Выбрать главу

Т. Шаўчэнку багата што радніла з Беларуссю. Яму давялося неаднаразова бываць на нашай зямлі, спазнаць жыццё яе народа, прыгнечанага, як і ўкраінскі, царызмам, самадзяржаўна-прыгонніцкім ладам. Менавіта адсюль, з гэтай першай, падкрэслім, краіны на шляхах сваіх будучых вандровак, вынес паэт жывыя ўражанні, назіранні, якія знайшлі затым такое дакладнае і яскравае адлюстраванне ў яго творах («Кацярына», «Капітанша», «Музыкант» і інш.).

Першы раз Шаўчэнка апынуўся на беларускай зямлі ў 1829 годзе, калі ў складзе чэлядзі П. В. Энгельгарта ехаў у Вільню, дзе яго гаспадар служыў ад’ютантам у віленскага вайсковага губернатара. Праязджаючы праз беларускія гарады Лоеў, Гомель, Жлобін, Бабруйск, Мінск, Маладзечна, Ашмяны, праз шматлікія вёскі, панскі казачок Тарас на працягу амаль двух тыдняў у час прыпынкаў, начлегаў на пастаялых дварах меў магчымасць знаёміцца з жыццём беларускага народа, чуць яго мову, слухаць песні. Усё гэта глыбока западала ў душу юнака, абуджаючы ў ёй спачуванне абяздоленым і нянавісць да іх крыўдзіцеляў.

Сустрэчы і рознага роду сувязі дапытлівага хлопца-ўкраінца з беларусамі былі магчымы і ў час яго двухгадовага пражывання ў Вільні, населенай тады, як вядома, людзьмі самых розных нацыянальнасцей. Не выключаюцца, у прыватнасці, яго кантакты з беларусамі-студэнтамі Віленскага універсітэта, грамадскі радыкалізм якіх мог сказацца на фарміраванні ідэйнага светапогляду будучага паэта.

Праз многія вёскі паўночнай Віцебшчыны давялося прайсці Тарасу і ў 1831 годзе, калі ён разам з іншымі дваровымі на працягу чатырох месяцаў пехатой, этапным шляхам дабіраўся з Вільні ў Пецярбург. Яшчэ раз непасрэдна сутыкнуўся ён з жыццём народа гэтай «заўсёды галоднай» краіны, краіны «нараканняў і плачу». Юнак, як піша Колас у артыкуле «Шаўчэнка і беларуская паэзія», услухоўваецца ў гутарку, у расказы, у песні і думы народа, у якіх так моцна гучыць адвечнае гора і нянавісць да паноў і чыноўнікаў. Яго маладое чулае сэрца, у якім злучыліся мільёны сэрцаў вялікага працоўнага народа, прагна ўбірае ў сябе гэта гора і нянавісць, гэтыя мары і надзеі народа, як убірае высушаная сухавеем зямля жыватворчую вільгаць навальнічных дажджоў».

Слушнай з’яўляецца выказаная Коласам думка пра ўплыў «беларускіх» уражанняў на фарміраванне светапогляду Шаўчэнкі, яго эстэтычных ідэалаў. «Так накопліваецца яго жыццёвы вопыт, так ствараецца крыніца яго чаруючай, своеасаблівай паэзіі, неадлучна злітай з паэзіяй народа. Гэтым назіраннем народнага гора, гнёту і бяспраўя, пратэсту і нянавісці да прыгнятальнікаў азначаецца асноўны тон і характар яго паэзіі».

Мае пад сабой падставу і меркаванне, што ў час знаходжання ў Беларусі Шаўчэнка шмат чаго даведаўся пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года, памяць пра якую была яшчэ свежай на беларускай зямлі. Адсюль, відаць, бярэ вытокі яго захапленне героямі гэтай вайны — М. Кутузавым, генералам Я. Кульнёвым, атаманам М. Платавым, партрэты якіх ён капіраваў з бытуючых сярод народа лубачных карцін.

З фальклорам і пісьмовай літаратурай беларусаў Т. Шаўчэнка пазнаёміўся бліжэй у канцы 30-х гадоў. Па сведчанні Р. Зямкевіча, які ў сваю чаргу спасылаецца на неадшуканы дагэтуль ліст В. Рэута да мінскага паэта і бібліёграфа I. Легатовіча, украінскі паэт у 1839 г. зблізіўся з пецярбургскім гуртком літаратараў, які ўзначальваў беларускі паэт Ян Баршчэўскі. Ад іх, у прыватнасці ад Рамуальда Падбярэскага, пачуў Шаўчэнка беларускія народныя песні, якія яму вельмі спадабаліся, як і «Энеіда навыварат», даведаўся пра мастацкія творы беларускіх аўтараў, якія крыху крытыкаваў, «кажучы, што ў іх мала чыста народнага элементу». Тым не менш, паводле Р. Зямкевіча, украінскі паэт «заахвочваў беларусаў, каб не пакідалі сваёй працы для народа, бо гэта іх павіннасць, а праца іх, нягледзячы на цяжкія варункі, не прападзе дарэмна і сляды гэтай працы застануцца».

У 1843 годзе Шаўчэнку давялося яшчэ раз наведаць Беларусь. Атрымаўшы дазвол на паездку на радзіму, ён, ужо вольны чалавек, вядомы паэт, аўтар «Кабзара», разам з сваім сябрам украінскім літаратарам Яўгенам Грабёнкам у другой палавіне мая Беларускім трактам праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Чачэрск, Гомель прыехаў на Украіну, дзе знаходзіўся да лютага 1844 г. У астатні раз Шаўчэнка бачыў Беларусь праз акно жандарскай карэты, якая тым жа Беларускім трактам у красавіку 1847 г. спешна пад узмоцненым канвоем везла арыштаванага паэта з Кіева ў Пецярбург. Якія ўражанні вынес ён ад гэтых, такіх не падобных адна на адну, паездак, якія малюнкі выносіла наверх яго памяць у гады ссылкі, калі ствараліся многія аўтабіяграфічныя вершы, рускія аповесці, пісаліся лісты да сяброў? Дакладна ўстанавіць гэта, відаць, ужо немагчыма. Бясспрэчна адно: знаёмства з Беларуссю і яе народам пакінула глыбокі след у свядомасці ўкраінскага Кабзара, садзейнічала фарміраванню яго як рэвалюцыйнага дэмакрата, абаронцы інтарэсаў прыгнечанага працоўнага люду.