыйшоў да Грыбоўшчыны, і ногі не адмерзлі! Данілюк з Рыбалаў зімой пасадзіў у воз старую маці, хворую жонку, цешчу, траіх дачок і паехаў туды. Усенькую ноч прасядзелі яны на снезе на кукішках, прамаліліса, а вярнуліса ў свае Рыбалы — хоць бы кашлянуло каторае з іх!
Кірыліха ў Грыбоўшчыне яшчэ ні разу не была. Мама хацела пра гэта цётцы сказаць, але ўспомніла яе прыпадачнага Васіля і прамаўчала.
Хваробы маюць адносіны і да працэсаў псіхікі, што працякаюць у арганізме чалавека. Для нас часта не так важна тое лякарства, як асоба лекара і давер пацыента.
Напружанае чаканне і ўзбуджанасць вялізнай масы народу, прысутнічанне таго, што сімвалізуе незямныя сілы, атмасфера поўнага даверу да Альяша выклікалі ў хворых вялізны шок. Жаданне цуда, прага стаць здаровым у моманты моцнай экзальтацыі часамі і праўда прыводзілі да выздараўлення.
Легенды пра цудатворствы Альяша разыходзіліся па ўсёй Прынёманшчыне, ляцелі далей. Даходзілі нават у далёкую Заходнюю Украіну, на Палессе, за Вілейку і Нарач.
Насталі дні, і адных грошай Альяшу пачало паступаць па некалькі тысяч злотых у дзень. Раз у суткі дзядзька выручку запіхваў у конскую торбу, вёз яе ў Крынкі для падліку, а тады ў збанках закопваў у хвойнічку. Застаўшы аднаго разу пастушкоў, калі тыя яго манеткамі гулялі ў «арла» і «рэшку», Альяш пачаў выручку хаваць у гумно. Аднак і тое месца было не вельмі надзейнае,
Два вясковых вартаўнікі аднойчы схаваліся ад дажджу ў Альяшоў будынак. Адзін з іх адкінуў пару снапоў, а там — банкноты. Покуль яго сябар раздумваў — браць ці не грошы, чалавек напіхаў сабе ў кішэню сем тысяч злотых (потым добрую хату пабудаваў у Саколцы!), і святы ў наступны дзень прапажы нават не заўважыў.
Жулікаваты пляменнік нацягаў у Альяша тысяч з дзесяць, заехаў у Варшаву ды з сябрамі прапіў.
Царкоўным вартаўніком Альяш наняў Фелікса Станкевіча — сына гаспадара, што некалі гадаваў Паўтарака. Хітры Фэлюсь аднойчы старога напалохаў чортам і заграбастаў усё, што за святочны дзень багамолы знеслі.
Крынкаўскія гандляры адзін парад адным прыставалі да Альяша, каб купіць падараваныя яму пілігрымамі рэчы, фурманкамі вывозілі дабро з вёскі. Іншыя біліся за права лічыць Альяшу штодзённы збор.
З Гродзенскай настаўніцкай семінарыі, з Беластоцкай гандлёвай школы туды зачасцілі на заробкі студэнты. Хлопцы нейкі час мелі сабе крыніцу нажывы. Вучоба каштавала не абы-якія грошы, мой адзін знаёмы, дзякуючы Альяшу, скончыў нават сярэднюю прафесіянальную школу.
Грашовыя ахвяры пілігрымы складвалі проста ў горбачкі перад іконамі. Студэнт на каленях дапаўзаў да маці божай, старанна біў паклоны, і адначасова вуснамі стараўся захапіць як мага больш залатовак, ды языком запіхваў сабе іх за шчаку. Тады хлопец выбіраўся на двор, хутчэй перакладваў мокрыя залатоўкі ў кішэню і зараз жа ўшчымляўся ў натоўп, наравіў зрабіць другі заход.