Ускладненне грамадска-палітычных абставін у краіне к канцу 20-х гадоў адмоўна адбілася і на беларуска-ўкраінскіх літаратурных узаемаадносінах. Групаўшчына ў крытыцы, тэндэнцыйнае вышукванне ў пісьменнікаў ідэйных памылак, нацыяналістычных ухілаў, а затым і выкрыццё «ворагаў народа» ў пісьменніцкім асяроддзі прыводзіла да таго, што пра беларускую і ўкраінскую дакастрычніцкую літаратуры, нават нацыянальную класіку, гаварылася больш у негатыўным плане, нібыта пра з’явы зусім чужога нам мінулага.
Светлае імя Тараса Шаўчэнкі, якога здаўна «бацькам» ахрысціла памятна Украйна» (Я. Купала), настойліва выцяснялася з літаратурнага ўжытку, а яго неўміручыя ідэі аб праўдзівай дружбе народаў у «сям’і вольнай, новай» знаходзілі самыя адвольныя вытлумачэнні. У такой грамадскай атмасферы праходзіла святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Т. Шаўчэнкі на Украіне.
У Беларусі Шаўчэнкава свята таксама вылілася ў пустое словаслоўе. Варта паглядзець хаця б зборнік «У вянок Т. Г. Шаўчэнку» (1939), артыкулы ў тагачаснай перыёдыцы, уважліва прачытаць паэму Я. Купалы «Тарасова доля», прынамсі, яе заключную частку, каб пераканацца ў гэтым.
Да юбілею Шаўчэнкі ў нашай рэспубліцы была прынята пастанова аб выданні яго паэтычнай спадчыны ў перакладзе на беларускую мову. Гэтую справу арганізацыйна узначаліў Я. Купала, які разам з Я. Коласам быў і рэдактарам выдання. Над перакладамі працавалі, апрача Купалы і Коласа, фактычна амаль усе беларускія паэты, што заставаліся яшчэ ў той час у літаратуры: К. Крапіва, П. Броўка, А. Куляшоў, П. Глебка, 3. Бядуля.
Для Я. Купалы праца над перакладамі твораў Т. Шаўчэнкі пачалася значна раней. Ужо ў 1933 г. у «Полымі рэвалюцыі» быў надрукаваны ягоны пераклад паэмы «Сон». Затым у наступныя гады публікаваліся ў перыёдыцы пераклады вершаў «Запаведзь», «Свет мой ясны! Свет спакойны», «Думка (Цяжка жыць на свеце)», «Думка (Вецер буйны)», «На вечну памяць Катлярэўскаму», «Човен (Вецер з гаем размаўляе)», паэма «Таполя», балада «Заварожаная» («Причинна») і інш.
Купалам было перакладзена для «Кабзара» звыш 30 твораў Шаўчэнкі, у тым ліку паэмы «Кацярына», «Гайдамакі», «Сон», «Каўказ». Значная частка перакладаў была зроблена Я. Коласам («Ерэтык», «Сава», «Мар’яна-чарніца», «Сляпы», «Неафіты», «Марыя» і інш.), А. Куляшовым, П. Броўкам.
Праца над паэзіяй Т. Шаўчэнкі, па прызнанню саміх перакладчыкаў, была для іх крыніцай творчага натхнення, вялікай школай удасканалення паэтычнага майстэрства. «Работа над перакладамі «Кабзара»,— адзначаў у дакладзе на юбілейным пленуме праўлення СП СССР у Кіеве Я. Колас,— яшчэ больш зблізіла нашых паэтаў з творчасцю Шаўчэнкі. Уся магутнасць і глыбіня яго паэзіі, дзівоснае багацце фарбаў і гукаў адкрыліся нам у гэтай рабоце ў працэсе пераадолення тых часамі вялікіх цяжкасцей, з якімі звязана перадача вершаў Шаўчэнкі на беларускую мову, нягледзячы на блізкасць украінскай і беларускай моў. Мы імкнуліся даць пераклад, блізкі да арыгінала, захаваўшы ўсе асаблівасці паэтычных прыёмаў, паэтычную прастату і яснасць, музыку і напеўнасць шаўчэнкаўскай паэзіі. Мы ўважна і многа працавалі, пераадольваючы ўсе цяжкасці перакладу, маючы на ўвазе даць сапраўднага Шаўчэнку на беларускай мове». Гэта ж падкрэсліваў у сваім выступленні на пленуме Я. Купала: «На нашай беларускай зямлі Тарасава песня гучыць на поўны голас. Нашы паэты вучацца на яе ўзорах, любяць яе і шануюць. Яны далі нашаму народу мажлівасць пазнаць яе сілу і красу на беларускай мове».
Выхад «Кабзара» Т. Шаўчэнкі на беларускай мове з’явіўся важнай падзеяй у беларуска-ўкраінскім культурным яднанні. У 1952 г. «Кабзар» быў перавыдадзены. Выходзілі таксама асобнымі выданнямі на беларускай мове паэмы Шаўчэнкі «Наймічка» (1940), «Кацярына» (1946), «Выбраныя творы» (1941), «Выбраныя вершы і паэмы» (1948), у юбілейныя даты публікаваліся новыя беларускія пераклады вершаў паэта. Палымянае слова ўкраінскага Кабзара не перастае хваляваць сэрцы беларускіх чытачоў, знаходзіць у іх жывы водгук. Таму і цікавасць да яго ўсё ўзрастае.
Разам з тым у самой творчасці ўкраінскага паэта шмат што ўспрымаецца ўжо сёння па-іншаму, адкрываюцца ўсё новыя яе якасці, новыя аспекты, якія дапамагаюць глыбей асэнсаваць некаторыя актуальныя праблемы нашага сучаснага жыцця. У прыватнасці, праблемы гісторыі народа, гістарычнай памяці, нацыянальнай культуры, мовы і інш. Зрэшты, і цяперашні стан перакладчыцкага майстэрства вымагае новага, больш уважлівага падыходу да твораў гэтага выдатнага майстра слова.