I зараз нудна, як згадаю
З гадзіннікам гатычны дом[172],
Сяло абдзёртае кругом,
I шапачку мужык здымае,
Як сцяг пабачыць. Значыць, пан
Са світаю ў сябе гуляе.
О гэты кормлены кабан.
О гэты лодар! Шчыры пан,
Патомак гетмана дурнога[173],
І самы люты патрыёт,
I хрысціянін шчэ да тога!
У Кіеў ездзіць кожны год,
У світцы ходзіць між панамі,
I п’е гарэлку з мужыкамі,
I вальнадумствуе ў шынку —
Ён тут увесь, хоць надрукуй!
Яшчэ ў сяле сваім дзяўчатак
Перабірае, падзяржыць
Ў год байструкоў сваіх з дзесятак,
Калі іх вынесуць хрысціць,—
I гэта ўсё... Кругом паскуда!
Чаму ж яго не так завуць?
Чаму ў аблічча не плююць?
Чаму не топчуць?! Людзі, людзі!
За шмат гнілое каўбасы
У вас хоць матку папрасі,
Дык аддасцё. Не жаль на злога,
На п’янага Пятра крывога,
А жаль вялікі на людзей,
На тых юродзівых дзяцей!
Кос-Арал
1848
Г. З.[174]
Гарчэй няма, чым у няволі
Пра волю ўспамінаць. А я
Ізноўку, волечка мая,
Цябе прыгадваю. Ніколі
Больш не здавалася ты мне
Такой прыгожа-маладою
I чараўнічаю такою,
Як тут, у дальняй старане,
Дый шчэ ў няволі. Доля! Доля!
Мая праспеваная воля!
Хоць глянь на момант з-за Дняпра,
Хоць усміхніся з-за...
I ты, мая адзіная,
Устаеш з-за мора,
3-за туману, слухмяная,
Ружовая зора!
I ты, мая адзіная,
Вядзеш за сабою
Леты мае маладыя,
I перада мною,
Нібы мора, выступаюць
Шырокія сёлы
З вішнёвымі садочкамі
I народ вясёлы.
Тыя людзі, сяло тое,
Дзе мяне вітаці,
Быццам брата, ішлі. Маці!
Старэнькая маці!
Ці збіраюцца й дагэтуль
Вясёлыя госці
Пагуляці у старое,
Пагуляці проста,
Па-даўняму, па-старому,
З вечара да ранку?
А вы, мае маладыя
Чорныя смуглянкі,
Вясёлыя дзяўчатачкі,
I дасюль у старое
Танцуеце? А ты, доля?
А ты, мой спакою?
Маё свята-чарнаброўка,
I дасюль у старое
Ціха, пышна пахаджаеш?
I тымі вачыма,
Аж чорна-блакітнымі,
I дасюль кранаеш
Душы хлопцаў? Ці й дагэтуль
Марна паглядаюць
На стан гнуткі? Свята маё!
Адзінае свята!
Як абступяць цябе, доля,
Д зетачкі-дзяўчаты,
Зашчабечуць па своему
Добраму звычаю,—
I мяне мо ненарокам
Дзетачкі згадаюць;
I пра мяне мо якая
Скажа хоць бы ліха.
Усміхніся, маё сэрца,
Ціхенечка-ціха,
Каб ніхто і не пабачыў...
I болей нічога.
А я, долечка, ў няволі
Памалюся богу.
Кос-Арал
1848
***
Калі б мы стрэліся нанова,
Ці ты спужалася б, ці не?
Якое б ціхае ты слова
Знянацку вымавіла мне?
Ніякага. I не пазнала б.
А можа, потым прыгадала б,
Сказаўшы: — Трызнілася ў сне.
А я б табе, мая ты ружа,
Мая ты доля, рад быў дужа!
Пабачыўшы, я б прыгадаў
Вясёлае ды маладое
Былое ліханька ліхое,
I зарыдаў бы, зарыдаў —
Ад горкіх дум, што не праўдзівым,
А сном спадманным адышло,
Слязьмі-вадою прэч сплыло
Святое колішняе дзіва!
Кос-Арал
1848
ПРАРОК
Нібыта праведных дзяцей,
Бог, любячы сваіх людзей,
Паслаў ім на зямлю прарока,
Каб любасць ім апавясціць,
Святому розуму вучыць.
Нібыта наш Дняпро шырокі,
Святыя словы пацяклі,
I ў сэрца падалі глыбока,
I там, нібы агнём, пяклі
Благія душы. Палюбілі
Прарока людзі, скрозь хадзілі
За ім і слёзы ўсё лілі.
А после?.. Людзі, род лукавы,
Гасподнюю святую славу
Растлілі... I чужым багам
Ахвяры блуднікі палілі,
Свайго святога... Гора вам!
На плошчы каменем пабілі
I захадзіліся гуляць,
Святою кроўю шынкаваць.
I праведна гасподзь вялікі,
На вас на лютых, на вас дзікіх,
Кайданы загадаў каваць,
З камення турмы мураваць,
Замест — о люты род, хлуслівы —
Прарока з сэрцам літасцівым,
Цара вам загадаў абраць.
вернуться
173
Патомак гетмана дурнога... П. Скарападскі быў нашчадкам гетмана Івана Скарападскага, які зусім не адзначаўся здольнасцямі дзяржаўнага дзеяча.
вернуться
174
Г. 3. — Ганна Закрэўская, жонка памешчыка П. О. Закрэўскага, з Палтаўшчыны. Шаўчэнка напісаў маслам партрэты Закрэўскіх.
Сучасныя шаўчэнказнаўцы з імем Закрэўскай звязваюць і верш «Калі б мы стрэліся нанова».