Выбрать главу

Седзячы пад тым самым бэзам на валунах, што блішчалі, як адпаліраваная косць, агорнутыя забабонным страхам цёткі праводзілі ўважлівымі вачыма нямую і ўздыхалі:

— Як маецца небарака!..

— Што зробіш, калі гэтаму стварэнню гасподзь чамусьці адной клёпкі не даў!

Вечарам трэба было ўладкаваць дзяцей, клапаціцца аб вячэры — на каменнях, як ужо было сказана, сядзелі адны мужчыны. Яны выпадак разбіралі больш грунтоўна.

Прызвычаены да таго, што ўсё на свеце мае сваю прычыну, самастойны мужык, Клімовічаў Лаўрэн, ламаў сабе галаву:

— Так-то яно так. Але для чаго, скажы, трэ было нарадзіцца ёй без языка?! Каб адно мэнчыцца?..

— I забрысці не да каго-небудзь, а — да нас? — паддаваў жару Русель.— Хай бы затрымаласа ў Гуран ці Плянтах — свет жа велькі! — а то, халера,— на табе, тут!

— Недармо ўсё гэто, от пабачыце!

— Мо для выпрабавання бог паслаў?!

— А што думаеш? Раней гэтак часта бывало. Пажыве, пажыве ў вёсцы такі пасланец год-другі, потым бог да сябе яго забірае, а ў вёсцы знаменні адкрываюцца!..

Лаўрэн паківаў галавой.

— Шчэ бяды вёска не абярэцца, калі скрыўдзіць хто такую нядойду!..

— О-о, трэ цяпер глядзець ды глядзець!

— Бабы ёю заняліса!..

— Марыся мая Хайкеля папярэдзіла,— не прамінуў пахваліцца сваёй кабетай Русель.— Схадзіла да яго і зрабіла ўсё як трэ!.. Адно ці верыць такому недавярку?..

3.

Мінуў нейкі час, і нечакана для ўсіх таўстаногая дурніца нарадзіла сына.

— Бабы, а чаго ад яе хацець?..— разважыла Руселіха.— Мало — дурная, шчэ і пакорная, як цялушка!.. Што яна з дзіцем рабіць будзе?

Грыбоўшчынскія цёткі папракліналі местачковага нягодніка, што спакусіў сірату, і зачасцілі ў халупку, дзе сярод трантаў кешкалася дзіўная пара, завохкалі: дзіця з'явілася на свет вялікае і рухавае, такім бываюць адно гадавалыя малыя.

Выхаванне груднога дзіцяці — далікатная школа эмацыянальнага жыцця. Успрыняцце свету для такога жэўжыка даходзіць праз тонкае адчуванне адценкаў роднага слова, разам з ласкавым і клапатлівым, трывожным і чулым, уміленым і мудрым выражэннем мацерыных вачэй, з яе радасным захапленнем, смехам і дыханнем. Дурніца такога багацця, вядома, сыну даць не магла. Псіхіка хлопчыка, бы ў таго няшчаснага падкідыша, які трапіў у нару да ваўчыцы на выхаванне, пайшла на перакос. Але жахлівыя скуткі гэтай анамаліі людзі меліся адчуць значна пазней.

Покуль што цёткі зносілі парадзісе падарункі і дапамагалі ёй чым маглі. Жонка Аўхімюка заўважыла ў ненармальнай яшчэ і эпілепсію.

— Слухайце, бабы, але ж нямая—прыпадачная! — аб'явіла яна сяброўкам.— А божа ж мой, каб хоць не задушыла малое, калі прыступ кіне!..

Трывожыцца ім давялося нядоўга.

Крынкаўскія ўхажоры дурніцу да непрытомнасці напаілі, і яна перад вёскай сканала. Хаваць на могілках нехрышчоную поп не дазволіў, і яе закапалі на выгане. Сіраціну аддалі да гаспадара Станкевіча пасвіць гусей. Цёткі дамовіліся, вядома, што чалавек сірату завядзе ў Крынкі ды ахрысціць.

Першыя словы малы пачаў вымаўляць толькі ў шэсць год. Аднак жвавы і непераборлівы хлопчык, які еў і свіную бульбу, ніколі не хварэў ды спаў у хляве разам з каровамі, дзядзьку здавальняў.

Неўзабаве за сіратой пачалі заўважаць ненатуральную сілу.

Калі пастухі пачыналі дужацца, Станкевічаў парабак даваў рады нават пераросткам. А то ўзлазілі яму на плечы браты Аўхімюкі, і ён пёр іх праз вёску подбегам. I ніхто, напэўна, не ўмеў так «выстраліць» з жабы ці дабрацца да вераб'інага гнязда...

Станкевіч сам быў католік, усё ніяк не мог вырашыць, куды ж яму завезці малога парабка: да касцёла ці да бацюшкі? Аднаму і другому трэба было плаціць грошы альбо валачы два пуды жыта. I дзядзька нарэшце махнуў рукой.

Сірата гэтак і застаўся нехрышчоным. Людзі яму прыдумалі імя самі.

Паўтарак — празвалі асілка ў Грыбоўшчыне.

4.

У той час, калі за гусямі ў Станкевіча бегаў танны пастух, Клімовічава Юзэфіна на пагорку, жнучы, нарадзіла другога сына, Альяша. Страшаўскія хлопцы з пакалення майго дзеда ў Студзянскім лясніцтве спускалі сосны, а ў Грыбоўшчыне сталаваліся. Жыццё потым так слаўнага Альяша прайшло на іхніх вачах. Апавядаючы нам, малым, пра тое, як, калісьці жылі людзі, дзед ахвотна расказваў і пра меншага Лаўрэ-навага наследніка, і пра Паўтарака. Было пра што паслухаць.

Клімовічаў Лаўрэн трымаў сыноў у паслухмянасці, біў за справу і без прычыны, а жонка ў звычайных праявах дзіцячай натуры бачыла адну загану.

Бывала, сядзяць бабы ў нядзелю на тых самых каменнях пад плотам, а маленькі Альяш падбяжыць да Юзэфіны з галінкай бэзу ды пахвадіцца: