* * *
Іду насустрач вясьне.
Жоўтыя вочы сьветлафораў
крыважэрна ўпіваюцца ў начную прастору.
Лаўлю адбітак тваіх валасоў
у вокнах апошняга катафалку.
Няпроста быць нешматслоўным.
Небаяздольны (неба, я здольны!),
іду прэч ад зімы
насустрач вясьне,
насустрач сабе.
* * *
«Бітва паміж розумам і думкамі
скончылася пераканаўчай нічыёй», –
вымавіў і нрачнуўся.
Рухаемся прыслухоўваючыся,
кахаем прыслухоўваючыся,
жывем прыслухоўваючыся...
«Шчасьлівыя, –
замілавана рэкаюць з дагератыпаў, –
вы ведаеце тое, што нам ня сьнілася...»
Па горадзе ходзіць п’яная Плачка,
ловячы гукі сваёй мовы...
Моўчкі назіраем,
як канае на нашых руках
паэзія.
* * *
Словы будуюць сьцены
словамі мосьцяць брук
словы
прыступкамі
вядуць
і
выводзяць
героя
ў
зачараваная кода
мінатаўр цярпліва чакае
* * *
«Зусім ня кожная вестка благая,
і ня кожны набытак – страта,
але сьмерць заўсёды нараджэньне», –
хацеў быў сказаць ёй,
а вымавіў адно:
«Мае спачуваньні».
Мы ніколі ня будзем ранейшымі,
і старажытная кніга,
якую я часам гартаю перад сном,
ня можа вярнуць нас у першую страфу.
Памятай толькі, што мы –
нібыта два забытыя варыянты
Божага імя;
але той, хто пачуе іх,
ідучы сярод бяззорнай пустэчы,
дашле нам крумкача
зь лістом Радасьці.
* * *
Калі ён казаў,
што мы роўныя ў сяброўстве,
я ўнутрана пасьміхаўся.
Ён вучыў мяне быць свабодным,
не зважаючы на краты –
і я стаўся вязьнем,
бо здолеў іх убачыць.
Ён ведаў самы просты спосаб,
як разбурыць горад, –
і я застаўся зь іншага боку руінаў...
Ён нічога ня мог узяць у мяне.
Усё, што я ўмеў –
тлумачьшь яму
пра яго.
I калі б мы не сустрэліся,
ён бы ўсё адно прыдумаў мяне.
Напэўна, і цяпер,
стоячы на высокім гаўбцы (ці мосьце),
ён рытуальна падпальвае
альбо падносіць да вуснаў піва
і прыдумляе рэплікі
для нашае размовы.
2003
КАЗЮЛЬКА-II
Фільтрую вачыма паветра
пільна ўглядаюся ў белую роўнядзь
а раптам шэрая постаць
што паказалася на тым канцы поля
чалавек які ведае
сядаю на сьнег і цярпліва чакаю
празь нейкі час ён моўчкі мінае мяне
ззаду цягнецца рыхлая стужка сьлядоў
гляджу яму ў сьпіну
пакуль ён не ператвараецца
ў няпэўную шэрую фігурку
на тым канцы поля
устаю й разьвярнуўшыся
крочу ў супрацьлеглы бок
усё ж ёсьць шанец
што сёньня я ступаў
шляхам прасьветленага
2002
* * *
Па горадзе рэйды паляўнічых
у пошуках цыгарэтаў
па горадзе рэйды мянтоў
у пошуках скінхэдаў
па горадзе рэйды скінхэдаў
у пошуках яшчэ кагосьці
па горадзе рэйды паэтаў
у пошуках рыфмаў
на горадзе рэйды Паэтаў
у пошуках Сэнсу
на горадзе рэйды іншых гарадоў
у пошуках сваіх гараджанаў
2003
* * *
Я напішу: жыцьцё – дзярмо.
Прачытаюць ды скажуць: дэкаданс.
Я напішу: жыцьцё – казка.
Прачытаюць ды скажуць: папса.
Я напішу: жыцьцё – казачнае дзярмо,
і яны ў адзін голас рэкнуць:
постмадэрнізм!