* * *
Пазяханьне
ўпускаю ў сябе начны туман
пад душам ліхтароў
змываю рэшткі
хваробы
* * *
Сярод стратаў
адна з гарчэйшых
згублены верш
* * *
Ён кахаў яе
але не ўзаемна
і яна кахала яго
але не ўзаемна
* * *
Паўсюдна манкурты
твой розум прыкуты
трохкутнік пакуты
ў радок увапхнуты
ды келіх з атрутай
дасюль не крануты
вуснамі Юды
22
І. Б.
думаюць адно
пішацца іншае
супала – талент
–
магічныя лічбы
крок да
рух ад
–
непатрэбны золак
мудрыя замарочкі
спакойная старасьць
–
адсутнасьць межаў
робіць недарэчным
падзеньне ўглыб
2 чэрвеня
* * *
Колы ідуць ад поўні
колы ідуць ад дрэваў
скроні каханай помняць
вуснаў агмень forever
22 сакавіка
* * *
Выдумлялі з маці слоган
да прадуктаў харчаваньня для цяжарных
прыдумалі:
«Расьцем разам!»
і не адразу ўцямілі
што зашыфравалі
«цемру»
ВЕР[Ш]НІК
Памежны верш сьцякае на падлогу
з-пад стрыжня вылятае п’яны стрыж
крывіцкі меч выпальвае дарогу
і вершнік без імя
зь ёй утварае крыж
ТЫ
Надзеі Артымовіч
кантэксты
тэксты
ксты
VII. яна
* * *
Яна прыйшла калі туман
і золак танчыў на абрысах
і сьнег бы ў сьне
і лес быў лысы
і празь яго твой цень ступаў
яна прыйшла калі туман
радкі усмоктваліся ў лёсы
і унутры цябе – пялёстак
і кроў твая бы атрамант
яна прыйшла калі туман
сьцякаў бялюткаю прасьцінай
працяты дзідамі ялінаў
яе імя ў ім інь і ян
яна прыйшла калі сьляды
разблытваліся у паветры
і старадаўнія павер’і
прыносіў вецер малады
яна прыйшла калі туман
яго глытаў я й быў ім п’яны
і вымаўляў бязгучна: яна
зьяднаныя мы ў ёй. Аман.
Менск-Гайнаўка-Менск
лістапад