Выбрать главу

Над курганамі і над Пушчай, як звычайна, праміналі дні. Зімою княжае паляванне высочвала баязлівых аленяў, чытаючы радкі слядоў па кнізе снежных гурбаў. Спеўна гулі сярэбраныя рагі, сокалы порстка ўзляталі з пальчатак, і ясныя панны з княжага двара, усе спрэс золатавалосыя і зеленавокія, ахалі і пляскалі ў ладкі. Спаборнічалі між сабой лучнікі, хвалячыся трапнасцю ды сілаю рук. Паляванне, Дзікі Гон, ляцела наперад, узбіваючы за сабой цэлую снежную віхуру, са свістам, грукатам і воклічамі неслася па нізкіх хмарах, і тады чалавечыя сыны шчыльней прычынялі дзверы і завешвалі вокны.

Увесну, калі на рацэ нарэшце крануўся лёд, калі прыдворныя паэты зноў пачалі перапяваць старыя песні пра старыя бойкі на новы лад, я пакінуў Двор і вярнуўся да сваёй варты на мяжы. Верны Стаўры шэрым ценем бег за мною, пераскокваючы лужыны ад расталых сумётаў, а дні большалі, і на чорных галінах бяроз каля дарогі абуджаліся да жыцця пахкія пупышкі. Пушча ажывала таксама, напаўнялася галасамі, і рухам, і колерамі, і вячыстыя дрэвы суха рыпелі, нібыта распраўляючы плечы. На курганах з вільготнай чарнаты праклёўваліся тонкія зялёныя парасткі новых траваў, а на стаячых камянях, проста на рунічным пляценні, да паўдня трымаліся цёмныя плямы сырасці.

Лета, як зазвычай, прыходзіла амаль незаўважна, раскочвалася па свежай вясновай зеляніне палымянымі сонечнымі пацалункамі, прыгаршчамі сыпала ў зялёную поўсць травы пярэстыя кропкі кветак, і спевы жаб, і галасы конікаў. Па начах, калі паветра было цёплым і густым, як малако, калі лёгкай смугою курылася за асакою рака, на небе залатою надкушанай манетаю свяціўся месяц, а ў травы, зрываючыся з неба, падалі зоркі з вогненнымі хвастамі. Стаўры, ускінуўшы вострую пысу, уважліва сачыў за імі, такімі самымі хвастатымі, як і сам, і ціхенька, тоненька, па-шчанячы падбрэхваў.

Восенню Курганова Поле пахла мёдам, бо квітнелі верасы — белыя, ліловыя, амаль чорныя.

Цэлае мора верасоў хвалявалася пад дотыкамі ветру ажно да далягляду, да цёмных зубцоў Пушчы. Камяні прагна лавілі сонечныя промні, назапашвалі цеплыню і святло, рыхтуючыся да зімы. Над курганамі павольна плылі серабрыстыя ніці павуціння.

Так прайшлі гады — тры ці мо чатыры, не магу сказаць дакладна. Мы не адчуваем час так, як адчуваюць яго чалавечыя сыны, і нават стагоддзі для нас прабягаюць амаль незаўважна, быццам пясок скрозь пальцы.

Сотвар з'явіўся побач са мною ў адзін з першых дзён восені — упершыню за доўгі час сам завітаў на мяжу. Выйшаў з ценю стаячага каменя, высокі, прамы. Абапіраўся на разны посах з зыркім зялёным самацветам, цягнуў за сабой ацяжэлы ад расы сіні плашч. Вецер кратаў князевы сярэбраныя валасы, і падавалася, быццам гэта — ніці павуціння.

У доўгіх ягоных пальцах адлівала срэбрам птушынае пёрка — напамін ад князёўны, доўгачаканая вестка.

— Яна жадае вярнуцца да нас, — сказаў мне князь, хоць я і так зразумеў, у чым справа. На яго тонкіх вуснах прамільгнула, як знічка, усмешка. Ён прадбачыў, што менавіта так усё і закончыцца, і вельмі цешыўся гэтым. Я згадаў упартага маладзенькага вар'ята — і яркі пагодны дзень чамусьці азмрочыўся.

Зрэшты, сам вінаваты. Ён ведаў, куды ішоў і за кім, ці не так?

— Вярні яе дамоў, Косткасей, — няголасна загадаў князь. На ягоную карону з танюткіх залатых дубовых лісткоў цяжка ўпаў, прыняўшы іх за сапраўдныя, белы матылёк.

Я моўчкі пакланіўся. Я не звык разважаць над княжымі загадамі: усё такі — вартаўнік, вой, зброя ў княжых руках. Зброі задумвацца не выпадае, яна паслухмяная руцэ, што яе трымае.

Уночы ўдарыла навальніца. Я, захутаўшыся ў плашч, нёсся на кані між неспакойных буркатлівых хмар. Імклівы вараны конь стрыг вострымі вушамі і голасна ржаў, і голас яго патанаў у грымотах. Маланка біла раз'юшана, праразаючы целы хмар, быццам кап'ё, і асвятляла ўсё вусцішным блакітным ззяннем.

Белае птушынае пёрка, рассыпаючы сярэбраныя іскры, плыло перада мною, паказваючы шлях, і то рабілася іскрыста-блакітным, то блякла і зноў цьмяна свяцілася праз завесу дажджу.

Хлопчык завёз яе далёка. Можа быць, падсвядома хацеў трымацца як мага далей ад месца, якое так яго пужала. І, вядома, трымаць яе, сваю князёўну, далей адтуль. Наіўны — як быццам адна з нас, калі пажадае, не знойдзе дарогі назад, дарогі дамоў. Можа быць, ён проста не надта верыў, што ягоная абранніца калі-небудзь пажадае гэтага.