Выбрать главу

Абрыўкі гэтых баек даводзілася чуць і мне, калі па княжым загадзе бываў між людзей. Маўляў, тут жывуць пачвары, што насылаюць хваробы і неўраджаі, крадуць немаўлят і падмяняюць чалавечых дзяцей сваімі агіднымі выпладкамі. А яшчэ мы нібыта хапаем падарожных на скрыжаваннях ды пераправах, калі тыя з'явяцца там у ліхую гадзіну, і забіваем, і п'ём кроў з ненастылых целаў.

Усе гэтыя показкі робяцца дужа зручнымі, калі той ці іншы князёк чарговы раз вырашыць адбіць у нас нашыя ўладанні. Чалавечыя сыны кідаюць ачагі і ідуць на нас з сваім зыркім агнём і халодным жалезам. Мы адбіваемся — і яны адходзяць, адступаюць, забываюць, каб пасля вярнуцца, нібы тыя хвалі. Нас, праўда, з часам становіцца ўсё меней, а людзей большае: чалавечыя жанчыны болей плодныя, а чалавечыя дзеці выспяваюць хутчэй за нашых. І нам міжволі даводзіцца саступаць месца, сыходзіць прэч ад іх палёў і сяліб, далей ад халоднага металу, які цягне з нас жыццё.

У гэтага ў похвах пагрозліва пяе і патыхае на мяне лёдзістым холадам адкаванае рукамі людзей жалеза. І праз гэта ныюць старыя шнары — згадкі пра чужыя косткі, пасеяныя ў ненажэрных вой­нах за многія-многія гады.

— Хто... хто ты? — выгукнуў хлопчык. Голас яго падвёў, збіўся ледзь не на віскат, і ён пакутліва пачырванеў.

— Я — на сваёй зямлі, чалавечы сын, — адказаў я. — Найперш назавіся сам.

Вусны ў яго здрыгануліся. Хлопчык зноў паглядзеў на ашчэранага Стаўры, пасля перавёў позірк на мае похвы. Ацэньваў небяспеку.

— Іван, — адказаў нарэшце, пасля досыць працяглага вагання. — Іван Падвей з Кудравіц.

— І нашто ты прыйшоў сюды, Іван Падвей? Ты ж ведаеш, куды прыйшоў?

Ён неяк няўцямна хітнуў галавою — ці то пагаджаўся, ці то не. Відаць, не надта быў упэўнены. Наморшчыў лоб, узлахмаціў светлыя валасы, адпушчаныя да плеч.

— Паслухай, вой, — сказаў, не гледзячы мне ў вочы. — Я... я быў на паляванні. І згубіў дарогу. І сам не ведаю, як.

— Хлусіш, — азваўся я з прахалодаю ў голасе. Стаўры непрыязна гыркнуў, так што Пад­вей пабялеў, але хутка ўзяў сябе ў рукі. Зразумеў, што пераканаць мяне не атрымаецца, — і раз'юшыўся.

— А ты. ты сам хто такі, каб мяне на хлусні лавіць? — зараз ён задрыжаў, але не ад жаху, а ад гневу. — Даю слова гонару.

— Кашч Меднабароды, — назваўся я без асаблівай ахвоты. — Косткасей. А зараз я спытаю апошні раз, чалавечы сын. Нашто ты прыйшоў?

Твар у яго выцягнуўся. У бледна-блакітных вачах нават — о дзіва! — мільгануў цень думкі — напружанай, непаваротлівай, цяжкай, і разгадаць гэтую думку было проста. Нават калі адкінуць убок усе бязглуздыя байкі, што абкружаюць маю мянушку, я на дзве галавы вышэйшы і шырэйшы за яго ў плячах. Сталы і больш вопытны ў бойцы. І даспех мой — не кволая праца чалавечых рук, і зброя апетая чарамі.

Ён нават з сумневам азірнуўся туды, дзе спакойна пасвіўся ягоны конь, аднак уцякаць не стаў, адно ўпарта падціснуў вусны.

Бач ты, які герой.

— Паслухай, вой. Кашч, — зноў пачаў Падвей. — Вось што. Я скажу табе ўсё, як ёсць, а ты сам вырашай, што са мной рабіць.

Ён сапраўды расказаў — хаваючы пагляд і раз-пораз наліваючыся сарамлівай чырванню. На паляванні Падвей і праўда быў, але, праблукаўшы ў зарасніку каля возера ледзь не ўвесь дзень, так нічога і не здабыў. Выйшаў да вады — умыцца. А там.

— Там — яна.

Дзяўчына, значыцца. Уся ў сярэбраным ззянні, гнуткая, ладная, белатварая, з даўжэзнымі залатымі валасамі. Сядзела сабе на беразе, часала грабеньчыкам мокрыя пасмы і спявала. Ах, як спявала.

Калі гэты смешны хлопчык пачаў расказваць пра незабыўныя ды чароўныя спевы каля возера, я толькі чмыхнуў. Чалавечыя сыны могуць колькі заўгодна ваяваць з намі, называць нас пачварамі і пужаць намі сваіх дзяцей, але яны ніколі нічога не мелі супраць нашых голых баб.

— Я хацеў, — Падвей зноў зачырванеўся. — Хацеў... падысці бліжэй. Нічога такога. Проста каб загаварыць. А яна, мусіць, пачула. І хутка так.

— Збегла? Уплыла?

Хлопчык пакруціў носам.

— Перакінулася лебедзем, — адказаў ціха. — Проста... пачала падаць, і быццам замглілася, і раптам абрасла пер'ем, і так усё імкліва... мл

Я прысвіснуў ад нечаканасці, бо вось гэта было ўжо кепска. Вельмі кепска. I нават небяспечна для гэтага ўпартага ёлупня. Таму што я ведаю толькі адну золатавалосую аматарку паспяваць пасля купания, якая ўмее перакідвацца ўлебедзя.

Думаю, сама яна не магла не заўважыць чалавека ў хмызняку. Верагодней за ўсё, нават першай яго заўважыла i таму пачала спяваць, прыварожваючы, купаючыся ў паўдзіцячым захапленні. Якая ж жанчына не любіць, калі ёю захапляюцца.

Хай сабе якая іншая панна з нашых. Але тая, пра якую з такім захапленнем гаварыў гэты хлопчык, то дачка нашага князя, князёўна Мара, Марэна. Залатая каса ў маю руку таўшчынёй, пяшчотны белы тварык з вострым падбароддзем і ўпартым носікам, зацененыя густымі вейкамі вочы — зялёныя, быццам Пушча. Што гэтаму маладзенькаму дурню яна спадабалася, ды яшчэ пасля ўплеценых у песню чараў, цалкам вытлумачальна і нават натуральна.