— Вы-ыйдзі!.. — хорам папрасілі пілігрымы яшчэ здранцвелымі вуснамі.
— Сатана, выйдзі!— падаў ён каманду зноў.
— Выйдзі, сатана! — пракрычалі людзі цяпер ужо дружней з затоеным страхам, з нядобразычлівым абурэннем да нячыстае сілы і замерлі.
— А куд... куд-дой?— каўкнуў перасохлым горлам хворы.
Стары не зводзіў з яго вачэй:
— Кудой зайшоў!
— Не вы-ылезу тудой!— плаксіва папрасіўся не-нармальны.
— Выйдзі, нячысты!
Увесь зал, як адзін чалавек, гыркнуў ужо зларадна і з пагрозай:
— Выйдзі!
— Гэ!.. Гэ!.. Я праз галаву залез!..
— А я табе кажу, кудой забраўсо, тудой і вылезеш!— замахнуўся прарок на хворага цяжкім крыжам.
— Не-е, дзядзьку, не-е!..— завішчаў вар'ят, бы маленькі хлопчык.— Я выйшаў, дзядзьку, не трэ-эбо!
Юнак уткнуў галаву ў мацерыну кофту.
— Ну, добро, Петручок, до-обро ўжэ, ты — цаца! — стала суцяшаць яго жанчына.— Супакойса, маленькі, сціхні ўжэ, родненькі ты мой!
Хворы быў увесь спатнелы і рахманы, бы грудное дзіця, а яго плечы ўздрыгвалі ад пакоры і ціхага плачу. Людзі адыходзілі здранцвелыя. Усе з палёгкай уздыхнулі ды зашапталіся пра тое, што страшная небяспека прайшла, дзякуй богу, міма кожнага на іхніх вачах.
Мабыць, няма больш нічога страшнага, як чыстая праўда, якая такой не з'яўляецца.
— Бач, і на гэты раз сатана такі паслухаўса!— з захапленнем прашаптала бліжэйшая цётка.
— О-о, Альяш толькі так прыбядняецца і гаворыць, што не ўсё можа, а сілу мае вялі-ікую!— з гонарам праказала іншая.
— Дзякуй! Ой, вялі-ікае дзякуй табе, айцец, за выздараўленне сына! Ой, як мне цябе... Ён жа адзін у нас, і так, павер, было нам цяжко!..
— Ладно, богу дзякуй!..
Маці са слязамі на вачах ад бязмернага шчасця ледзь магла вымавіць слова і, абнімаючы рахманага хлапца, які ўсё дрыжаў ды плакаў, пачала прабівацца з мужыком і са сваякамі праз натоўп да дзвярэй.
Да Альяша з сарамлівай усмешкай паўзла Тэкля з Празнікаў — гладкая, каравокая маладзіца з расхрыстанай кофтай на грудзях і чорнай радзімкай на смуглай шыі. Кожная цётка ведала, што Тэкля доўгі час распутнічала ў Гродне з сынам памешчыка Дэлясі, потым выйшла замуж, але кінула на вёсцы мужа, старога бацьку і круціцца з маладымі мужыкамі, разводзіць сорам.
— Табе чаго?
— Адпусці мне, грэшнуй, мае віны!.. Закінь слаўцо перад богам за мяне, распутніцу, чалавек божы!
Альяш нарэшце пазнаў яе. Ён схапіў жанчыну за нос, павадзіў улева і ўправа і блудніцу пасарамаціў:
— Няма, няма чаго табе тут бываць, годзе! Тэкля паспрабавала абняць яго за калені.
— Айцец, пашкаду-уй, не праганя-ай!
— Ты чаго прыперласа сюды — хвастом круціць? — прарок распаляў сябе яшчэ больш: — Ідзі, ідзі з маёй царквы, каб нагі тваёй не было тут! Няма табе дарогі да госпада, ты ім праклятая!..
— Ой, не слухай яго, госпадзі, не слуухай!..— пацягнула маладзіца рукі да Хрыста.
— Не баяцца бога, швэндаюць усялякія ў святое месца! — падлашчвалася бліжэйшая хворая.
— Гнаць такіх трэ і сабакамі цкаваць! — уторыла, другая.
Альяш азірнуўся — за ім прытаілася вялікая чарга. Хрыпеў з заплюшчанымі вачыма хлопчык. Асветленая свечкамі яго маці шэрым ручніком выцірала ў малога з лобіка пот, бурбалкі сліны на вуснах ды зыркала на Альяша вачыма, у якіх было трывожнае чаканне, роспач і надзея.
Бліскучымі, расшыранымі вачыма глядзела на яго з брызенту нерухомая кабеціна з бязладна распушчанымі валасамі, і гэтак жа чакала каля яе сухотніца.
Перад іконай крыўлялася дурніца і гаварыла дзеве Марыі:
— А оты, я такая самая, як ты!
— Ве-ерачка, вялікі грэх так казаць! — упрошвала яе напужаная святатацтвам маці.
— А чаго яна тут выстаўляецца?!. А оты, яна такая самая, як я! — яшчэ больш разыходзілася дурніца.— У мяне сукенка нават лепшая, з фалдамі, во!
— Ы-ы, нячыстая сіла і ў гэтуй!
— Звяжыце яе, покуль калейка дойдзе! — параіў нехта.— Шчэ бяду накліча на ўсіх нас...
Ля іконы дзевы Марыі пачуліся валтузня і прыглу-шаны крык ненармальнай:
— А чаго яна выстаўляецца?!. А оты, я такая самая!.. Не чапайце, укушу-у!..
Нават не азірнуўся, не паглядзеў, як душаць дурніцу, не спускаў з Альяша вачэй ды цяжка і з прысвістам соп пракуранымі лёгкімі чалавек-абрубак.
Не азіраліся, таксама пакорна чакалі сваёй чаргі і ўпарта на яго глядзелі ліслівыя вочы другіх мацярок, а іхнія маршчыністыя і спатнелыя лбы адбівалі бляск свечак. Бабы папрыводзілі сваіх калек даўно, іх ён да сябе каторы дзень не дапускаў, але яны з цярплівай упартасцю нечага ўсё чакалі і чакалі...