Так што — сапраўды. Я кінуў думаць пра ўпартага хлопчыка і ягоную князёўну. Я адвечны вартаўнік, вой на мяжы ценю, меч у княжай руцэ. Толькі і ўсяго, не болей і не меней.
У пагодныя дні з ценю пад каменем выходзіла ціхая Нешка — маленькая панна з княжага двара, прыслужніца князёўны. Асцярожна выцягвала за сабой вялікую клетку з залатымі прутамі, ставіла ў траву на вяршыні кургана. Белы сокал сядзеў на жэрдцы, натапырыўшы пер'е, ціхі і безуважны, амаль мёртвы. Нешка сядала побач, падкурчыўшы пад сябе босыя ногі. Глядзела на дымы з людскіх ачагоў, слухала покліч халоднага жалеза ў кузнях.
— Яны ўсё бліжэй і бліжэй, рыцар.
— Бачу.
— А што будзе, калі...
— Кепска.
Нешка маўчала. На яе белай шчацэ з дробнаю цёмнаю радзімкай пад вокам танчыў сонечны зайчык. Вецер гуляўся з яе вышываным падолам, блытаў пасмы яе залацістых валасоў, і ёй даводзілася раз-пораз падымаць руку, цярпліва закладаць іх за маленькае ружовае вуха — завостранае, быццам лісток ліпы. Белы сокал не глядзеў на сялібы — не зводзіў вачэй з далягляду, дзе чарнела Пушча.
— Як думаеш, рыцар, ён... ну, той самы, ён вернецца?
Яна далікатнічала, не называла імя, пыталася шэптам. Я глядзеў на сумнага белага сокала, успамінаючы колішнюю князёўну, быццам выхапленую слупам серабрыстага святла.
— Не.
Я быў упэўнены, таму што ведаў: людзі з таго апошняга падарожжа не вяртаюцца. Нешка ўздыхала, абдымаючы тонкімі рукамі калені. Стаўры сядзеў каля яе, прыязна паглядаючы залатымі вачыма, дазваляючы гладзіць кудлатую поўсць на спіне.
— А калі б ты не забраў яе тады, рыцар?
Калі б не адгукнуўся на яе просьбу аб дапамозе, калі б не паслухаўся княжага загаду, калі б пакінуў яе там, з тым, у жудасным пакоі на самым версе каменнай вежы, у пакоі, поўным паху спаленага пер'я?
Пажыла б яшчэ між людзей — і навучылася б забываць, як яны, шчасліва і назаўжды, і боль бы згладзіўся, і памяць пра лебядзіныя крылы болей не трывожыла б, і нават сны пра гэта не сніліся б.
— Рыцар?
— ...не ведаю, панна.
Часам Нешка спявала — ціхім пяшчотным голасам, без слоў. Словы былі б лішнія, словы блыталіся і заміналі. Я, прысланіўшыся да цёплага каменя спінаю, слухаў, і Стаўры, падняўшы вушы, слухаў, і курганы слухалі таксама. Спеў плыў над дарогаю, над ракою і заміраў, заглушаны суровым голасам жалеза.
Спеў, спавіваючы, яднаў нас — і яшчэ яднала напружанае чаканне. Мы, не згаворваючыся, сачылі за дарогаю, сачылі прагна і неадрыўна.
Чакалі.
І адным цёплым восеньскім днём, калі хвалявалася пад мядовым ветрам мора верасоў, а пульхныя аблокі наліваліся барвовым золатам ад агністага захаду, я зноў пабачыў на дарозе вершніка.
— Рыцар, — шапнула Нешка. — Гэта ж.
— Вершнік, — сказаў я. — Так.
Ён не збочыў да бярозавага гаю.
Не павярнуў да пераправы, да саламяных дахаў, да ахоўнага агню.
Я ўнутрана напяўся, але стаяў, як і раней, у ценю каменя, трымаючы руку на карку Стаўры. Апошні, хоць і падхапіўся з месца і з цікаўнасцю прынюхваўся да новага госця, не бурчаў і не гыркаў.
Тым часам госць спешыўся, прывязаў каня — шэрага ў яблыкі — да старога карчака, і нетаропка крочыў па сцежцы да курганоў. Тыя людзі, што прамінаюць Курганова Поле па бальшаку, намагаюцца праехаць як хутчэй, не прыпыняючыся, нават не паварочваючы галавы. Пастухі, якія шукаюць у ваколіцы згубленых авечак, прамінаючы, абавязкова хапаюцца за свае талісманы, шэпчуць малітвы і шматкроць сплёўваюць цераз плячо.
А гэты аглядаўся цікаўна і жыва, круціў галавой ва ўсе бакі і нават нешта легкадумна насвістваў.
Зараз я мог яго добра разгледзець — і са здзіўленнем пазнаваў у новым госці старога. Тыя ж светлыя валасы, адпушчаныя да плеч, той жа светлы твар з бровамі ўразлёт і капрызлівымі вуснамі, хіба што болей усмешлівы і. так, маладзейшы. Яшчэ хада змянілася — гэты ішоў лягчэй, амаль бязважка, не зважаючы на чары ці, можа, проста не заўважаючы іх.
Мяча пры ім не было. Ні мяча, ні шчыта, ні кальчугі. Зусім ніякай зброі, ніякай брані. І адзенне дарожнае, дыхтоўнае, але без дарагой вышыўкі ці ўпрыгожанняў, запыленае, заношанае, боты грубыя, цяжкія. Затое за спінаю з'явіўся скураны горб, які весела дзынкаў на кожным кроку.