ТРЫПТЫХ (+BONUS)
А
калі і нас паставяць на паліцы
і спаляць ветразь а стырно ўвапхнуць
туды адкуль не далятаюць енкі
разьбітых манітораў і куды
не даяжджаюць нават катафалкі...
калі тэлевізійную бландынку
пад караоке гімну на БТ
пачне ванітаваць з адное згадкі
пра надпісы на нашых надмагільлях
і дзеці закрычаць «Жыве Усама!»
тады уздымуцца мянты з асфальту
і ўкленчаць Вершніку Апошняга Усходу
Ў
зрабеце мне пункцыю мозгу
і вымыйце ўсіх прусакоў
што любяць гуляць у футбол
аскепкамі хворай сьвядомасьці
затым прывяжэце мяне
да крэсла імя Эдысона
дратамі сунічных вусоў
і дайце чаканы разрад
М
зарый у пясок пачуцьцё
закідай яго камянямі
сачы каб прамень не крануў
лядашчага цела яго
глядзі чорна-белыя сны
на мове чужой без субтытраў
і той што сядзіць унутры
няхай дадыктуе радок
bonus
маўчаньне (як сказаў сябра, – самая важная частка твору)
НАРОД ХАВАЎ
Прабіта бітай галава
успышка справа
бывала што народ хаваў
а people хаваў
задужа моцная трава
ў газеце Гавал
чытаю як народ хаваў
а people хаваў
табе сягоньня дваццаць два
састыла кава
прыгадваеш як хтось хаваў
а нехта хаваў
і вось апошняя страфа
народу слава
было аднойчы што хаваў
заўсёды хаваў
* * *
120.
Ідзеш па МКАД.
За паваротам – неба
раскрые свае абдоймы
табе і твайму аўто.
Зьлева – вэлюм смугі
сьцякае з распаранай хмары
перафарбоўваючы
ў ружовае лес і аблокі.
(які ў Яго Photoshop?)
З калонак вакол і знутры
ірвецца гітарнае сола
і завісае ў паветры
разам з падступнаю думкай:
пад гэтымі песьняй і небам
дайшоўшы да ста сарака
разьбіцца-распасьціся ў хлам
ня горшы расклад. Толькі вось
шкада, няма поруч цябе.
УСХОДНІ ГОПНІК
Ты ў натоўпе
тыўна тоўпе
тыў-нат-оў-пе!
ды й натоўп
у табе
крочыш моўчкі
віж бяз сочкі
вочкі-смочкі
кеды-дрэды
сківіцы-скінхэды
дзе ты малеча
разьдзеты й скалечаны
павярхоўна-памяркоўны
бязьмежна бязьвежавы
але жывы
дзе жа вы
дзьверы ў лета
словы [ў]
сэнсу гета
гетэрасэксу-
алькаголік
стоп!
спыніся Толік
сядзь на ходнік
усходні гопнік
спыні натоўп
заплюшчы вочы
так нас вучыць
неўміручы
Оша
руш унутар
там прыгожа
памятай і я не забуду
й ты не за буду
розум
тут і цяпер
адкрыйся й павер
VI. вер[ш]нік
* * *
Надакучыць глядзець на ваду
і на агонь
ніколі не абрыдне сьнегапад
* * *
Вясной паўсюдна знаходжу
згубленыя радкі
словы
літары
якіх не заўважаў пад сьнегам
* * *
Усеўся зранку за раман
а напісаўся
чарговы чорны верш
* * *
Увесь дзень падавалася
што на нешта забыўся
перад сном прыгадаў:
папаліць
* * *
Слота ў душах
яшчэ тры радкі
пра сьнег