1859
С.-Пецярбург
***
Дзяўчыначка-чарнаброўка
Несла з склепа піва.
А я глянуў, падзівіўся...
Ды аж пахіліўся...
Каму яна піва носіць?
Чаму босай ходзіць?
Божа моцны! Твая сіла
Ды табе ж і шкодзіць.
1860
С.П.Б.
***
Ненасытным вачам,
Багаяўным царам,
Ім — плугі, караблі,
I даброты зямлі,
I псалмы-пахвалы —
Ім, драбнюткім багам.
А зямлі мудрацам,
Працавітым рукам
Пералогі араць,
Думаць, сеяць і жаць,
Прывілей не чакаць
Працавітым рукам.
З добрым сэрцам усім
Ціхалюбцам-святым,
Ойча неба й зямлі! —
Даўгалецця ты ім
Дай, на свеце ж на тым
Рай нябесны пашлі.
Што ні ёсць тут — не нам.
А багам — тым царам!
Ім — плугі, караблі
I даброты зямлі,
Нам жа, любая, нам —
Нам любоў між людзьмі.
1860
С.П.Б.
ГІМН МАНАШАК
Грымні, гром, над гэтым домам,
Па-над божым, дзе памром мы,
Цябе ж, божа, зневажаем,
Зневажаючы, спяваем:
Алілуя[245]!
Каб не ты, дык мы б любілі,
Кахаліся б, вянчаліся б,
Ды дзетачак гадавалі,
Навучалі б ды спявалі:
Алілуя!
Абдурыў ты нас няшчасных,
Мы ж, абкрадзены дачасна,
Самі цябе абдурылі
I прарэзліва завылі:
Алілуя!
Ты ў манашкі пастрыгаеш,
Маладзіцы мы, ты знаеш...
То танцуем, то спяваем,
Спяваючы, прымаўляем:
Алілуя!
1860
С.-Пецярбург
***
Свеце ясны! Свеце ціхі!
Свеце вольны, неспавіты!
За што ж цябе, свеце-браце,
Ў сваёй добрай, цёплай хаце
Закулі, замуравалі
(Прасвятога ашукалі),
Баграніцамі закрылі
I распяццямі дабілі?
Не дабілі! Схамяніся!
Ды над намі засвяціся,
Засвяціся!.. Будзем, браце,
З баграніц анучы драці,
З кадзіл люлькі прыпаляці,
Яўленымі печ паліці[246],
А крапідлам будзем, браце,
Ў новай хаце вымятаці!
1860
С.-Пецярбург
***
I Архімед і Галілей
Віна й не бачылі. Ялей
Пацёк у чэрава манаху!
А вы, пазбаўленыя страху,
Па свеце першыя пайшлі
I крошкі хлеба паняслі
Царам убогім. Будзе біта
Царамі сеянае жыта!
А людзі ўзыдуць. Прыйдзе мор
На царанят да іх зачацця...
I на абноўленай зямлі
Не будзе злыдняў рознай масці,
А будзе сын, і будзе маці,
I будуць людзі на зямлі.