Выбрать главу

Між каменных калон сапраўды стала чуваць і плёскат вады, і шолахі ў трыснягу. Белая здань, сатканая з музыкі і абрыўкаў памяці, кружылася ў танцы перад княжым тронам, рассыпаючы серабрысты смех. І Сотвар, сцішаны, глядзеў.

Хлопчык казаў пра маладога паляўнічага, які адной раніцы прамінаў тое возера і пабачыў танец, і пачуў спевы. Яны ўпадабалі адзін аднаго, панна і паляўнічы, і зразумелі гэта, не абмяняўшыся ані слоўцам. Словы ж рэч ненадзейная, часам замінаюць, словы могуць здраджваць і падманваць, але позіркі закаханых — ніколі.

Зданяў зараз было дзве, яны танчылі разам, спавіваліся, як два агеньчыкі. Радасныя, шчаслівыя, свабодныя. І Сотвар, скамянелы, глядзеў.

А хлопчык казаў, што панне трэба было вяртацца дамоў, да любімага бацькі, і яна ўздзела крылы і паляцела. А паляўнічы не мог заставацца без яе, і таму рушыў следам. І адшукаў, і знайшоў, і панна, як ні любіла бацьку, пайшла за ім. І па дарозе яны пайшлі ўдваіх, панна і паляўнічы. Радасныя, шчаслівыя ды свабодныя. Назаўжды, назаўжды, назаўжды.

Я дазволіў сабе ўсміхнуцца. Хлопчык, які нібыта ніколі не хлусіць, свядома дазволіў сабе з паўтузіна дапушчэнняў у гэтай гісторыі. Але тым прыгажэй атрымалася. Ды і казкі павінны хораша заканчвацца, ці не так?

Музыка замірала, гасла, і гаслі пакліканыя ёй здані. А Сотвар сядзеў нерухома, прыкрыўшы вочы рукою, і маўчаў, і ўвесь Двор маўчаў таксама. Падшыванец Ясь, цяжка пераводзячы дыханне, аціраў спацелы лоб. Гэтая музыка адабрала ў яго шмат сілы, так што нават абнесла вочы цёмнымі коламі, але хлопчык усміхаўся.

На мой век прыпала дастаткова паядынкаў, каб я навучыўся адчуваць пералом у змаганні, i вось зараз адбылася несумненная перамога.

— Што ж, дзіця, — прагаварыў Сотвар павольна, гледзячы ўбок. Далонь яго мільганула каля самых вачэй і зноў апусцілася. — Мы... Я хачу аддзячыць табе за твае песні, як было абяцана.

Князь падняўся з трона і працягнуў руку.

— Падыдзі да мяне, дзіця, — запрасіў. Ясь пакасіўся на мяне і Нешку, нерашуча пераступіў з нагі на нагу, упарта звёў бровы і пакрочыў уверх, паціснуў Князеву руку.

— Два дарункі абяру я сам, — працягваў Сотвар. —

Бо дзве твае песні не прыйшліся нам пад густ. Першае: язык твой будзе лягчэйшым за пёрка i не здолее ўтрымаць цяжар хлусні. Другое: будзеш бачыць далей, чымся усе іншыя смяротныя, нават калі твае вочы замгляцца.

Словы падалі цяжка, абвівалі Яся, быццам змеі.

Патыхалі чарамі — старажытнымі, як сам Сотвар, як мы ўсе, як гэта зямля. Дар праўды i дар прадбачання, на мой густ, не самае лепшае спалучэнне, асабліва каб выжываць між людзей. Хоць з чарамі ўсё залежыць ад таго, як іх павярнуць, як імі карыстацца. Яны не благія і не добрыя ад пачатку — благі ці добры толькі той, хто нясе іх у свет.Ясь, мусіць, яшчэ не зразумеў, што гэта за дарункі, таму захоплена назіраў за сярэбраным ззяннем, што танчыла вакол яго, і спрабаваў злавіць асобныя іскры.

Трэба падняцца, папярэдзіць яго, але — не магу. І цемрадзь адтуль, зверху, куды сыходзяць вершаліны калон, абсыпаецца мне на вочы чорным пер'ем, замінае глядзець.

— Трэці дар абірай сам, — суха сказаў князь. Хлопчык зноў азірнуўся і паглядзеў на мяне.

— А што з дзядзеч. што з гэтым рыцарам будзе, княжа?

— Што б ні было з ім пасля, — прагаварыў Сотвар, змрачнеючы. — Гэта не твой клопат, дзіця.

— А можа, і мой, — Ясь з выклікам ускінуў падбароддзе. — Трэці дар ты мне дазволіў абіраць самому, ці не так, княжа?

І ён, гэты падшыванец, гэты блазан, гэты малалетні дурань, лёгкім крокам спусціўся да мяне ад княжага трона, увесь у серабрыстым ззянні, падаў мне руку, і пажадаў, сонечна ўсміхаючыся:

— Жыві, дзядзечка!..

Сонца неміласэрна пякло мне ў галаву, і галава гэтая наўпрост расколвалася. Я расплюшчыў вочы і пабачыў, што ляжу ніцма ў траве і што побач па тонкай травінцы, напружваючы ўсе сілы, паўзе жывая чырвоная кропля. Я прасачыў яе нялёгкі шлях, спачуваючы ёй ад усяе душы і перавярнуўся на спіну.

Нада мной блакітнае неба падпіраў ссівелы стаячы камень, а над ім плылі белыя-белыя, быц­цам лебядзіныя крылы, аблокі. Я глядзеў на іх, на поўныя грудзі ўдыхаючы мядовы водар верасовага мора, і, несумненна, жыў.

— Рыцар! — паклікаў мяне голас Нешкі. Я не без цяжкасці сеў, трымаючыся за бок. Той смылеў, але не болей за тое.

Побач са мной у траве ляжаў меч — чужы, бо мой, выкаваны майстрамі з-пад кургана, мірна спачываў у похвах. Мабыць, той, што Падвей калісьці пакінуў тут, забіраючы сваю князёўну.

Я ўзяў чужы меч у рукі, вывучаючы, і трохі запознена зразумеў, што гэты — чалавечы, выкаваны ў кузні з халоднага жалеза. Але злы метал маўчаў, не пагражаў і не апякаў маю скуру — прыручаны, прызнаў за свайго. За аднаго з тых, што расказваюць казкі каля сваіх ачагоў.