Выбрать главу

Імя ўкраінскага Кабзара шырока выкарыстоўвалася прыхільнікамі беларускага нацыянальнага руху ў барацьбе супраць шматлікіх «ворагаў беларушчыны», якім не па душы было друкаванае беларускае слова, стварэнне мастацкай літаратуры на сваёй роднай мове, з’яўленне «беларускіх Шаўчэнкаў», як называлі яны маладых беларускіх пісьменнікаў.

Крылаты выраз Т. Шаўчэнкі «I чужому научайтесь, й свого не цурайтесь» выкарыстаў у якасці назвы свайго артыкула Л. Гмырак, выступаючы ў ім як за сваю родную мову, так і за шчырую павагу да мовы і культуры іншых народаў. «Бацькам украінскай свабоды», які «роднага слова ў сябе не глушыў», назваў Шаўчэнку Я. Купала, аддаючы яму вялікую пашану найперш за тое, што ён

Дух збудзіў свайму народу       Сваім гучным словам, Навучыў любіць свабоду,       Родны край і мову.
(«Памяці Шаўчэнкі»)

Вялікадзяржаўныя шавіністы і мясцовыя русіфікатары, не спыняючыся перад любымі фальсіфікацыямі, паклёпнічалі на ўкраінскага паэта, вінавацілі яго ў нібыта варожым стаўленні да рускага народа. Маладая ж беларуская літаратура бачыла ў Шаўчэнку свайго аднадумца, ідэйнага правадыра, яго магутнае слова натхняла беларускіх пісьменнікаў на высакародную справу барацьбы за праўду і свабоду для ўсіх прыгнечаных людзей.

Маюцца ўсе падставы гаварыць не толькі пра ўплывы, уздзеянне Т. Шаўчэнкі на творчасць асобных беларускіх пісьменнікаў, але і разглядаць гэтую праблему больш шырока, весці размову пра жыватворныя шаўчэнкаўскія традыцыі ў беларускай літаратуры пачатку XX ст., пра паглыбленне і развіццё іх у новых гістарычных абставінах, пра тыя магутныя сустрэчныя патокі, што вырываліся з нетраў нацыянальнага жыцця, з глыбінь сваёй уласна беларускай культуры.

Песня славутага Кабзара, па словах Купалы, на «кобзах людскіх душ» разносілася па свеце «на поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца», «вольна-расхадзіста» плыла яна «ад краю да краю», не ведаючы перашкод, і «чэсць» гэтай песні аддавалі ўсе, «хто праўды не здрадзіў жывой». Тарасова «слоўца» «не раз далятала» і да братоў-суседзяў, знаходзячы «водгалас пачэсне ў сэрцы беларускім». Яно даходзіла да нас у арыгінале («мы слухалі ўцешна, што бае сусед»), яго імкнуліся данесці да свайго народа сродкамі роднай мовы беларускія паэты.

Першыя пераклады твораў Т. Шаўчэнкі на беларускую мову былі зроблены Янкам Купалам, і датуюцца яны 1905— 1907 гг. Гэта — змешчаныя ў зборніку «Жалейка» вершы «Думка» («Нашто чорныя мне бровы»), «За думаю дума роем вылятае...» (у арыгінале «Гоголю»), а таксама «Пажоўкнуў ліст... Прыгаслі вочы» (у арыгінале «Минають дні, минають ночі»), апублікаваны пазней, у 1930 г. Пераклады Купалы былі паспяховай спробай перадачы сродкамі беларускай мовы твораў украінскага паэта, яны, як зазначыў С. Александровіч, «паклалі пачатак больш глыбокаму знаёмству беларускага чытача з паэзіяй вялікага Кабзара».

Услед за Купалам да творчасці Т. Шаўчэнкі звярнуліся і іншыя беларускія паэты. У 1910 г. «Наша ніва» друкавала ўрывак з Шаўчэнкавага паслання «I мёртвым, і жывым...» у перакладзе А. Гурло і верш «Думка (Цячэ вада ў сіне мора)» у перакладзе Хв. Чарнышэвіча. У 1911 годзе ў віленскім выдавецтве «Палачанін» выйшла паэма Т. Шаўчэнкі «Кацярына». Гэты пераклад Хв. Чарнышэвіча, адрэдагаваны Я. Купалам, быў першым асобным выданнем твораў Т. Шаўчэнкі на беларускай мове. У 1914 г. да 100-годдзя ўкраінскага паэта часопіс «Лучынка» змясціў верш «Мінаюць дні, мінаюць ночы» ў перакладзе А. Паўловіча.

Наступныя пераклады твораў Шаўчэнкі паявіліся ў 1918 годзе. Газета «Вольная Беларусь» у трэцім нумары апублікавала ўрывак з паэмы «Каўказ» у перакладзе А. Г. і ў нумары дваццатым — дваццаць першым вершы «Запаведзь», «Разрытая магіла» і «Мне адналькова ўсё...». Варта адзначыць, што падбор твораў з пункту гледжання іх праблематыкі, сацыяльнай завостранасці робіць гонар газеце. У цяжкі час, калі большая частка Беларусі была акупіравана немцамі, калі разгаралася барацьба за панаванне над Беларуссю розных палітычных сіл, асаблівае гучанне набывалі і гнеўны антыкаланіяльны пафас Шаўчэнкавага «Каўказу», і адкрыта рэвалюцыйная скіраванасць «Запаведзі», і шчырая заклапочанасць аўтара лёсам роднай Украіны ў «Разрытай магіле» і «казематаўскім» вершы «Мне адналькова ўсё...».

У 20-я гады перакладаў Т. Шаўчэнкі на беларускую мову не было, хаця творчасць украінскага паэта па-ранейшаму прыцягвала ўвагу нашых літаратараў. Беларускія пісьменнікі жыва цікавіліся ёю ў час сваіх паездак у братнюю рэспубліку, пра ўплыў шаўчэнкаўскіх традыцый на беларускую літаратуру, у тым ліку і савецкую, нямала пісалася тады ў беларускім і ўкраінскім перыядычным друку.