Клімовіч сціснуў далонямі цётчыны скроні, прамармытаў пару фраз малітвы і кабеціне аб'явіў:
— Мусі, паганая кроў застыла пад чэрапам!.. Яна, як збярэцца там, так і пачынае мардаваць чалавека!.. О, тут, на макаўцы!.. А п'яўкі ставіла?
— А як, жа!.. Панапіваюццо, як качулкі, аж страх, а палёгкі — ніякай!
— Ну, мо цяпер паможа! Ідзі, выздараўлівай ды зноў маліса богу, і я буду маліцца за цябе.
Альяшова ўвага да яе слабасці цётку расчуліла да слёз.
— Вялікае, вялікае, надто велькае табе дзякуй, божы чалавек! Ох, каб гасподзь бог даў табе сілы і здароўечко! I дзеткі мае будуць маліцца за цябе дзень і ноч!.. Я ўсім, усім людзям пра гэто раскажу!.. Дай залаценькую сваю ру-учаньку, падай ты мне яе... Я не — о! М-м!..
— Ну, добро, добро, я не архірэй!
Альяш адарваў ад яе вуснаў далонь.
— От, як смала прыклеіласа!.. Адчапіса!.. Ідзі, ідзі ты ўжэ!.. Ну, хто там зноў?
Вынырнула тая самая бабка з перавязаным вокам і ўжо, як перад добра знаёмым ці сваяком, расплакалася:
— Гэто ж, падумай, айцец, сыноў я так любіла, так гадавала, недасыпала начэй, а яны выраслі, пажаніліса і паказалі мне абодва фігу!.. Пабілі нас з мужыком!.. Ён злёг, а я да цябе — за парадай! З Крушынян мы!.. Э-э, ты маго добро ведаеш — Макаль Барыс, з табой разам да войска прызываўсо!.. З самого краю наша хата, калі ад вас ехаць, пад вербай з бусляніцай, успомніў?! Каб так грызлі родныя дзеці — хто калі чуў?! Нагаворнай вадой напаіў хто іх ці якое ліхо?!.
Цётка, мабыць, чула пра канфлікт Альяша з дзецьмі і была ўпэўнена, што знойдзе ў ято разуменне і падтрымку.
Прарок нечакана на яе накінуўся:
— Бо зямлі не апісала сынам, таму яны і грызуцца з табой!
У бабкі адразу высахлі вочы.
— Ага, які ты!.. Дак мы ж шчэ з бацькам жывыя!.. Як памрэм, як нас заваляць у яму, хай тады са сваімі разумнымі панскімі жанкамі і дзеляць сабе тыя гектары!
— Што-о?.. А паглядзі, як робяць крынкаўскія жыды — даросламу дзіцяці дадуць столькі дабра, каб яно само жызню магло пачынаць. Аддзеляць, а потым шчэ і дапамагаюць, покуль яно не стане на свае ногі. А ты са сваім Барысам як зрабіла, думаеш, не ведаюць людзі?
Прарок касціў цётку, адчуваў нейкую боль, бытта касціў нехта яго самога, і Альяшу зрабілася нібы лягчэй.
— Няма чаго табе тут плакаць. Што насеяла, то і жнеш. Не дуры, бабо, мне больш галавы і ідзі сабе — унь людзей шчэ колькі ў мяне чакае! А табе чаго?
— Сляпы я, Ілья-прарок!— малады мужчына тыцнуўся падзёўбаным воспай тварам Альяшу ў грудзі.— Сляпы ад нараджэння!.. Так хочацца ўбачыць сваіх!.. Зрабі цуд, божы чалавек, табе дано госпадом такое с л о в о!
Альяш азірнуўся, і Хімка зараз жа падставіла паднос. Прарок плюнуў у яго, абмакнуў палец і даткнуўся ім да вачэй сляпога.
— Калі ўсявышні злітуецца, то мо і...
— Не кажы, ад цябе памо-ожа, я ве-едаю, святая рука твая лё-огкая!.. Ты ўсё можаш!.. I с л о в о такое ведаеш, я знаю! — не памятаў ужо сябе ад шчасця сляпы.
— То ідзі, вытрымлівай пасты і маліса!
Хвіліну падумаўшы, нібы доктар, які ўспомніў яшчэ пра адно рэдкае лекарства, Альяш дадаў:
— «Верую» і пацеры божай мацеры перад кожнай ядой і перад сном кожным карысно... Толькі думаць пра што іншае тады не трэ ўжэ, бо ўсё дарэмно будзе!..
— Буду гаварыць!.. Бу-уду, айцец святы!.. Усе ночы на каленях выстойваць буду, калі гасподзь тваімі вуснамі так мне наказвае, усё зраблю!
Трымаючы сына за рукі, бацька са сваякамі вялі высокага юнака. Прышчаваты хлапец з усяе сілы ўпіраўся, набычана круціў галавой і раз-пораз выбухаў дзяціным, легкадумным смехам, бытта ззаду яго казыталі.
— Пятрук! Петручок! Не брыка-айса так, гэты дзядзько цукерачак табе дасць!— угаворвала яго маці.
— А оты не пайду-у!..
— Ідзі, ідзі-і ж, слухайса!
— Не!.. Ыэ!.. Гэ-э!..
Альяш яшчэ здалёк разгадаў хворага.
Дзядзька ўзяў у Хімкі з падноса медны крыж, і на вачах соцень пілігрымаў мелася адбыцца яшчэ адна магічная сцэна выздараўлення.
Стары з сілай апусціў плашмя цяжкі крыж на галаву хворага ды грозна закрычаў:
— Выйдзі, сатана!
Людзі стрымалі дыханне.
Вар'ят жахліва тузануўся назад, але бацька са сваякамі яго не пускалі.
У напружанай цішыні дзядзька Клімовіч пракрычаў цяпер мацней:
— Выйдзі, табе кажу, сатана!
— Га!.. Га!..— выдыхаў паветра хлапец цяпер са страхам, нібы яго штурхалі ў кіпяток, і ён з апошняй сілы трымаўся, каб туды не зваліцца. Вочы вар'ята бегалі, як у зацкаванага ката.
— А вы не ў ціятры папрыходзілі на туманныя карціны глядзець, не маўчыце!— непрыязна накінуўся Альяш на людзей.— Мо я грэшны і бог мяне не паслухае, мо хто е больш дастойны сярод вас і гасподзь пачуе яго! Сатана, выйдзі!.. Паўтарайце за мной!