Кос-Арал
1848
***
Палюбілася я,
Павянчалася я
З нешчаслівым сіратою —
Бо то доля мая!
Злыя людзі ўзялі
Яго з роднай зямлі
I павезлі да прыёму —
У салдаты здалі!
I салдаткаю я,
Адзінокаю я
Старэюся ў чужой хаце —
Бо то доля мая!
Кос-Арал
1848
***
Парадзіла мяне маці
У высокіх у палацах,
Шоўкам спавіла.
У золата, аксаміты,
Нібы кветка, апавіта,
Расла я, расла.
I вырасла я высокай,
Чарнабровай, каравокай —
Белаліцая.
Убогага палюбіла,
Маці замуж не пусціла —
Засталася я
У высокіх у палацах
Дзеўкай век свой векаваці.
Нядоля мая!
Адзінокая дзяўчынка,
Адзінока, як былінка,
Старэюся я.
Не спяваю, не смяюся,
Ні да кога не хінуся
З вясны да вясны...
А цябе, даруй мне маці,
Буду цябе праклінаці
Да самай труны.
Кос-Арал
1848
***
Ой навастру таварыша,
Засуну ў халяву,
Пайду шукаць тую праўду
I громкую славу.
Ой, пайду я не лугамі
I не берагамі,
А пайду я не шляхамі,
А па-над шляхамі;
Ды спытаю ў гандляра я,
Ў багатага пана,
У шляхціца паганага
Ў паганым жупане,
I ў манаха, як трапіцца,—
Няхай не гуляе,
Слова божае чытае,
Людзей навучае,
Каб брат брата не рэзалі
Ды не абкрадалі,
Ды ў салдаты сына ўдоўкі
Каб не аддавалі.
Кос-Арал
1848
***
Па вуліцы вецер вее
Ды снег замятае,
Па вуліцы пападтынню
Удава дыбае
Пад царкву, прасцерла рукі,
Просячы спагады
У тых самых, у багатых,
Што сына ў салдаты
Пазалетась пагалілі.
А жыць меркавала...
Хоць на старасць у нявесткі
Адпачыць жадала.
Але марна!.. Вымаліла
Капейку жанчына —
Ды прачыстай паставіла
Свечачку за сына.
Кос-Арал 1848
С.-Пецярбург (?) 1858
***
Кукавала зязюлечка
У зялёным гаі,
Заплакала дзяўчыначка,
Што мужа не мае.
Дзявочыя маладыя
Вясёлыя леты,
Нібы кветкі за вадою,
Сплываюць са свету.
Як бы былі бацька-маці
Ды жылі ў багацці,
Было б каму палюбіці,
Было б каму ўзяці.
А то няма, сіратою
Вось так і загіну,
Век дзяўчынай у самоце
Дзе-небудзь пад тынам.
Кос-Арал
1848
***
Ой не п’юцца мёд і піва,
Не п’ецца вада,
З чумаком у чыстым полі
Сталася бяда.
Баліць яму галовачка
I жывот баліць,
Упаў чумак каля воза,
Упаў і ляжыць.
З праславутае Адэсы
Завезлі чуму,
Пакінулі таварышы,—
Горачка яму!
Валы яго каля воза
Панура стаяць,
Крумкачы са стэпу з крыкам
Да яго ляцяць.
— Не махайце, крумкачы, вы
Шызымі крыламі,
Ды не клюйце труп чумацкі —
Падохнеце самі.
Ой, ляціце, крумкачыкі,
Развінайце крыллі,
Да татачкі ды скажыце,
Каб службу служылі
Ды псалтыр у час абедні
Хай па мне чытаюць,
А дзяўчыне так скажыце —
Няхай не чакае.
Кос-Арал
1848
***
Як у той у Кацярыны
Хата на памосце,
Са слаўнага Запарожжа
Наехалі госці.
Адзін Сямён Босы,
Другі Іван Голы,
Трэці ўдовіч-казачэнька
Іван Ярашэнка.
«Аб’ездзілі Польшчу
I ўсю Украіну,
Не сустрэлі нідзе гэткай,
Як ты, Кацярына».
Адзін кажа: «Браце,
Меў бы я багацце,
То аддаў бы ўсё золата
Гэтай Кацярыне
За адну гадзіну».
Другі кажа: «Дружа,
Калі б я быў дужы,
То аддаў бы я ўсю сілу
За адну гадзіну
Гэтай Кацярыне».
Трэці кажа: «Дзеці,
Няма таго ў свеце,
Чаго б я зрабіць не меціў
Для гэтае Кацярыны
За адну гадзіну».