Выбрать главу

Альяш стаў людзям апавядаць, што, калі ён пасвіў коней, раптам яго асляпіла незямное святло, на небе з'явілася багародзіца ды аб'явіла, што бог даручае яму пабудаваць на тым: пагорку, дзе яго маці нарадзіла, царкву.

Яшчэ багародзіца бытта сказала Альяшу, што тое месца будзе святым, а ён стане прарокам-цудатворцам.

Калі развіднела, на дрэве вісела іконка маці божай з Чэнстаховы. Альяш спалохаўся, іконку з гарачкі закапаў, але ў наступны дзень яна бытта зноў апынулася на той самай галіне.

Гэткія байкі тады былі надта распаўсюджаныя.

Страшаўскі Клемус на поўным сур'ёзе нам апавядаў — калі ён пасвіў валоў, раптам заныла ў яго спіна, засвярбелі ступакі. Праз хвіліну перад ім адкрылася зямля, і ў яме з агнём ён убачыў капец золата.

Не звяртаючы ўвагі на жар вуголляў, дзядзька пачаў выграбаць золата сабе ў прыпол, але яму ўсё здавалася мала. Ён дацягнуў да ракавога моманту — вяртаўся аднекуль чорт, праспяваў пеўнем, і багацце знікла.

— Во, сляды ад агню, бачыш?— паказаў ён мне свае закарэлыя рукі з белымі плямкамі, дзе прамяністымі зборачкамі нарасла маладая скура. — Эх, каб паспеў да таго, халернаго, пеўня золато тое вынесці наверх, хібо ж я такі цяпер быў бы, сынок?..

Мне і сёння дзядзьку шкода. Самаашуканства, мусіць, было такое моцнае, што і рукі ў чалавека пакрыліся пухірамі.

Яшчэ Клемус упарта і падрабязна расказваў, як перад ім з'явіўся пан Езус ды аб'явіў яго святым. Некалькі пакаленняў страшаўскіх дзяцей ведала на памяць, што сказаў Сцяпанаваму бацьку Хрыстос і дзе здарыўся цуд...

Як Клемусу яма з золатам і Хрыстос, так і поўнаму забабонаў Альяшу магла з'явіцца ў яго хваравітым уяўленні і маці божая. А мог ён усё выдумаць, але потым столькі разоў паўтараў хлусню, што і сам у яе паверыў. Так ці інакш, але страшаўцы дакладна памяталі, калі Альяш пачаў апавядаць сваю легенду, і смяяліся з яго, бы са старога Сцяпанавага бацькі.

Смяяліся людзі з грыбоўшчынца дарэмна.

Пахаваўшы маці, а разам і яе веру, якая яго пад-сцёбавала, Альяш рук не апусціў. На ўзгорку пад лесам Клімовіч і праўда пачаў капаць роў для падмурка ды вазіць туды камяні.

2.

Дзіўна паводзяць сябе часамі людзі.

У перапоўненай зале варта кашлянуць ці пазяхнуць аднаму чалавеку, як пачынаюць кашляць і пазяхаць астатнія, — гэта ж не выдумка, што за мяжой дырэктары тэатраў нанімаюць спецыяльных рагатуноў, каб сваім смехам падахвочвалі ўсю залу.

З'яву такую вучоныя пазываюць «псіхалагічным рэхам».

...Неўзабаве навіна пра аб'яўленне Альяшу маці божай і аб яго рабоце перакінулася на вёскі суседнія ды памчала па іх тым самым тысячагалосым «псіхалагічным рэхам». Імчала ўжо перайначанай, з дапаўненнямі, вырастаючы ў легенду — бытта тады, як у далёкіх сёлах людзі размалёўвалі «геройскія» ўчынкі Паўтарака.

— От, дзіво!— казала ўсхваляваная цётка.— Глядзіш з вёскі — восім чалавек капае траншэю на падмурак, а зойдзеш на пагорак — усяго адзін! Адыдзіса да вёскі, павярні галаву назад — зноў налічыш восім!.. Мроіцца табе, ці што?.. Пералічу шчэ раз. Не, такі — восім!

— Святая сіла дапамагае!

— А што думаеш?.. Аж страх бярэ!..

I на ўзгорак аднойчы збегліся бабы з Нетупы, Гуран, Вострава і Ляшчыной. Прарок якраз паехаў па каменні. Яго пагорак быў удоўж і папярок перакапаны і завалены гарбылямі ды скрынямі з вапнай. Пад навесам матава блішчала слюда на іконцы маці божай з Чэнстаховы. Праваслаўны Альяш быў сынам каталічкі, і цётак абразок не здзівіў.

— Во, тая, што падказвае яму, як храм будаваць!— прашаптала цётка Піліпіха з Празнікаў.

— Ну! — пацвердзіла і старая Руселіха.— Праз яе Юзэфіна з таго свету з сынам гаворыць!

Цётка хвіліну набожна памаўчала, успамінаючы.

— Ах божа, божа, ці даўно, здаецца, яна тут Альяша раджала!.. Якраз жыты жалі, а я са сваімі была ў той унь лагчыне. Прыбягае Лаўрэн — падабрэлы ўвесь, вінаваты — і просіць: «Цётку Маруся, ідзеце да яе туды ў снапы, ужэ пачалосо, а я не ведаю, што рабіць!..» Прылятаю адным дыхам... А стогне, а енчыць!.. I цяпер якой пашаны дачакалася, у памагатарах на небе ў багародзіцы!..

Бабы пасталі на калені, пачалі маліцца.

Усе раптам уздрыганулі ад нечаканага віску Марысінай дачкі, Русялёвай Хрысціны:

— Ой, глядзеце, на небе зноў яна!..

— Дзе?.. Дзе-е?.. — пасля хвіліны напружанага маўчання з забабонным страхам, баючыся свайго малавер'я, баючыся самі сабе прызнацца, што нічога не бачаць, зашапталі бабкі.

— Гляньце, дыхт ля хмаркі!.. Унь, кучаравай той!