Выбрать главу
* * *
А памятаеш – дах сьпіяваў пад нагамі, і горад быў з намі – мудры і спакойны; і чырвоны захад спаўзаў па сьпінах нерухомых будаў на даху «Аліварыі»?.. А мы моўчкі сачылі за дыханьнем. Мы былі адно – два Буды.
* * *
Ты загадала высечы дрэвы пад нашымі вокнамі й мы назіралі першы захад ты загадала адсячы прыхільнасьці й мы забыліся на мову ты загадала зьняць чорныя акуляры й мы забыліся на люстэркі ты прапанавала выйсьці на вуліцу й сонца рабіла нам фотасесію ў лужынах вітрынах і шыбінах аўто аднойчы ты адмяніла грошы і мы зьведалі каханьне
ПАЛІМПСЕСТЫ
накладаюцца новыя імёны запісваюцца новыя назовы слой за слоем паўзьверх старых... мы – палімпсесты і хто цяпер скажа калі была тая tabula rasa
* * *
У ліфце крэсьляцца шумерскія тэксты. Навагоднія елкі драпаюць неба пірамідальнымі структурамі. Арцюр Рэмбо шукае вошак у валасах каханай. Прыматы ў клетках мармычуць ведычныя мантры. Дыскатэчны натоўп маркітуецца пад бубны шамана. Завяршаецца эпоха неаліту.
* * *
Я – слуп, прыбіты да ганебнага чалавека. I мы абодва адчуваем безвыходнасьць гэтае сітуацыі: я хутка пушчу карані празь яго мачу ды пот, а ён чакае, калі я вырасгу настолькі высока, каб нехта накіраваў у мяне пасажырскі лайнер.
ВОСЕНЬ
Па вулках раскіданыя рэчы. У горадзе – поўны гармідар. Пустыя бутэлькі, скамечаныя недапалкі яшчэ захоўваюць цеплыню нашых вуснаў, цеплыню нашых пальцаў. Горад – закінутая кватэра. А пад нагамі храбусьціць апалае лісьце – пажоўклыя аркушы недапісаных вершаў.
ГОРАД МЕСЯЦУ
Горад-пялёстак гарнецца да сонца вільготнымі павейкамі дахаў Горад-прышч надзімаецца каб пырснуць гноем санлівых дзьвюхногіх Горад-віж цікуе за намі пражэктарам поўні Шпацчыруеш ня ведаючы што й сам высочваеш кагосьці Адэсса, ліпень
?..
Намагаўся пабачыць розьніцу між хамствам і выхаваньнем ды не пасьпеў – пасталеў. сарваныя глыткі разадраныя кашулі клаксоны бейсбольныя біты «голимые понты» etc. Няма вяртаньня да збочанага. У момант, калі адвярнуліся нават ворагі, калі словы ня вартыя нават думкі пра іх, калі ўтаптаны ў слату ўспамін і зьнішчана апошняя эсэмэска, – ці здолееш вымавіць, выходзячы на сцэну: МІР ВАМ?..
ГАРА РАЦЫІ

...Мой Вораг жыве за межамі гэтае зімы. У яго безьліч імёнаў і безьліч абліччаў. Скрозь усе цыклы ўвасабленьняў доўжыцца наш двубой.

Яго прыстанак – гара Рацыі, якую мне не агораць. У яе міфрылавым зьзяньні адбіваецца возера Дабрачыннасьці.

Яго празрыстае цела гайдаецца над ранішнім лесам на нябесных арэлях, што зьвісаць з распоратай срэбнай хвалі звонкімі нітамі сонечных промняў

Спрабую наблізіцца, намагаюся зазірнуць у ягоны твар. Блюзьнерская ўсьмешка маланкі наўсьцяж разрэзвае неба. Ірвуцца ніты арэляў. Працяты вяршалінамі, ён сьцякае на брук, дзе зьмешваецца з крывёю ды ванітамі горада.