А тых, што бачаць над сабою
Сякеру, молат і куюць
Кайданы новыя. Заб’юць,
Зарэжуць вас, душазабойцы,
Ды з той крывавае крыніцы
Сабак напояць.
А дзе той
Лукавы госць яе нядаўны?
Хоць бы прыйшоў, даў вестку ёй
Ды глянуў бы на шлюб праслаўны,
На шлюб акрадзены. Не чуць
Ані яго, ані месіі,
А людзі ждуць чагось і ждуць,
Чагось няпэўнага. Марыя!
Не маеш долі ты. Чаго,
Чаго чакаць табе ад бога
І ад людзей яго? Нічога,
Як ад апостала таго.
Не, не чакай. Цясляр убогі
Цябе, вянчаную, вядзе
Ў сваю жабрачую хаціну.
Маліся, дзякуй, што не кінуў,
Цябе ў дарозе не прагнаў,
А то б цаглінаю забілі,—
Як бы цябе ён ні хаваў.
Ў Ерусаліме гаварылі
Паціху людзі, што сцялі
У горадзе Тыверыядзе
Ці то кагосьці распялі,
Што чуткі сеяў аб месіі.
— Яго,— падумала Марыя
I весяленькая пайшла
У Назарэт. I ён святлее,
Што наймічка яго нясла
Пад сэрцам праведную душу
Распятага за волю мужа.
Вось так яны ўдваіх ідуць.
Прыйшлі дадому і жывуць
Павенчаныя без турботы.
Цясляр за новаю работай —
Калыску ладзіць, а яна
Сядзіць сабе каля акна,
Глядзіць у поле ўсё ды шые
Кашульку тую з палатна —
Каму яшчэ?
— Гаспадар дома? —
З двара пачулася.— Указ
Ад кесара, яго самога.
Каб вы сягоння, ў гэты ж час,
Для перапісу ў горад,
У горад Віфліем ішлі.—
I знік, замоўк той грозны голас,
I ціша стала, як была.
Марыя цеста замясіла,
Каб хоць праснак спячы. Спякла,
I ў торбу моўчкі палажыла,
Ды са старым сваім пайшла
У Віфліем.— Святая сіла!
Выбаў мяне, мой божа мілы.
Толькі й казала. Зноў ідуць
I цяжкі сум нясуць абое.
Убогія, яны з сабою
Казу з казлятачкам вядуць,
Бо дома не на кага кінуць,
А можа, бог дасць і радзіны,
Дык вось і будзе малако
Той беднай мацеры. Скаціна
Ідзе і жывіцца. Радком.
Ідуць вось гэтак бацька, матка.
I між сабой яны украдкам
Гамоняць ціха. Сімеон
Протапрэсвітэр,— Ёсіф мовіў,—
Прарочае такое слова
Сказаў мне, што святы закон
I Аўраама і Майсея
Адновяць мужы і асеі.
I ён яшчэ угледзіць сам
Месію, што прыходзіць к нам!
Ці чуеш ты, мая Марыя?
Месія прыйдзе! — Ён прыйшоў,
I мы ўжо бачылі месію! —
Яна азвалася.
Знайшоў
Праснак зачэрсцвелы, убогі
I кажа Ёсіф: «З’еш, нябога,
Пакуль што будзе там яно.
Да Віфліема не блізенька;
I я спачыну заадно».
I селі на шляху згадненька
Палуднаваць. Вось так сядзяць,
А сонца яснае хуценька
Дадолу коціцца. Глядзяць —
Схавалася. Сцямнела ў полі.
I дзіва дзіўнае! Школі
Ніхто не бачыў, не чуваў
Такога дзіва. Задрыжаў
Святы цясляр. Мятла з усходу
Над Віфліемам — знак народу —
Шырокай пасмаю зайшла[232]
I дзіўным бляскам заіграла.
Марыя з шляху не ўставала —
Марыя сына прывяла,
Адзіную тую дзяціну,
Што нам збавенне прынясла.
I, найсвяцейшая, нявіннай
За грэх наш кары прыняла.
Непадалёку, ўскрай дарогі,
Авечак гналі пастухі
I іх пабачылі. Нябогу,
Матку з дзіцёнкам узялі,
Ў сваю пячору прыняслі
I грамадой усёй убогай
Эмануіл[233] імя далі.
Да ўсходу сонца, рана-рана,
У Віфліеме на майдане
Зышоўся люд і шапаціць,
Што пэўна штосьці з людзьмі будзе
У Іудзеі. Гамоніць,
I моўкне люд.— О людзі! людзі!
Хтось з пастухоў бяжыць, крычыць.
Прароцтва ўжо Іерэмія,
Ісаія збылось, збылось!
У нас, у пастыраў, месія
Радзіўся ўчора.— Загуло
У Віфліеме на майдане:
— Месія! Іісус! Асанна[234]! —
I люд расходзіўся.
I ўраз
З Ерусаліма пад той час
Прыслаў загад цар Ірад люты.
I штось нябачана, нячута
На свеце сталася тады.
Яшчэ ў пялёнках дзеткі спалі,
Купель ім грэлі мацяры,
Намарна грэлі! Не купалі
Маленькіх дзетачак сваіх!
Нажы салдаты спаласкалі
Ў дзіцячай праведнай крыві!
Дык вось яно што ў свеце сталась!
Глядзіце ж вы, о мацяры!
Што робяць Ірады-цары!
вернуться
Мятла... шырокай пасмаю зайшла...— камета.
вернуться
Эмануіл (старажытнаяўр.) — «З намі бог».