Выбрать главу

— Ты што, дурніца, хочаш?!— прастагнаў ён перапалоха-ны не на жарты, вырываючыся з клубка цел і шчэпленых рук.

На прыступках дзядзька перавёў дых, насцярожана азірнуўся.

Ніхто не крыўдаваў. Наадварот! Тыя, хто атрымаў у зубы ці ў галаву ботам, нібы дакрануліся да нечага запаветнага і нават шчасліва ўсміхаліся.

У крайняй дзяўчыны быў рассечаны твар і вусны. Бараду і шыю яе залівала кроў, жывымі макавымі кветкамі расплы-валася яна па белай кофце. Дзяўчына яшчэ нават не разумела, што адбылося, твар прамянеў маладой адухатворанасцю, а вочы блішчалі — у іх свяціўся водбліск спазнанага шчасця.

— Во, маеш, каб другі раз ведала!— з абураным шкадаваннем пракрычаў Альяш. — Бо выдумалі штось!.. Ікону цалуйце, я такі самы чалавек бы ўсе!

Дзядзька з-за халявы вывалак даўзёрны ключыска, са старэчай няўклюднасцю адамкнуў пудовы замок, і расхіліў да адказу масіўныя палавіны, ды пайшоў у сярэдзіну.

Праз акенца ў купале цадзілася цьмянае святло. З распяцця цяжка звісала абвітая гірляндай з дзеразы і барвінкавымі вянкамі худзёрнае і доўгае цела Хрыста. Зіхацелі падсвечнікі з тоўстымі, размаляванымі залатымі спіралькамі свечкамі — па дваццаць пяць злотых за штуку. Пад іконамі, абкладзенымі ручнікамі, трымцелі аранжавыя агеньчыкі лампадак, ад іх ірдзелі жывое серабро на абразах і незлічоныя пеўнікі на вышываных палотнах ручнікоў. Свежа памытую падлогу бабы густа пасыпалі падвялым аерам ды сітнікам.

Дзядзька патэпаў да алтара, апусціўся на адно калена і пачаў шаптаць малітву. На душы ў яго было моташна.

Альяш не мог забыцца Базылёвых шпілек і памятаў, як на яго глядзелі з падворкаў людзі. Баяцца, паважаюць. Але, нябось, грыбоўшчынцы не забыліся, як жонка з-за дзяцей цэлае жыццё кароткае ваявала з ім супроць царквы, надрывалася на рабоце, як ён яе лупцаваў. Сын яму не дараваў, папрасіўся на вайну і загінуў на аўстрыйскім фронце. Абедзве замужнія дочкі не захацелі яго нават прызнаваць. От праўда — хто хоча быць лекарам другім, не павінен паказваць ран сваіх.

Гэтым часам самазваныя памочнікі ўваліліся за прарокам першыя ды разбегліся запальваць свечкі.

На падстаўках перад абразамі і распяццем можна было ўжо разлічыць устаўленыя ў збаны букеты кветак — абвязаныя істужкамі, шнуркамі, травянымі вяночкамі ці загорнутыя ў тоўстую паперу, у якой іншая цётка з крамы прынесла мыла. У праёме паміж абразамі бялелі выразаныя з папяроснай паперы сняжынкі, густа ўтыканыя міртам.

— Куды вы, здаровыя?!— наводзіла Хрысціна парадак на прыступках.— Дайце раней іх упусціць!..

Пілігрымы паслухмяна спыніліся.

У царкву, рытмічна паскрыпваючы мыліцамі, першым пачыкілдаў інвалід.

На дошцы з ролікамі за ім пакаціўся абрубак чалавека. Ён упёрся далонямі ў зямлю, лёгка перанёс сябе цераз парог, і ролікі ўжо загулі па падлозе.

Прайшла высокая сухая дзяўчына з бледна-сіняватым, бы качынае яйцо, тварам, з ліхаманкавым позіркам.

Увалаклі на брызенце нерухомую бабу.

За насілкамі збедаваная маці ўнесла хлопчыка: тварык малога абліваўся потам, з грудзей вырывалася цяжкае дыханне, жанчына туліла худое і абвялае цельца сына да сябе ды штосьці яму, цалуючы ў лобік, шаптала.

Упаўзло яшчэ з дзесятак хворых і калек...

Паступова губляючы стрыманасць і прыстойнасць, сталі набівацца ў царкву і пілігрымы. Яны ўжо забілі ўваход, кагосьці здушылі. Пачуліся енкі і крык:

— Што ты ці-існеш?!

— Ну, куды, куды прэце, як быдло рагатае?!

— Свінні, а не людзі!.. Чалавек да вас па-харошаму, стараецца, хоча як найлепш, а вы?..

— Дай волю нашаму народу!

— Бізун патрэбен!..

Нарэшце царкву людзі запоўнілі, супакоіліся.

Жоны-міраносіцы склалі рукі да малітвы, а па іх прыкладу пачалі маліцца ўсе. Мармытанне соцень вуснаў злілося ў суцэльны гук. прытуніла боль, прабудзіла надзею, дадало нейкай сілы.

Перастаў маліцца прарок, перасталі жоны-міраносіцы, сціхлі і людзі.

Тупа пастукваючы каленнымі чашачкамі па дошках памытай падлогі, таропка папаўзла да прарока першая цётка.

— Ну, што табе баліць?— не надта ветліва спытаўся ў яе Альяш.

— Галава, Лаўрэнцьевіч!.. Памаліса за мяне!.. Мая малітва не даходзіць, я надто грэшная!..

— Галава?

— Спасу няма, так мэнчыць!.. Ад тваго слова архангелы не адвернуццо, тваё слово святыя пасланцы да самого госпада данясуць — ты на прыкмеце ў яго!