Выбрать главу

— Што, няма на іх управы?

— Труну не паспееш паставіць у яму, а поп ужэ, глядзіш, і адслужыў!.. Мах-мах сваім крапілам, прабумболіць абы-што і лойдзе!.. Толькі б грошы злупіць!..

— А за хрысціны як дзяруць!

— Бы з ільняного семя масло выціскаюць на маслабойцы — колькі даецца!

— Жызні не маем!.. Прыехалі сіквістратары, за падаткі апісалі ўсенько і пакінулі нас без нічого: ні свіначкі, ні кароўкі, ні курычкі!.. Было пару вулляў, і тыя ўзвалілі на воз, ы-гы-гы-гы-ы!.. — зараўла цётка на ўвесь цвінтар.

— I ў нас таксамо каморнікі лютуюць! — пастаралася перакрычаць плач іншая цётка.

— Веру нашу ганьбуюць надто!.. У нас пропаведзь чыталі па-польску, а хто крычаў, каб чытаць па-нашаму, паліцыя забрала таго ў халодную — сядзець!

— А я — на пуці кастылі забіваў. У рамонтнай брыгадзе. Мне загадалі змяніць веру. Я панам кажу: «Гэто пасталы можно так просто змяніць ці кашулю!..» Яны: «А-а, ты шчэ й адбрэхваешса?!» I з работы праперлі — узялі католіка на маё месцо!

— Скажы, Ілья, прэзідэнту таму пра ўсё гэто. У Варшаве нічого не ведаюць!.. Прэзідэнт цябе паслухае!..

— А што — прэзідэнт?! Пад бокам у гродзенскаго архірэя з Сафійскага сабора касцёл робяць!.. Нанялі нейкіх гіцляў, і тыя паскідалі ўжэ з кумпалаў праваслаўныя крыжы! Думаеш, да Масціцкаго не дайшло, думаеш, ён газет не чытае?.. Усміхаецца толькі сабе дзесь у вусы!..

— Масціцкі загадаў, а архірэй заадно з ім!

— Вядомо. Разам чаі распіваюць на балях ды на курортах вылежваюццо!

— Трэцюю ўжэ чэркву ў Гродне нявечаць!..

— Каля Хэлмна і Седлец — пяцьсот штук, дзеду, іх закрылі, а свяшчэнікам рукі і ногі паламалі!..

— Калі гэтак пойдзе, ніводнай не застанецца!

— Гэтаго і хочуць! Паслухай, што народ ужэ спявае:

Гора наша, гора, як на свеце жыці, У цэрквах праваслаўных не будуць служыці!..

— Ужэ пад татарынам было лягчэй! Татарын той, кажуць, хоць веры не чапаў!

— Цяжко нам, Ілья, прыйшлі да цябе скардзіцца, во!

Прарок памаўчаў, як бы ўзважваў так і гэтак усе просьбы і скаргі.

— А хібо Хрысту было ле-епш?! — выбухнуў ён нечакана.— Ці лепей было, пытаю вас?

Стары хвіліну патаптаўся, як бы выбіраў сухое месца, як бы збіраўся з думкамі.

— Сядзіць у цямніцы за народ, а побач — жулік і бандыт Варава. Прыходзіць ад Понці Пілата пасланец ды кажа: «Варава, ты свабодзен, тваё месца зойме Ісус!..» I народ узняў гэтаго Паўтарака на рукі ды яшчэ з лікаваннем папёр на волю! Як было ўзірацца на ўсё з крыжа і цярпець божаму сыну?!

Нечаканы паварот гутаркі і тон прарока публіку ашаламіў. Людзі як бы перапалохаліся, што недагледзелі, далі прамашку, сказалі зусім не тое, што трэба.

— Ах, Альяшку, няўжэ-э! — падтакнула нейкая бабка.— Ён то, вядомо, столькі за нас выцерпеў, бедны, што нам грэх тут нават і рот адкрываць са скаргамі!

— Вы лепш паглядзеце, да чаго раснусцілі дзяцей сваіх! — без лагічнай сувязі з мукамі Хрыста і скаргамі мужыкоў, а пад уплывам таго, што было на душы, крычаў ужо прарок. — Не шануюць нас з вамі, бясчэсцяць!.. Толькі каторае ад зямлі адраеце і ўжэ наравіць цябе вучыць!.. Яйцо курыцу вучыць!.. Хібо гэтак абыходзіліса калісь мы са сваімі бацькамі?!.

— То ж з хаты выганяюць, Альяшку!— горка заплакала бабка з перавязаным вокам.— Хто дзе бачыў, каб мацеры даводзіласо падаваць у суд на родных дзяцей, каб судзіцца са сваімі сынамі? Старэйшы, як суне мне кулаком — зоркі пасыпаліса!.. А потым кажа — вон з хаты, га-га-га-га-а!..

— I выганяць такія, чаго ад іх чакаць, калі гарадскую распусту перанялі! Мы пры сваіх старых нават вылаяцца не смелі, не то што закурыць!..

Альяш сябе ўзвінціў да такога стану, што аж тросся, вочы яго блішчалі, і на твары з'явіліся плямы.

— Настане, ужэ хутко настане тое, што ў святым пісанні сказано: «Будзе горкі плач і скрыгат зубоў, горы на нас палезуць і каменюкі ўсіх нас накрыюць!..»

Перапалоханыя бабкі ўжо плакалі наўзрыд. Дзядзька супакоіўся, хвіліну зноў перабіраў нагамі, сумна падумаў аб нечым, затым махнуў рукой:

— Ат, чаго мы тут будзем тырчэць? Пойдзем лепш у цэркаўку, памолімсо!

6.

Пілігрымы з палёгкаю ўздыхнулі, удзячна загулі і, зачараваныя прастатой і мудрасцю легендарнага прарока, пачціва расступіліся — прапускаючы яго наперад.

Праз шчыльны шпалер целаў Альяш накіравауся да дубовых дзвярэй, паабапал якіх на сцяне былі намаляваныя два божыя асветнікі з сумнымі лікамі,— яны трымалі доўгія, разгорнутыя да зямлі хартыі са славянскай вяззю. Людзей, хто стаяў з краю, раптам абуяла шалёная адданасць да святога — бабы рынуліся цалаваць яму ногі. Дзядзька тады яшчэ не хадзіў з дужымі целаахоўнікамі, якія потым бесцырымонна адціскалі народ. Яшчэ не залашчаны, шчыра абураны Альяш то сілай выдзіраў нагу з нечых абдымкаў, то, як на распаленую патэльню, ставіў яе на штосьці жывое і мяккае, то выпадкова трапляў ботам у твары.