IV. slash/вершы
мой суразмоўца слухае мяне задумліва пазіраючы нібыта нават і скрозь ці паўз але я ведаю што ён чуе// я прамаўляю словы часам нешта выкрыкваю даводжу/ гэта можа доўжыцца гадзіны й яго непахіснасьць не палохае й не абурае// ён не вызнае ўсёведаньне ён не выражае пагарду ён не вымагае аніякае рэакцыі/ я ўсьведамляю што ніколі ня выкажу патрэбнага і ня маю таго на мэце// мы вольныя ня гледзячы на тое што маем вакол сябе адно голыя муры вязьніцы/ мне прыемна бачыць у яго вачох магчымасьць працягу нашае размовы/ я чытаю яму чужыя вершы якія ствараю за ноч/ а ён слухае
штодня/ да мяне прыходзіць чалавек/ і кажа што мы з ім –/ лепшыя сябры,/ толькі я гэтага ня памятаю/ я раю яму паменей глядзець/ танных амерыканскіх фільмаў,/ але ён усё адно прыходзіць// урэшце мне гэта надакучвае/ і я пачынаю пагаджацца,/ прашу яго падрабязьней распавесьці/ пра нашае сяброўства,/ каб успомніць// ён распавядае,/ а я займаюся сваімі справамі,/ ня надта слухаючы,/ але й не пярэчу,/ калі чую рэчы,/ якія не маглі са мной здарыцца// увесь час я крадком пазіраю/ ў бок дзьвярэй, чакаючы,/ калі зойдзе тая,/ што назавецца маёй/ адзінай
11 кастрычніка
Ніхто не павінен дажыць да сьмерці
Алесь Разанаў
унутраны кілер без замовы а так з нуды цэліць ва ўнутранага Далай-ламу й трапляе ў сябе/ але Далай-лама ўсё адно канае бо не бывае каб унутраны кілер змазаў/ хаця й не бывае каб ён страляў без замовы/ і ўжо зусім не бывае каб без унутранага кілера/ ergo калі я пішу гэтыя радкі то ўнутраны кілер не сканаў трапіўшы ў сябе/ аднак не магчыма й каб ён не забіў страляючы//давай разважаць стрэл быў адзін забіты таксама адзін/ (мажліва самы час увесьці ўнутранага К. Костнэра ў ролі ўнутранага целаахоўніка але ці варта займацца падобнай хернёй)/ а раптам Далай-ламы не было а было ну да прыкладу люстра/ так люстра ці яшчэ горш не было ні кілера ні Далай-ламы ні стрэлу/ хто ж тады сканаў/ вырашаць табе ўнутраны чытачу
зранку/ прыбіраючы ложак/ вытрэсваю адтуль/ тлустых мёртвых чарвякоў// здараецца/ што гэта нават не чарвякі/ а вужакі/ што панапаўзьлі за ноч/ я не магу/ з пэўнасьцю сказаць/ скуль яны бяруцца/ але адкрываючы дзьверы/ ў новы дзень/ заўжды адчуваю/ прыемную пустэчу ўнутры/ і выплёўваю на ходнік/ апошняга сьлімака.
– Пассажиры не знают, как называется поезд, в котором они едут. Они даже не знают, что они пассажиры.
Что они вообще могут знать?
В. Пялевін "Жоўтая страла"
глядзяць у вочы/ намагаючыся зазірнуць у душу/ сейбіты ветру на сакавіцкім лёдзе/ пэўныя ў сваёй «Наканаванасьці»/ яны сядаюць за сталы клавы друкаркі/ ствараюць новыя строфы// пасьпешліва прагортваем/ першыя кнігі/ першых паэтаў/ каб назаўсёды забыцца/ на іх імёны/ а яны зьдзіўлена глядзяць на нас/ скрозь запацелыя шыбіны/ свайго цягніка