— Ага, маўчыш, бо не хочаш прызнацца, што і гэтаго не ведаеш, гонар цябе заядае, так?
— Ха-ха-ха-ха!.. — пакаціўся бацька ад смеху. Сур'ёзны Рыгарулька нават не азірнуўся. Ён упёрся каленам у канцы бярозавых дужак хамута, зацягнуў супонь і пачаў заматваць кончык.
Парэмскага Ёзіка, з якім Альяш некалі снопікам затыкаў удовам каміны, жонка датуль пілавала, покуль мужык не здаваўся. Кожную нядзелю пасля снядання дзядзька таксама здымаў з коліка ў сенцах збрую, браў абабітую бліскучымі бляшкамі дугу з кальцом для звончыка, крочыў на падворак рыхтаваць падводу ды кілзаў каня. Праз хвіліну ён садзіў сваю тоўстую Нінку ў палукашак, валок кошык з курамі ў падарунак Альяшу, і яго фурманка ўжо плялася разам з другімі да святога месца, хоць сам Парэмскі быў бязбожнікам і глядзеў на ўсё, бы на нейкі цырк.
Многа сталых людзей ехала туды толькі з-за таго, што не было куды падзецца. Газет на вёсках амаль не выпісвалі, радыёпрыёмнікі мелі толькі багачы, а прырода чалавека такая, што яго нястрымана цягне да цікавага.
Некаторыя разважалі так:
«Збажыну ўсю пасеяў, бульву пасадзіў і нават ужэ абсажкаваў. Да сенакосу яшчэ пару тыдняў, а што маю рабіць?.. У Журовіцах і Пачаеве — быў. У Звярках пад Заблудавам, адкуль той младзенец Гаўрыіл, быў таксамо. У Падворкі, дзе ікона абнавіласа, ездзіў. У сваім прыходзе — тыя самыя анекдоты пра ксяндза і бацюшку. Сходку паны, заразы, рабіць не дазваляюць. Народ усё прэцца ў якоясь Грыбаво,— ай, была не была, махну, дай, ліхо на яго, туды і я, пагляджу!..»
Такі дзядзька таксама ішоў рыхтаваць фурманку ці пампаваў ровар, як у нас называлі веласіпед.
Гнаная прагай да новых уражанняў валіла туды і моладзь.
Уваходзіла, напрыклад, у Грыбоўшчыну кампанія юнакоў і дзяўчат і ўжо дзівілася з размовы бабак з-пад Наваградка. Цёткі вымаўлялі смешныя словы: няўжо», «нешта», а замест «са» казалі «ся»: «наелася», «напілася», «памылася»...
Іграла катрынка. Дзеці дудзелі ў гліняныя пеўнікі.
Квічалі і грызліся ашалелыя ад бяздзелля і мітусні коні...
На вочы юнакам трапіў жабрак з вялізнай бародаўкай на носе. Ён трымаў медную конаўку, выпіленую з масіўнай гільзы ад снарада, дробненька званіў па ёй пяціцалёвым цвіком і прытворна маліў:
— Падайце, падайце, Хрыста радзі, інваліду з Брусілаў-скаго прарыва! Не забывайце сына ацечаства, шматпакутнаго воіна!
Хлопцы кіўнулі на сваіх спадарожніц:
— Прасеце ў іх, дзеду. Яны багатыя, бо мы свае грошы даўно прапілі!
Барадаты абарванец, у якога ад укусаў сабак ніколі не зажывалі да каленяў ногі, уздыхнуў з прытворным шкадаваннем:
— Гэ, калі я быў молад, то меў і на дзевак голад, а пры старасці пры такой не грэбую ўжэ ніякой!
Хлопцы зарагаталі ды абкружылі жабрака з пытаннямі.
— Дзеду, а праўда, што жонка крынкаўскаго войта дала вам булку, а вы ёй каменем пабілі шыбу?
— Гэто, хлопчыкі, быў не камень, а — тая самая булка!
З вуснаў старога хітруна далей паліліся цэлыя каскады рыфмаваных вастрот — беларускіх і польскіх; на жаль, яны не да друку.
Чалавек з шышкай на носе неўзабаве спахапіўся:
— Ой, дзетачкі мае, ідзеце сабе, ідзеце, а то з-за вас тутака нічого не зараблю, старая мяне і на парог не пусціць!
Жабрак уздыхнуў, па-буслінаму падкурчыў нагу, напусціў на сябе павагу, забразгацеў меднай конаўкай ды закрычаў да баб ужо зусім у другім тоне:
— Баляць мае раны, сястрыцы міласэрныя! Ныюць раны вецерану з-пад Мукдэна, гвардзейцу яго емператарскаго высочаства, кавалеру георгіяўскіх крыжоў трох ступяней!.. Пад Сучанам я тры варожыя ланцугі адалеў: адзін напільнікам распілаваў, пад другі падлез, а трэці ланцуг пераскочыў!..
Хлопцы заржалі зноў.
— Бібліі, Бібліі амаль дарам! — зводдаль лямантаваў гандляр.— Сатана дрыжыць ад страху, убачыўшы, што «святое пісанне» танна так прадаю!..
На маладых наляцеў другі гандляр. Бязногі паляк трымаў на кіёчку сандалі і, трасучы пустой калашынай з кульцёй да калена, прадэкламаваў:
— Ludzie, ludzie, nie stójcie, tylko buty kupujcie, kto jeden raz spróbował, ten od razu dwa kupował. Jak na kołku powiesicie, 10 latek przenosicie!
Аўтаіранічная рэклама інваліда прыйшлася ўсім да сэрца.
— Пан, а дарам даеш? — спыталіся хлопцы.
— Już ten umarł dawno, kto dawał za darmo!
Побач гарланіў фокуснік:
— Amerykańska gra, za dolara — dwa! Ja mam ręce, imi kręcę. Ty masz gały żeby patrzały. Kto ma oczy z korka, ten dopłaca z worka. Śpiesz, bracie, bo jutro nie będzie!
А ля плота ў патайным куточку прымасцілася бабка Цярэніха — плянтаўская знахарка (калі ўсе лічылі, што нашага Валодзьку пакусаў шалёны сабака, ездзіла да яе «выпісваць хлеб» брату на лячэнне, вазіла ёй сала і мама).